Tribuna/Футбол/Блогі/Яшчэ бацькі зорак белспорту: у Ганчарэнкі ліквідатар, Мядзведзю рабілі труну і ратавалі ад немцаў

Яшчэ бацькі зорак белспорту: у Ганчарэнкі ліквідатар, Мядзведзю рабілі труну і ратавалі ад немцаў

У Недасекава тата – стукач.

10 лістапада 2024, 17:00
Яшчэ бацькі зорак белспорту: у Ганчарэнкі ліквідатар, Мядзведзю рабілі труну і ратавалі ад немцаў

Другая частка нашага апавядання пра тых, хто дапамагаў выбітным беларускім спартоўцам рабіць першыя крокі.

Сяргей Гурэнка

Маці Гурэнкі была начальнікам аддзела на прадзільна-нітачным камбінаце ў Гродне, бацька – таксістам. Віталю Гурэнку нават трапляліся статусныя ў СССР пасажыры: спявачка Сафія Ратару, акцёр Міхаіл Пугаўкін. Калі хлопчыку было тры гады, бацька браў яго з сабой у таксі на змену.

Сям’я жыла ў прыватным сектары непадалёк ад стадыёна, дзе цяперашнi «Нёман» выступаў тады пад назвай «Хімік» у Д3 СССР. Тое, як гучна заўзелі за яе, – адно з галоўных дзіцячых успамінаў Гурэнкі.

У 1990-я, калі Гурэнка толькі пачынаў прафесійную кар’еру, яго бацькі на дваіх зараблялі крыху больш за 150 долараў. Таму вырашылi пайсцi ў прадпрымальнiкi: у Яраслаўль вазілі беларускія дываны, а ў Гродне адкрылi кропку на Паўднёвым рынку, дзе прадавалi тавары з Масквы.

Віктар Ганчарэнка

Галоўны трэнер «Ніжняга Ноўгарада» нарадзіўся ў маленькім мястэчку Хойнікі. Бацька Мiхаiл працаваў майстрам сельгастэхніцы, а маці – прадаўцом у прадуктовай краме. Па яе шляху пайшла потым дачка Людміла, якая старэйшая за свайго брата на год. Да футбола будучага гульца БАТЭ заахвоціў бацька, які вельмі любіў гэтую гульню і асабліва паўабаронцу мінскага «Дынама» Юрыя Пудышава.

Калі Ганчарэнку-малодшаму было восем гадоў, здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая знаходзілася ўсяго за 55 кіламетраў на поўдзень. 1 траўня, праз некалькі дзён пасля катастрофы, сын адправiўся разам з бацькам на першамайскую дэманстрацыю – хадзiлi чуткi, што ў Чарнобылi нешта здарылася, але афiцыйна нiбыта нiчога не адбылося. Праз некалькі дзён Віктара і яго аднакласнікаў вывезлі ў Віцебскую вобласць, а бацька накіраваўся ліквідаваць наступствы аварыі пад Прыпяццю. Мужчыну некалькі разоў даводзілася адпраўляцца ў зону непасрэднай блізкасці да рэактара.

Пасля вяртання дадому Міхаiл адмовiўся ад прапановы жонкi пераехаць. Праз некаторы час у мужчыны пачалi праяўляцца сiмптомы цыроза печанi – iншых прычын для гэтага, акрамя апрамянення, не было. Бацька Ганчарэнкi памёр праз сем гадоў пасля аварыi, не дажыўшы да таго, як яго кумiр Пудышаў ды сын разам працавалi ў БАТЭ. Віктар і кумір яго бацькі Пудышаў перасекліся ў барысаўскім БАТЭ.

Жонка Мiхаiла пасля яго смерці пераехала ў райцэнтр Кастрычніцкі. З цягам часу Ганчарэнка купіў мацi і сястры кватэру ў Бараўлянах пад Мiнскам. У ліпені 2020-га маці трэнера памерла.

Віталь, Дзмітрый, Руслан Лісаковічы

Браты пра бацькоў расказваць не любяць. Вядома, што мама даўно памерла, а бацька – рэцыдывiст, якi часцяком пападае за краты. Таму ў 2003-м будучыя футбалiсты з роднага Мінска перабраліся ва Узду да бабулі і дзядулі, якiя замянiлi бацькоў.

«Да гэтага часу не разумею, як маці і бацька маглі кінуць траіх дзяцей. Бацькі [для нас з братамi] – гэта бабуля і дзядуля. Гэта яны нас выхоўвалі з малых гадоў, паднімалі, падтрымлівалі», – распавядаў Віталь Лiсаковiч.

