У чэмпiёнкi Еўрагульняў насычанае жыццё: вандруе з мужам-дальнабоем, моцна схуднела, у Расii ўзяла гарантаваны медаль
Паспела патрэнiраваць i дзяцей, i зборную.
Марына Слуцкая – тытулаваная беларуская дзюдаістка, якая завяршыла кар’еру пасля Алімпійскіх гульняў уТокіа. Але летам 2024-га экс-спартсменка нечакана зноў стала ўдзельнiкам спаборнiцтваў – атрымалася вельмi дзiўна. Але i акрамя гэтага цiкавых падзей у жыццi Слуцкай хапае. Раскажам пра яе падрабязней.
Атрымала пралёт мiма Алiмпiяды
Марына Слуцкая нарадзiлася 9 лiпеня 1991 года, вырасла ў раёне трактарнага заводу ў Мiнску. У дзяцiнстве мела разнастайныя iнтарэсы – напрыклад, грала на фартэпіяна i спявала ў хоры. Па ўспамінах Слуцкай, яна, можа быць, пазаймалася б музыкай больш, але яе бацька не сказаў, што не будзе цягнуць фартэпіяна на пяты паверх.
У школе дзяўчыну невялiкага росту дражнiлi за паўнату «слуцкім мясакамбінатам». Ды i са спортам не складвалася – выганялі з басейна, матываваўшы весам, і з настольнага тэніса, дзе ў яе не атрымлівалася «мячык гэты набіць». Усё змянілася ў 7-м класе, калі ў школу прыйшлі набіраць групу па вольнай барацьбе. Слуцкая, якая хацела мець адказ на злыя жарты аднакласнiкаў, пайшла ў новы для сябе вiд. Але i тут аказалася, што з такiм весам не возьмуць – затое прапанавалi перайсцi ў дзюдо. Дзяўчыне спачатку здавалася, што гэта не яе, але потым стала атрымлiваць задавальненне – у тым лiку ад таго, што там прымалi такой, якая ёсць. Бацькі былі не ў захапленні ад такога выбару, асабліва калі ў Слуцкай, якая буквальна выбiла сабе месца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, знiзiлicя адзнакi. Але дзюдаiстка стала рабiць урокi ў грамадскiм транспарце па дарозе да трэнiровак i з iх – ды выправiлася.
Маладая дзюдаістка даволі хутка стала дамінаваць на ўнутранай арэне – спачатку сярод юніёраў, узяўшы i некалькi медалёў ЧЕ, а затым і сярод дарослых. У 2013-м спартсменка стала трэцяй на Універсіядзе, потым дабiвалася адзiнкавых, але поспехаў на Кубку свету. I была стоадсоткавай прэтэндэнткай на ўдзел у АГ-2016. Але калi для квалiфiкацыi засталося набраць 40 пунктаў, а гэта лiтаральна адна-дзве выйграныя схваткi, Слуцкай арганiзавалi пралёт – абвiнавацiлi ў «невыкананнi трэнерскіх установак» i перасталi заяўляць на патрэбныя спаборнiцтвы. Так спартсменка засталася без АГ – не разумела, чаму з ёй так абышлiся, шмат плакала ды хацела завяршыць кар’еру.
Аднак асяроддзе ўгаварыла працягваць – Слуцкая засталася i ўзяла ўсе галоўныя медалi: была чэмпiёнкай Гран-пры i турнiра «Вялiкага шлему» ад сусветнай федэрацыi, у 2017-м узяла золата ЧЕ, а ў 2019-м перамагла на мiнcкiх Еўрагульнях. У красавiку 2021-га спартсменка стала трэцяй на ЧЕ ды неўзабаве ўсё ж паехала на сваю першую Алiмпiяду. Надзея на медалi была, але ў сваёй другой схватцы Слуцкая саступiла Хан Міджын з Паўднёвай Карэі, атрымаўшы пры гэтым траўму рукі.
У той час ужо моцна хварэў бацька дзяўчыны. У 2020-м ён рэзка пачаў худнець, з’явілiся кашаль і тэмпература, якая не збівалася, але да дактароў мужчына iсцi адмаўляўся. У вынiку аднойчы яго павезлi на хуткай, i справа аказалася горш за кавiд – рак бронхаў трэцяй стадыі. Дактары адразу далi найгоршы прагноз. Да восені 2021-га ў бацькі Слуцкай узнiклi метастазы ў пазваночніку і адмовілі ногі, а ў снежні 2021-га, за некалькі гадзін да адлёту спартсменкі ў Парыж, дзе тая збіралася выступіць на апошніх для сябе спаборніцтвах, мужчына памёр. Паездка была адмененая, а напрыканцы снежня Слуцкая афіцыйна аб'явіла, што завяршае кар’еру – напicала, што «цяпер ужо ўсё будзе інакш: больш не выйду на татамі як спартсменка, не змагу папрасіць тату затапіць лазню».
