Яшчэ адна нагода захапляцца «Рэалам» – тое, як была сабрана гэтая каманда
Сціплыя грошы па еўрапейскіх мерках.
Перад чарговым Эль Класіка ў легендарнага Рывалду спыталі, які з клубаў сёння выглядае лепш за ўсё. Бразілец адказаў: «У Мадрыда ёсць шмат грошай, ён падпісвае вельмі дарагіх гульцоў, «Барселона» робіць стаўку на дамарослых футбалістаў, і калі даходзіць да такога дэрбі, фаварытаў няма». Бразілец, які выступаў за «блаўгранас» некалькі дзесяцігоддзяў таму, крыху прыхлусіў у адных са сваіх сказаў. Канешне, у першым.
«Рэал» стварыў гэтую каманду, выдаткаваўшы дастаткова сціплыя сродкі за апошнія пяць гадоў. Ды і наогул – тое, як мадрыдскі клуб працуе на трансферным рынку ў плане скаўтынгу, заслугоўвае высокай пахвалы.
У нулявых здавалася, што для таго каб атрымаць каманду, якая будзе выйграваць і ў чэмпіянаце, і ў Лізе чэмпіёнаў, тры прадстаўнікі якой будуць мець рэальныя шанцы на «Залаты мяч» (а адзін з іх і атрымае яго), неабходна выкласці вельмі, вельмі шмат мільёнаў. Але разумны падыход кіраўніцтва першай паловы гэтага дзесяцігоддзя даказвае адваротнае. Ёсць і іншыя спосабы.
Больш ніякіх спантанных пакупак – мадрыдцы на 39-м месцы па выдатках за апошнія пяць сезонаў
Сезон 2019/20 на сёння з'яўляецца апошнім, калі кіраўніцтва «Рэала» раскідвалася грашыма на трансферным рынку. Улетку таго года яно выклалі 327 млн еўра за пецярых навічкоў, а зімой дадала яшчэ 30, што на адлегласці зрабіла Мадрыд лідарам у спісе клубаў, якія выдаткавалі больш за ўсіх.
Спіс падпісанняў можа вызваць змешаныя пачуцці не толькі ў фанатаў мадрыдскай каманды:
Эдэн Азар – 121 млн еўра
Лука Йовіч – 63 млн еўра
Эдэр Мілітаа – 50 млн еўра
Ферлан Мендзі – 48 млн еўра
Радрыга – 45 млн еўра
Рэйньер – 30 млн еўра
З усімі трансферамі клуба летам 2019 года можна азнаёміцца ў раздзеле «Трансферы» ў профілі мадрыдскай каманды
Удалымі падпісаннямі ў выніку можна лічыць хіба што Мілітаа і Радрыга, па ўсіх астатніх пытанні.
У тым сезоне «Рэал» выйграў чэмпіянат, але ў Кубку і Лізе чэмпіёнаў выбыў задоўга да фінальнага матчу – у чвэрцьфінале і 1/8. Як тут не зрабіць выснову, што трэба змяняць падыходы да фармавання ростэра і працы на трансферным рынку.
Пачынаючы з сезона 2020/21, мадрыдскі клуб перастаў рабіць непрадуманыя пакупкі. Максімальная сума, якую ён траціў, – 138 млн еўра мінулым летам, большасць з якіх пайшло на падпісанне Джуда Белінгема.
У астатнім жа вельмі сціплыя паказнікі, часам нават па-за топ-50 па выдатках па ўсёй Еўропе, а па сумарных выдатках за пяць сезонаў мадрыдцы займаюць толькі 39-е месца.
Для параўнання – «Барселона», якая, па словах Рывалду, «робіць стаўку на дамарослых футбалістаў», выдаткавала 440 млн еўра за такі ж перыяд (20-е месца ў Еўропе).
Не, вядома ж, нельга паспрачацца, што ў каталонскім клубе куды больш актыўна прыцягваюць да асновы гульцоў акадэміі, чым у «Рэале», аднак лічбы сведчаць, што босы «блаўгранас» відавочна робяць стаўку не толькі на выхаванцаў.
Разгледзець будучых топаў ў юным узросце і пераканаць вольных агентаў выбіраць менавіта іх – галоўныя суперсілы «Рэала»
Амаль увесь склад каманды ўзору 2024 года можна падзяліць на некалькі катэгорый.
Куплялі на перспектыву
Эдуарда Камавінга – 31 млн еўра
Арда Гюлер – 20 млн еўра
Браім Дыяс – 17 млн еўра
Андрэй Лунін – 8,5 млн еўра
Федэрыка Вальвердэ – 5 млн еўра
Фран Гарсія – 5 млн еўра
Некаторыя з гэтых гульцоў ужо прыносяць карысць – хтосьці цягне серыю пенальці супраць «Манчэстэр Сіці» у Лізе чэмпіёнаў, хтосьці з'яўляецца адным з найлепшых цэнтральных паўабаронцаў свету, хтосьці пакуль добра выходзіць з лаўкі запасных.
Цікавая гісторыя Франа Гарсіі – у 2021-м яго прадалі ў «Рая» за 2 млн еўра, але ў пагадненні прапісалі опцыю зваротнага выкупу (мадрыдцы часта робяць гэта) з правам на 50% ад сумы трансферу. У выніку летам мінулага года «Рэал» вярнуў гульца пасля цудоўнага сезона ў сціплым клубе ўсяго за 5 млн еўра.