Да футбола братоў заахвоціў дзядуля Сяргей, які выступаў у аматарах. У лістападзе 2019-га мужчына памёр ва ўзросце 63 гадоў.

Павел Савіцкі

Бацька Паўла Алег Савіцкі таксама быў футбалістам – дэбютаваў за «Хімік» у 18 гадоў яшчэ ў савецкім Д3. З мамай Паўла Алай пазнаёміўся ў Лідзе, дзе гуляў за мясцовы «Абутнік» у пачатку 1990-х. Пасля кар’еры Савіцкі-старэйшы працаваў слесарам на «Гродна Азот» і працягваў бегаць за аматараў.

Павел Савіцкі

Павел вырас ужо ў Гродне, дзе правёў усё свядомае дзяцінства ў кватэры у старадаўнім двухпавярховым доме на вуліцы Даватара – хвiлiнах у дзесяцi пешшу ад стадыёна «Нёмана». У кватэры было ўсяго два пакоі: у адным туліліся Павел з бацькамі, у другім жыла яго прабабуля. У дзяцінстве хлопец вучыўся граць на баяне, але ў 12 гадоў сказаў маме, што яго жыццё – футбол, i музыку дазволiлi кiнуць. Таксама мацi пастаянна прыходзiла на матчы сына і вельмі ганарылася, калі ўжо ў 16 гадоў ён дэбютаваў у вышэйшай лізе за «Нёман».

Бацька у той час фактычна ўзяў на сябе функцыі менеджара сына – актыўна выказваўся пра яго i нiбыта нейкiя патэнцыйныя трансферы (хаця ў гульца былi агенты). А Савіцкі-малодшы браў сабе восьмы нумар, як у таты. Праўда, у аснове «Нёмана» лічба аказалася занятая, таму гулец перайшоў на 88-ы.

Аляксей і Ілля Протасы

Браты нарадзіліся ў Віцебску, дзе абодва і пачыналі займацца хакеем. Бацькi Уладзімір і Таццяна прафесійна спортам не займаліся, але захапляліся аматарскім: бацька гуляў у хакей, футбол і валейбол, а маці – у настольны і вялікі тэніс.

У хакей Аляксея прывяла мацi. Самым цяжкім рашэннем для яе было адпусціць старэйшага сына ў яго 14 год у Амерыку. А ў 2021-м дзеля развiцця кар’еры Іллі бацькі з iм пераехалi з Віцебска ў Мінск. Летам 2024-га мама асабіста назірала, як «Вашынгтон» абраў другога яе сына пад агульным 75-м нумарам на драфце – бацька з-за праблем з вiзай назiраў за працэсам з Вiцебска.

Аляксей і Ілля Протасы

Ягор Шаранговіч

Будучую зорку НХЛ у хакей прывялі бацькі. Ягор расказваў, што спачатку проста катаўся з імі, а затым яго вырашылі аддаць у хакей. Першая трэніроўка ў Ягора не задалася – на другую ён з плачам не хацеў iсцi. Але маці Таццяна ўсё роўна адправiла – i неўзабаве Шаранговiч уцягнуўся.

На пачатку кар’еры сыну дапамагаў бацька Аляксандр. Ён сам калiсьцi займаўся, а потым працаваў адміністратарам у спартыўнай школе «Раўбічы» – адказваў за хакейную форму, тачыў канькі.

«Першыя крагі [для сына] набылі ў парку Горкага, больш нідзе не прадавалі. Я займаўся рамонтам яго амуніцыі. Патрэбная была нейкая майка, чыста выпадкова нам прадалі маечку з лiчбай 17. З таго часу пайшоў гэты нумар», – распавядаў Шаранговіч-старэйшы.

Ягор Шаранговіч

У Шаранговіча вельмі цёплыя адносіны з бацькамі. Калі хакеіст вяртаецца ў Беларусь, ён стараецца як мага больш часу правесці з імі – хаця адзначае, што цяпер яны больш чакаюць сустрэчы з унукам Крысціянам. У студзені Шаранговіч аформіў хет-трык за «Калгары» супраць «Эдмантана» (6:2) і прысвяціў яго бацьку.

Кацярына Карстэн

Двухразовая алімпійская чэмпіёнка нарадзілася ў вёсцы Асечана Крупскага раёна Мінскай вобласці. У сям’і была шостым дзіцем. У дзяцінстве шмат дапамагала па гаспадарцы: калола дровы, нарыхтоўвала сена, капала бульбу, насіла цяжары.