Вярнулася дзеля расiйскага «адказу АГ» – прайграла больш, чым выйграла, але атрымала медаль
Пасля дзюдаістка сканцэнтравалася на трэнерскай рабоце з дзецьмі, якую пачала яшчэ спартсменкай. У свой час яна разам з сяброўкай Рэгінай Шатроўскай і калегам Аляксандрам Сцяшэнкам адкрыла клуб «Тыгр». Ён працягвае працаваць, аднак застаўся ў ім толькі Сцяшэнка. Слуцкая i Шатроўскай сталi развіваць iншы клуб – «Голд».
У студзені 2022-га былую спартсменку прызначылі на пасаду старэйшага трэнера зборнай Беларусi па дзюдо. Пасля гэтага часу на працу з дзецьмі ў яе амаль не заставалася. Гэта Слуцкай не падабалася, як i то, што было мала часу на сям’ю. Таму ў канцы 2023-га спартсменка сышла са зборнай, зноў пераключыўшыся на клуб. Але i сёння 33-х гадовая Слуцкая застаецца членам атэстацыйнай камісіі беларускай федэрацыі дзюдо.
Аднак летам 2024-га дзюдаістка, якая раней распавядала, што перапынак у 1,5 гады для дзюдо – гэта прорва, вярнулася на спаборнiцтвы – калi канкрэтна, то на «Гульнi БРIКС». Iх рабiлi ў Расii як «адказ Алiмпiядзе». Атрымаўся пшык – краiны з нулём удзельнiкаў i падстаўная «зборная Калумбii» дапаўнялiся шэрагам спаборнiцтваў з колькасцю ўдзельнiкаў, якая была меншая цi роўная колькасцi медалёў. У адным з такiх i паўдзельнiчала Слуцкая – i то было не дзюдо, а барацьба на паясах. Там было чатыры медалi (з двума бронзамi) ды чатыры ўдзельнiцы, якiх паставiлi змагацца па кругавой сiстэме. Так Слуцкая – дзве прайграла, апошнюю выйграла. Але, нагадаем, нават калi б прайграла ўсе тры, таксама б атрымала бронзу.
Вандруе ў кабiне фуры, за стырном якой муж
Са сваім будучым мужам Аляксеем Слуцкая пазнаёмілася на сайце знаёмстваў – пара нейкі час перапісвалася, а затым вырашыла сустрэцца. Узаемная сiмпатыя ад гэтага толькi ўзрасла. Адносiны развiвалiся, i праз год Слуцкая пачула прапанову – гэта адбылося ў «Стайках», дзе спартсменка была на зборах. «Усё жыццё там і прапанова там», – жартуючы, казала яна.
Да вяселля Слуцкая захацела схуднець. Пасля АГ у Токіа яна важыла 110 кілаграмаў, ад чаго яе браў жах. Далей была праца з псіхолагам і дыетолагам. У вынiку жанчына дасягнула сваёй мэты i да моманту вяселля важыла 79 кг, што яе задавальняла.
Муж Слуцкай – кiроўца фуры, працаваў па ўсёй Еўразii. Як ужо згадвалася, жонка пайшла са зборнай Беларусi, каб больш часу праводзiць з мужам. Але i гэтага ёй аказалася мала. Летам 2024-га, ужо пасля нягеглага «медаля», Слуцкая ўзяла ды i паехала разам з мужам у яго чарговы рэйс. З такога незвычайнага падарожжа яна выкладвала відэазамалёўкі ў свае сацсеткі.
Але на вiдэа Слуцкую можна пабачыць не толькi ў iнтэрнэце. Напрыклад, у красавiку 2024-га з ёй вышла вялiкае iнтэрв’ю на дзяржТБ у рамках праекту фармата «пытанняў з залы». Так экс-дзюдаiстка стала ў адзiн шэраг з, у прыватнасцi, галоўным карнiкам рэжыму ў жнiўнi 2020-га Юрыем Караевым – ён таксама быў удзельнiкам такога iнтэрв’ю.