Куплялі на перспектыву, але за значныя грошы
Арэльен Чуамэні – 80 млн еўра
Эдэр Мілітаа – 50 млн еўра
Эндрык – 47,5 млн еўра
Вінісіус Жуніяр – 45 млн еўра
Радрыга – 45 млн еўра
Старэйшым гульцом у гэтым спісе на момант падпісання быў Арэльен Чуамэні (22 гады). Магчыма, калі б скаўты мадрыдскага клуба крыху раней разгледзелі яго талент, то Перэс выклаў бы за яго прыкладна столькі, колькі за Віні ці Радрыга. Вялікую ролю ў падпісанні падобных талентаў, за якіх у юным узросце іх першыя клубы патрабавалі вялікія грошы, адыграў Хуні Калафат – скаўт клуба.
Увогуле ж ужо можна зрабіць выснову, што кожны з выдаткаваных на гэтую пяцёрку мільёнаў быў варты таго (акрамя Эндрыка – занадта мала часу прайшло, каб ацэньваць).
Падпісанне мінулай эпохі
Лука Модрыч – 35 млн еўра
Дані Себальос – 16,5 млн еўра
Дані Карвахаль – 6,5 млн еўра
Хесус Вальеха – 5 млн еўра
Лукас Васкес – 1 млн еўра
Што лічыць «мінулай эпохай»? Давайце возьмем за арыенцір часы, калі ў клубе была галоўная зорка мадрыдцаў у ХХІ стагоддзі – Крышціяну Раналду. Нехта з гэтага спісу правёў з партугальцам сотні матчаў, нехта ўсяго дзясяткі, аднак усе яны былі падпісаныя ў часы, калі кіраўніцтва клуба мела іншы падыход да вядзення трансферных спраў. Некаторыя з гэтых футбалістаў цяпер гуляюць ролю лідараў раздзявалкі, але ўсё яшчэ могуць прыносіць карысць і на полі.
Падпісвалі свабоднымі агентамі
Тры футбалісты, ацэначны кошт якіх на момант пераезду ў Мадрыд сумарна складаў 275 млн еўра. У хуткім часе ў гэтым спісе можа быць і Трэнт. Вядома, тут велізарную ролю гуляе брэнд, а таксама магчымасць плаціць высокія заробкі (хоць мадрыдцы і не першыя ў Еўропе па памеры зарплатнага фонду). «Рэал» на поўл-пазіцыі, калі гаворка ідзе пра веліч клуба ў перамовах з гульцамі, якія могуць свабодна выбіраць новую каманду.
Куплялі гульцоў у статусе суперзоркі
Джуд Белінгем – 113 млн еўра
Цібо Куртуа – 35 млн еўра
Джуд цалкам мог бы патрапіць і ў катэгорыю гульцоў, якіх куплялі на перспектыву, але за вялікія грошы, аднак улетку 2023 гада 20-гадовы на той момант англічанін ужо быў зоркай сусветнага маштабу, за якім ганяліся наймацнейшыя клубы Еўропы, у тым ліку «Сіці». З Цібо цікавая сітуацыя – 26-гадовага кіпера ў 2018-м падпісалі ўсяго за 35 млн еўра, хоць ацэньвалі па меншай меры ўдвая больш. А ўсё таму, што ў бельгійца заставаўся год па кантракце з «Чэлсі», каб атрымаць хоць нейкія грошы, лонданцы прынялі прапанову Мадрыда.
Калі скласці ўсе сумы, якія «Рэал» выдаткаваў на гульцоў складу гэтага сезона, і параўнаць іх з ацэначным коштам Transfermarkt, то атрымаецца, што сумарны ацэначны кошт удвая перасягае выдаткаваныя сродкі.
***
Якую выснову можна зрабіць з гэтага? «Рэал» цяпер мае тры галоўныя правілы на трансферным рынку:
✅ плаціць значныя сумы за перспектыўных гульцоў, калі на ўсе сто ёсць упэўненасць у таленце;
✅ калі трэба пачакаць, каб бясплатна падпісаць зорнага гульца – то чакаць;
✅ калі няма магчымасці падпісаць бясплатна, то за больш чым 100 млн еўра падпісваць толькі суперзорак, якія ужо склаліся, і якіх могуць перацягнуць іншыя канкурэнты ў барацьбе за тытул ЛЧ.
Больш ніякіх Ёвічаў. Сарвалася падпісанне цэнтральнага абаронцы за адэкватныя грошы? Карла павінен прыдумаць спосаб справіцца з сітуацыяй з наяўнымі гульцамі.
Адзінае, у чым хтосьці можа папракаць мадрыдскі клуб – адсутнасць значнага ўнёску ў поспех ад гульцоў акадэміі. Так, тут «Рэал» начыста прайграе свайму галоўнаму гістарычнаму суперніку. Аднак наўрад ці Фларэнціна Перэс вельмі хвалюецца праз гэта, падлічваючы штогадовыя прыбыткі.
Гэта не гайд для ўсіх клубаў Еўропы пад назвай «Як сабраць суперкаманду і выйграваць трафеі, не выдаткаваўшы вялікіх сум». Паглядзеўшы на спіс клубаў, якія патрацілі на трансферы больш за «Рэал» з сезона 2020/21, у ім можна ўбачыць «Вест Хэм», «Бенфіку», «Рэн» і нават «Лідс». Але гэта гайд для топ-клубаў – як можна сабраць суперкаманду і выйграваць трафеі, выкарыстоўваючы сваю гісторыю, брэнд, скаўтаў і ўменне весці перамовы.
Фота: «Рэал», PIOTR KUCZA/Global Look Press