Тата Анатоль працаваў ветэрынарам, а маці – у калгасным цялятніку. Дом у вёсцы бацькі Карстэн будавалі самі. У 2019-м спартсменка расказвала, што маці працягвае жыць у Асечана і, нягледзячы на ўзрост за 80 i перажыты інсульт, многае сама робiць па гаспадарцы – а бульбу капае хутчэй за дачку.

«Хоць я і самая малодшая, але вымахала нават вышэй за ўсіх братоў. Тату таксама перарасла, а мама ў мяне ўвогуле маленькая была. Так што хутчэй у бабулю, яна ў нас выдзялялася фізічнымі данымі», – казала экс-вяслярка.

Кацярына Карстэн

У 2021-м Карстэн расказвала пра лёс сваіх братоў і сясцёр: «Старэйшы два з паловай гады таму памёр. Другі брат працуе на будоўлі, сястра на пошце, іншая – вахцёр. Яшчэ адзін брат раней працаваў у вясковай школе па гаспадарчай частцы, пакуль часова неўладкаваны».

Іван Літвіновіч

Першыя спартыўныя крокі будучы двухразовы алімпійскі чэмпіён рабіў у акрабатыцы, трэніруючыся ў зале вілейскай СДЮШАР у сваёй мамы – майстра спорту СССР па спартыўнай акрабатыцы Таццяны Літвіновіч.

Іван Літвіновіч

Літвіновіч расказваў, што ўпершыню апынуўся ў зале ў два месяцы, калі яго туды з сабой узяла маці, бо ўжо выйшла на працу. «Пастаянна брала мяне з сабой на заняткі. Калі мне быў год, я навучыўся хадзіць і адначасова – скакаць на батуце. З пяці гадоў пачаў займацца акрабатыкай, скакаў на дарожцы», – у адным з інтэрв’ю распавядаў спартсмен.

Мяркуючы па расказах Лiтвiновiча, маці яго выхоўвала адна. А бацькам батутыст называе свайго першага трэнера – Пятра Зайцава, які вывеў яго на пэўны ўзровень і нароўні з мацi прывіў любоў да спорту.

Мацi таксама прывучыла Літвіновіча насіць трусы з чырвонай гумкай ад сурокаў. На думку спартсмена, гэта дапамагло яму заваяваць золата ў Токіа. Але той медаль ён прысвяціў бабулі.

Кацярына Сныціна

У баскетбалісткі інтэрнацыянальная сям’я: бацька Андрэй – беларус, маці родам з Казахстана. Бацькі пазнаёміліся на баскетбольнай пляцоўцы ў Кішынёве, куды абодва прыехалі вучыцца ва ўніверсітэт і паралельна гуляць у баскетбол. Дачка пары нарадзiлася ў Казахстане, але калi дзяўчынцы споўнілася два месяцы, сям’я пераехала ў Мінск. У дзяцінстве Каця яшчэ двойчы наведвала матчыну Радзiму.

Сям’я Сныцінай падтрымлівала яе на многіх матчах – на бронзавым для зборнай Беларусі ЧЕ-2007 былі ледзь не адзінымі заўзятарамі каманды на італьянскіх трыбунах. А яшчэ мама Сныцінай неяк выратавала сабаку дачкі, на самалёце даставіўшы жывёліну да добрага лекара. Як кажа баскетбалістка, сям’я да гэтага часу падтрымлівае яе ва ўсіх пачынаннях, а маме яна нярэдка тэлефануе яшчэ і па кулiнарныя кансультацыі. Таксама маці падтрымала дачку, калі тая восенню мінулага года здзейсніла камінг-аўт.

Алена Леўчанка

Яе бацькі ездзiлi працаваць на будоўлі ў Манголію, але потым вярнуліся ў Гомель, дзе i нарадзілася Алена. Яе маці Людміла па адукацыі бухгалтар, часта працавала адразу ў некалькіх месцах, перад пенсiяй была выкладчыцай ва ўніверсітэце. Бацька Сцяпан – кранаўшчык, часта з’яжджаў у Расію на заробкі. Ён падтрымлiваў будучую баскетбалістку ў яе захапленнi спортам, бо сам займаўся валейболам, i заўсёды прыходзіў на гульні. А вось мацi спачатку ставілася не вельмi і настойвала на вучобе і занятках музыкай.

У 2020-м бацькам давялося перажыць арышт дачкi на 15 сутак – бацька адвозiў баскетбалiстку ў аэрапорт, дзе стаў сведкам яе затрымання. Калi Леўчанку ўсё ж выпусцiлi, кранальныя фота яе сустрэчы з мацi абляцелi медыя.

