Жаночыя маршы пасля выбараў ладзіла гарачая заўзятарка «Арсенала». Яе любімы гулец забіў свой соты мяч у вароты БАТЭ
Захапляецца Сабаленкай, любіць смелыя фоты.
Пра Марыну Ментусаву вы, верагодна, ужо нешта чулі або дзесьці яе бачылі. Сёння яна сувядоўца YouTube-канала «Звычайная раніца», а ў 2020-м менавіта была адной з галоўных арганізатарак маршаў жанчын у белым – то быў мірны і відовішчны пратэст супраць гвалту з боку лукашэнкаўскіх носьбітаў формы. А яшчэ Ментусава – апантаная футбольная заўзятарка. Яна з падлеткавага ўзросту падтрымлівае лонданскі «Арсенал». Зараз раскажам, ці ёсць тут сувязь з Аляксандрам Глебам.
Нарадзілася ў беднай сям'і
Дзяўчына нарадзілася ў Гомелі, але першыя дзесяцьгадоў пражыла ў Буда-Кашалёве. Там вучылася адразу ў трох школах – звычайнай, музычнай і царкоўнай. Сям'я яе жыла бедна, а выхаванне дзяўчыны на сябе ўзяла бабуля.
Пасля заканчэння школы Ментусава паступіла ва ўніверсітэт культуры, а атрымаўшы адукацыю культуролага, з’ехала ў Маскву. Там збудавала паспяховую кар’еру івэнт-менеджара – стала дырэктаркай у адной з агенцый.
У 2020-м Ментусава не засталася ў баку ад прававога бязмежжа, якое ўчынілі лукашысты ў Беларусі. Дзяўчына стала адной з арганізатарак жаночых маршаў у белым. Дзеля ўдзелу ў іх яна прыязджала ў Мінск, пакідаючы ў Маскве з мужам пяцімесячную дачку. У 2021 годзе за арганізацыю жаночых маршаў Ментусавай пагражала экстрадыцыя з Расіі ў Беларусь, таму яна з’ехала ў Еўропу.
У эміграцыі Ментусава займаецца рознымі праектамі. У 2021-м стварыла асветніцкі праект пра сексуальнае здароўе для падлеткаў, іх бацькоў і настаўнікаў Keks Prosvet. У 2022-м стала суаўтаркай кнігі «Сучасная энцыклапедыя для дзяўчынак», якая ў мінулым годзе выйшла накладам 10 000 экзэмпляраў. У 2023-м адкрыла школу жыццёва-важных навыкаў для падлеткаў Safe Skills School. Паводле Ментусавай, праект скіраваны на тое, каб дзеці лепей давалі рады праблемам і не станавіліся замкнутымі, недаверлівымі і трывожнымі. За гэты праект дзяўчына вясной 2024-га патрапіла ў рэйтынг Forbes «30 да 30».
Заўзятарка «Арсенала»
Ментусава актыўнічае ў медыяполі. Ужо некалькі месяцаў яна з’яўляецца сувядоўцай Канстанціна Каверына ў YouTube-шоў «Звычайная раніца», актыўна вядзе ўласныя сацыяльныя сеткі. А яшчэ нядаўна стала гераіняй чарговага выпуску на YouTube-канале «Честнок-Live», дзе распавяла Аляксандру Івуліну, што з’яўляецца даўняй прыхільніцай лонданскага «Арсенала».
Заўзее за кананіраў з дзяцінства – пасля таго, як у юным узросце паехала па чарнобыльскай праграме ў Германію і там яе вельмі ўразіла нямецкая сям’я, якая кожныя выхадныя збіралася перад тэлевізарам і заўзела за каманду Арсена Венгера. Івуліну ж Ментусава паказала калекцыю футболак «кананіраў», з жалем зазначыўшы, што ў ёй пакуль не хапае футболкі цяперашняга сезону і бардовай формы сезона 2005/06.
А яшчэ Ментусава распавяла, што яе былы муж жартаваў, што, маўляў, яна выбрала каманду, якая ёй увесь час разбівае сэрца. Таму мужчына зрабіў для дзяўчыны некалькі спецыяльных футболак «Арсенала», на заднім баку якіх лацінкай напісана «Разбітае сэрца». Адзначым, што Ментусава тройчы была замужам. Які менавіта былы муж падарыў ёй такія футболкі, не ўдакладнялася.
«Для мяне «Арсенал» – гэта вечнае разбітае сэрца. Ніводны мужчына не даводзіў мяне да слёз столькі разоў, як гэтая выдатная каманда. Але я іх пяшчотна люблю. Яны для мяне значна большыя, чым проста футбол», – сцвярджае Ментусава.
Мела яна і любімага гульца ў «Арсенале». І гэта не Аляксандр Глеб або Цьеры Анры.
«Тут жаночая прырода мяне падвяла. Аліўе Жыру. Мой сябар жартаваў пра Марыну Жыру, што гэта павінна некалі адбыцца. Але не».
За гульнёй Жыру Ментусавай пашчасціла назіраць жыўцом. У верасні 2017-га француз у складзе «Арсенала» прыязджаў у Барысаў на матч групавога этапу Лігі Еўропы і тады засмуціў Дзяніса Шчарбіцкага, рэалізаваўшы пенальці, а падапечныя Венгера забралі перамогу 4:2. Той мяч стаў для французскага нападніка сотым у складзе «кананіраў». Ментусава назірала за гульнёй з трыбун «Барысаў-Арэны» і аднесла паход на той матч да пераліку найлепшых момантаў у жыцці.
