Юнакі з Германii раздраконілі беларусаў, што па складах і лагічна – але ў АБФФ дзяўбуць пра «барацьбу» і «ўпартасць» (хаця ёсць вiдэа)
Наконт «прыгожых галоў» усё ж такі перадумалі.
Гэтымі днямі зборная Беларусі U-17 гуляе першы этап кваліфікацыі на Еўра па сваім узросце. Каманда патрапіла ў групу з Чэхіяй, Германiяй і Андорай – квартэт гуляе ў адзін круг, усе матчы кампактна праходзяць у Германii.
9 кастрычніка беларуская каманда гуляла з чэхамі – і атрымала разгром 0:3. Але пасляматчавыя каментарыі футбалістаў выглядалі так, як быццам параза была хаця б мінімальнай. Напрыклад, Ягор Снапкоў заявіў, што яго зборная «выглядала не горш» за чэшскую і «білася і змагалася да апошняга», а Прохар Шарамет запэўніў, што беларускую каманду проста «падвяла рэалізацыя», а яшчэ паскардзіўся на «мокрае і глейкае поле» і падзякаваў «заўзятарам на трыбунах» (АБФФ, якая публікавала каментарыi, не стала хаваць, што маюцца на ўвазе бацькі маладых футбалістаў).
Галоўны трэнер зборнай Валерый Апанас заклікаў падапечных «забыцца на гэтую гульню» і казаў, што яны «ў матчы супраць немцаў павінны даказаць: беларусы могуць гуляць». Сустрэча прайшла 12 кастрычніка – і, мякка кажучы, аргументаў каманда Апанаса прывяла мала. Так, на 39-й хвіліне пасля гола Беларусі лік стаў 1:1, а на 56-й каманда скараціла адставанне да 2:3. Але потым папросту развалілася: немцы забілі яшчэ пяць неўзаемных мячоў.
Увогуле нічога дзіўнага ў такім выніку няма. У беларускую браму забівалі:
• двойчы Александэр Штаф – форвард так добра сябе паказвае, што ў 16 гадоў гуляе ўжо за U-19 «Айнтрахта» (шостая каманда Бундэслігі-2023/24) і паспеў забіць пяць разоў за сем сустрэч юніёрскага першынства ў Германii;
• двойчы Ленарт Карл – паўабаронца з каманды U-17 гранда нямецкага футбола «Баварыі», за якую проста рве: 17 галоў і 8 асістаў за ўсяго дзевяць матчаў першынства;
• Давід Крэца – форвард, ураджэнец Румыніі з гэтага сезона ў камандзе U-17 «Хофенхайма» (сёмае месца Бундэслігі-2023/24), за восем матчаў забіў сем разоў;
• Сальваторэ Муле – левы вінгер з каманды U-17 «Штутгарта» (сярэбранага прызёра мінулай Бундэслігі), там мае 9+7 у дзевяці сустрэчах;
• Ерэмія Менса - паўабаронца з U-17 чэмпіёнскага «Баера», 2+3 за сем матчаў гэтага сезона плюс удзел у Юнацкай лізе УЕФА (аналаг ЛЧ) за каманду U-19;
• Морыц Гётліхер – паўабаронца з U-17 «Баварыі», 10 асістаў за 9 матчаў унутранага першынства.
З беларускага боку восем мячоў атрымаў варатар Аляксандр Аляксандровіч – да лета ён гуляў за каманду U-16 мінскага «Дынама» ў ЧБ, а далей у АБФФ няма яго статыстыкі да цяперашняга турніру зборных. У абароне гулялі Сцяпан Жыгімонт з каманды U-17 тых жа «бела-блакітных», а таксама згаданы Шарамет і капітан зборнай Арцём Палуянаў – абодва з каманды акадэміі АБФФ U-18, якая таксама гуляе ў ЧБ сярод аднагодкаў. Адтуль жа аўтар першага гола ў вароты немцаў Максім Сакута. Другі мяч правёў Артур Заблоцкі – ён у мінскім «Дынама» U-18 вызначыўся сем разоў за тры сустрэчы адпаведнага ЧБ. І наогул не «Дынама» ці акадэмію з тых, хто выходзіў на поле, прадстаўлялі толькі двое – 12 хвілін у канцоўцы атрымаў Захар Драчоў, які гуляе за дубль «Мінска» у Д3, а ў аснове выйшаў Ян Прыёмка з каманды U-17 варшаўскай «Палоніі».
Паражэнне 2:8 – здавалася б, як на гэта рэагаваць? У сацсетках АБФФ знайшоўся вельмі арыгінальны адказ. Аказалася, што прайшоў «прыгожы матч, які парадаваў прыгожымі галамі», проста «двух мячоў аказалася недастаткова, каб адолець немцаў» (хоць тут і васьмі не хапіла б). Таксама камандзе падзякавалі за «упартасць і барацьбу да фінальнага свістка» – хоць апошнія чатыры мячы былі прапушчаныя за апошнія 16 хвілін. Заадно да паста ў Instagram закрылі каментарыi.
Праз невялікі час у федэрацыі, мабыць, падумалі яшчэ раз – і змянілі тэкст, заадно вярнуўшы магчымасць каментаваць. Зрэшты, там застаўся пасыл пра «барацьбу», якi не сыходзiцца з рэальнасцю.
Ды і ў подпісы да фота з матча працягнулі настойваць, што была «бескампрамісная барацьба і самааддача».
З гэтым не сыходзіцца нават каментарый Апанаса. «50 хвілін матча мы згулялі добра. Чаму астатнi час аддалі суперніку – будзем разбірацца. Пасля чацвёртага мяча [немцаў] усё зламалася, цалкам згубілася структура, паміж лініямі ўзнiклi разрывы», – заявіў трэнер. Плюс можна паглядзець відэа апошніх мячоў зборнай Германіі – паспрабуйце знайсці «бескампрамісную барацьбу» (адзнака 4:04).
Што ж, хаця б выдалiлi сцвярджэнне пра «прыгожыя галы». Сама ж АБФФ выклала відэа першага з іх – нямецкі брамнік проста выпусціў мяч з рук пасля нескладанага штрафнога, а Сакута дабіў. Гэтыя дзеянні вельмі складана назваць прыгажосцю.
У выніку Беларусь страціла шанцы на праход далей – туды шлях толькі дзвюм лiдарам групы.
Зрэшты, вясной 2025-га беларускую каманду чакаюць матчы «лігі Б» – яны будуць уплываць на становішча ў адборы будучай зборнай U-19, якой гэтыя ж гульцы павінны стаць да адбору на адпаведнае Еўра-2026. Але пакуль ёсць лакальная задача – абыграць Андору. Паглядзім, ці справiцца зборная з гэтым.