Алена Леўчанка

Максім Недасекаў

Бацькі бронзавага медаліста гульняў у Токіа і фаната Лукашэнкі ажанiлiся ў 21 год. Пазнаёмiлiся ў лёгкай атлетыцы: бацька Юрый спецыялізаваўся ў бар’ерным бегу, мама Ніна – у скачках у даўжыню. Абодва сталі майстрамі спорту.

У дзяцінстве Максім спрабаваў сябе ў плаваннi ды боксе – у апошнiм хлопчык хацеў застацца, але ў трэцім класе бацькі «перацягнулі ў лёгкую атлетыку», якая яму «шчыра не падабалася». Займацца скачкамі ў вышыню Максім пачаў у Сяргея Кахненкі – трэнера, які працаваў з яго бацькамi.

Максім Недасекаў

У апошнія гады бацькі Недасекава працягваюць працаваць у спорце ў Вiцебску: бацька – на кафедры фізвыхавання ў ветэрынарнай акадэміі, маці – намеснікам дырэктара ў цэнтры алімпійскага рэзерву. Абодва бацькі – актыўныя прыхільнікі Лукашэнкі. Ліст за рэжым яны падпісалі ў першыя дні, як гэта стала магчыма. Таксама Юрый 14 жніўня 2020 года патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што ў Віцебску па вуліцы ідзе натоўп моладзі ў бок Маскоўскага праспекта.

Ганна Гуськова

У Гуськовай вельмі спартыўная сям’я. Яе дзядуля Іван родам з расiйскай Арлоўшчыны, шматразовы чэмпіён РСФСР па лёгкай атлетыцы. Ён вучыўся і працаваў у Мінску і Гомелі, быў адкамандзіраваны ў Якуцк, а потым разам з жонкай вярнуўся на Радзіму. Яго сын Андрэй, бацька будучай алімпійскай чэмпіёнкі, у маладосці займаўся веславаннем, а затым працаваў трэнерам у гэтым відзе спорту. Мацi Гуськовай Алена захаплялася мастацкай гімнастыкай.

Дзяўчынка нарадзілася раней за тэрмін – на шостым месяцы. З-за гэтага ў яе былі праблемы са здароўем і нават спынялася сэрца. Тым не менш Гуськова з юных гадоў займалася спортам – спачатку была ў гiмнастыцы, а потым бацька настаяў на пераходзе ў фрыстайл. Там дзяўчынку пачаў трэніраваць бацька Дзмітрыя Дашчынскага Уладзімір, які разгледзеў талент у дзіцяці.

Бацька Гуськовай пастаянна асабіста вадзіў дачку на трэніроўкі i марыў пра яе тытулы. Але да галоўных не дажыў – памёр у 2013-м ва ўзросце 51 года.

«Ён памёр нечакана, калі я была на зборах, таму нават не паспела развітацца з ім. Тата заўсёды быў вельмі дарагім для мяне чалавекам, я часта ўспамінаю яго. І з кожным годам разумею, якое гэта шчасце, калі твае блізкія побач», – дзялілася Гуськова.

На момант смерцi мужа маці Гуськовай працавала ў мінскім ГУМе. Праз некаторы час яна сышлася з iншым мужчынам па iменi Ігар Падгайскі. Ён расказваў, што выхоўваў Гуськову як родную, а яшчэ спадзяваўся, што перамога падчаркi на АГ-2018 дапаможа вырашыць кватэрнае пытанне: тады яны ўтраiх жылі ў адным пакоі ў двухпакаёвай кватэры, дзе другi пакой займала цётка Гуськовай з мужам.

Аляксандр Мядзведзь

Трохразовы алімпійскі чэмпіён нарадзіўся ў горадзе Белая Царква ва Украіне. А жыў у лесе – таму што бацька Васіль быў ляснічым. Маці ж працавала ў калгасе.

Аляксандр Мядзведзь

У дзяцінстве жыццё Мядзведзя некалькі разоў вісела на валаску. Пры родах пупавіна абматалася вакол горла, і немаўля ледзь не задыхнулася. У два гады, застаўшыся без нагляду, будучы барэц наеўся няспелых вішань і захварэў на дызентэрыю – усе вакол казалi, што гэта смерць, бацька зрабiў для сына труну i паклiкаў святара для адпявання, але хлопчык выжыў. А калi мясцовасць у час Другой сусветнай занялi немцы, то пасялiлiся i ў доме Мядзведзяў – ды хлопчык неяк скраў у аднаго з фашыстаў пiсталет. За гэта ўсю сям’ю пагражалi растраляць, а хлопчык гэтага не разумеў i не прызнаваўся. Але мацi здагадалася крыкнуць: «Сашко, аддай», – тады Мядзведзь дастаў скрадзенае, i немцы пакiнулi ўсiх жывымi.