Як і многія фанаты «Арсенала», Ментусава зачакалася вялікага трафея ад «кананіраў». Але, на думку дзяўчыны, ён здарыцца ўсё ж раней, чым у Беларусі зменіцца ўлада:
«Нават нягледзячы на тое, што ў «Арсенале» жудасны менеджар, якога, мне здаецца, усе фанаты «Арсенала» не любяць... Але я ўсё роўна веру, што нават з гэтым жахлівым менеджэрам у іх больш шанцаў, чым у нас з нашым жудасным менеджэрам. Таму што наш жудасны менеджэр яшчэ і ###### [б'е] гульцоў сваіх, разумееш, забірае ў іх грошы, саджае ў турму».
Ментусава распавяла і пра сваё стаўленне да беларускага экс-гульца «Арсенала». За лаяльнасць рэжыму дзяўчына калі і асуджае Аляксандра Глеба, то не вельмі моцна, тлумачачы, што ёй таксама было цяжка рызыкаваць тым узроўнем жыцця, які яна мела да падзей 2020-га:
«Узровень, у якім я жыла там: дастатку, камфорту, і той узровень, у якім я жыву цяпер – гэта дзве проста такія вялізныя розніцы, што... Я павінна, спрабую яго аднавіць. Але я нават, мусіць, і 20 адсоткаў таго ўзроўню камфорту, у якім жыла, не магу дасягнуць ужо чацвёрты год у эміграцыі.
На пратэсты я з'язджала з двухпавярховага загараднага дома. [Ён быў] у лесе. У нас там нашыя хвоі стаялі. На пляцоўцы стаяла баскетбольныя кольца, экран, грыль, альтанкі. Прыватны кіроўца быў. Гэта было вельмі прывілеяванае жыццё...
Мы не можам залезці ў галаву іншага чалавека, каб разумець яго матывацыю. Я думаю, што, на жаль, грошы і ўлада – гэта тое, з чым цяжка вельмі шматлікім людзям змірыцца. Гэта тое, што вельмі моцна шмат людзей псуе. Гэта вялікае выпрабаванне.
Я сутыкнулася з гэтым на сотую працэнта. Тое, што ў мяне было ў Маскве... У мяне была спакуса застацца ў гэтых палацах, у гэтай усёй прыгажосці і раскошы і зрабіць выгляд, што не ўсё так адназначна. А колькі грошай было ў мяне і колькі грошай у Глеба? Гэта непараўнальныя паказнікі».
Сабаленка – прыклад амбіцыйнасці
У інтэрв'ю Івуліну Ментусава расказала і пра сваё стаўленне да Арыны Сабаленкі. Для дзяўчыны падпісантка за рэжым з'яўляецца прыкладам амбітнасці:
«Я нічога не магу з сабой зрабіць. Я ўсё роўна сімпатызую ўсім перамогам беларусаў і беларусак у свеце. Нават калі яны некаму не падабаюцца з апазіцыйна настроеных беларусаў. Ну, Арына Сабаленка. Гэта абсалютная амбітнасць для мяне. Першая ракетка свету на сёння. Гэта ж амбіцыі. Спорт для мяне – гэта амбіцыі. Я б хацела, каб было больш дзяўчынак у спорце з перамогамі, з медалямі.
Хтосьці яе называе суўдзельніцай рэжыму. Я ведаю, што шмат каму яна не падабаецца. Я яе ацэньваю цяпер толькі з пункту гледжання амбітнасці».
Любіць адкрытыя фота, але супраць аб’ектывізацыі
Ментусава любіць адкрытыя фота. Зусім нядаўна дзяўчына ў сваім твітары падзялілася асабістай гісторыяй, маўляў, з ёй разарваў адносіны мужчына праз тое, што яна посціць у сацыяльнай сетцы ягадзіцы. Івуліну яна расказала, як адно з такіх фота апынулася ў турме ў расійскага палітыка Іллі Яшына, зазначыўшы, што публікаваць голыя ягадзіцы – гэта яе права як свабоднай жанчыны.
«Фатаграфіі маёй дупы з’яўляліся ў Твітары двойчы. Абодва разы ў трусах. Дупа была ў трусах. Я як бы вольная жанчына, магу сабе дазваляць выкладваць усё што хачу. Усё роўна не буду будаваць ніколі палітычную кар’еру. Можна і фота дупы ў трусах даслаць у пацверджанне гэтаму.
І вось адзін чалавек, з якім мы знаёмыя, але з якім увогуле ні разу не сябры, які ў мяне нічога не пытаўся... У нас была перапіска ў інстаграме. І ён піша: «Я, дарэчы, гэтую фатаграфію Яшыну адправіў». Я кажу: «Яшчэ раз, ты адправіў фатаграфію маёй дупы Яшыну ў турму?» Ён кажа: «Так. Чалавеку там, ну, тыпа, сумна ж».
Тым не менш Ментусава актыўна выступае супраць сексуальнай аб’ектывізацыі жанчын, пра што паведамляла Івуліну, пагадзіўшыся скласці партрэт ідэальнай беларускі выключна па чалавечых якасцях, заўважыўшы, што гэта не аб’ектывізацыя і «галоўнае дупу не абмяркоўваць нічыю».