Аляксандр у дзяцінстве спачатку пайшоў у спартыўную гімнастыку, але з-за высокага росту, якім пайшоў у бацьку, з гэтым відам спорту прыйшлося завязаць. Потым спрабаваў сябе ў iншых секцыях, але самыя моцныя «трэнiроўкi» чакалi дома, дзе трэба было дапамагаць з гаспадаркай. Рэгулярнымi былi заданні па колцы дроў – Мядзведзь лiчыў, што менавiта гэта стала сакрэтам крэпасці запясцяў яго рук і эластычнасці цягліц, якiя дзiвiлi многіх спецыялістаў.

Іншыя пасты карыстальніка

У зборнай адабралі мару згуляць з Крышцiяну Раналду – а вось хто з Беларусі ўсё ж сустракаўся з ім на газоне
Сёння, 06:00
Самая вялікая містыфікацыя ў гісторыі белфутбола: як брэсцкае «Дынама» куплялі «шэйхі»
Учора, 14:04
1
«Динамо» Минск обошло ЦСКА в КХЛ и сыграет с ним в плей-офф. А что, клуб путинской армии больше не топ?
24 сакавіка, 19:00
2
Беларусь ці Украіна? Мілеўскаму прапанавалі абраць толькі адну краіну
20 сакавіка, 14:50
Савицкий и БАТЭ – яркие качели: срыв после квартиры, горло Капского, «унижение» – и опять попытка трансфера (а кто кого хотел?)
20 сакавіка, 06:00
Неверагодны Протас у лічбах: стаў найлепшым сярод беларусаў у НХЛ па пунктах за сезон, а вось чым уражвае на ўзроўні лігі
19 сакавіка, 20:00
Сабаленка ўмее ў футбол і нават мае напарніка ў камандзе: жанглюе, эфектна бегае, а вось б'е небяспечна
19 сакавіка, 12:00
Бразілец, які пешкі і з пузікам разрываў за «Віцебск», цяпер жыве ў Літве: трэнуе дзяцей, скінуў 20 кг, завязаў з алкашкай
19 сакавіка, 06:00
1
У Лукашэнкі куча рэзідэнцый – пры ніх ёсць тэнісныя корты, лыжаролерная траса і нават лядовы палац
18 сакавіка, 20:00
Трэнер, які быў лузерам з «Мінскам», выйграў Кубак Расіі. Вось як гэта ў яго атрымалася
17 сакавіка, 14:19
1
Экс-чэмпіён UFC з Беларусі будзе біцца ў дзіўнай арганізацыі за сціплыя грошы – а самы вялікі ганарар яму дапамог атрымаць Трамп
17 сакавіка, 08:00
Паглядзелі, як мяняўся лагатып чэмпіянату Беларусі па футболе – на першых версіях быў бел-чырвона-белы сцяг
16 сакавіка, 14:18
А вы ведалі, што суддзя, які даў правесці замены «Іслачы» з «Нёманам», інтэлектуал? Мае два чырвоныя дыпломы, ездзіў на шоу «Самы разумны»
16 сакавіка, 12:41
Жонку Глеба-малодшага даймалі пытаннямі пра дзяцей, якіх усё не было. І вось, зацяжараўшы пад 40, яна дала «дарадцам» адлуп
15 сакавіка, 18:00
Што, Гутар у 30+ мог перайсці ў «Аякс»?! Выглядае, гэта не проста байка ад сябра
14 сакавіка, 12:00
После первых матчей сезона тренеры и игроки в Беларуси разнесли поля – вопросы даже к газону, которому нет и 5 лет
13 сакавіка, 12:00
Чым беларускія дзеці адрозніваюцца ад польскіх? Расказвае трэнер з Баранавічаў, які адкрыў клуб у Варшаве
13 сакавіка, 02:52
Чьи клиенты зашли в топ-клубы Беларуси зимой: «Макслайну» помогал Гайдук, «Неману» – пожизненно забаненный
12 сакавіка, 06:54
Клуб з польскага Д2, які зімой не змог заявіць Садоўскага, паехаў на выезд з 14 гульцамі – адыграліся з 0:2, выпусціўшы ў поле брамніка
10 сакавіка, 11:56
Лапавухаў нядаўна атрымаў правы і адправіўся на матч сваёй каманды на машыне – не даехаў, гульню глядзеў на запраўцы
10 сакавіка, 10:04
Усе пасты