Перамовы за спінай Капскага, куля ў падарунак, перамога над Францыяй, эпічныя мемы і малітва. Што мы ведаем пра Скрыпчанку
Напалову рускі, «Дынама» мог узначаліць на 11 гадоў раней.
Вадзім Скрыпчанка двойчы запар стаў чэмпіёнам Беларусі ў якасці галоўнага трэнера мінскага «Дынама». Зрэшты, нават гэта не гарантуе яму захавання месца працы.
Мы ж пакуль успомнім цікавыя факты з біяграфіі Скрыпчанкі.
Напалову рускі
Скрыпчанка нарадзіўся 26 лістапада 1975 года ў Маларыце – райцэнтры за 50 км ад Брэста каля мяжы з Украінай. Як распавядаў трэнер, яго бацька і маці працавалі выкладчыкамі ў мясцовай прафтэхвучэльні, сястра ж стала дэфектолагам. А яшчэ коўч згадваў расійскія карані: «Безумоўна, я адчуваю сябе беларусам, але і Расія для нас не чужая. Мая мама – руская, дзед па матчынай лініі – ураджэнец Растоўскай вобласці».
Гуляў у гандбол, футзал і хакей
Маларыта – горад не футбольны, а гандбольны: напрыклад, адтуль родам адзін з найлепшых гандбалістаў у сучаснай беларускай гісторыі Барыс Пухоўскі. І ў дзяцінстве Скрыпчанка пяць гадоў займаўся менавіта гандболам, гуляў за зборную Брэсцкай вобласці па сваім узросце. Але, нягледзячы на ўгаворы трэнера, у выніку абраў футбол, які практыкаваў з сябрамі – патрэбнай ДзЮСШ у Маларыце папросту не было. Толькі ў 14 гадоў Скрыпчанка здолеў з'ехаць у футбольную школу ў Брэсце, адкуль ужо праз год трапіў у РВАР у Мінск.
На світанку футбольнай кар'еры Скрыпчанка таксама пераключаў увагу на футзал – паўдзельнічаў у двух чэмпіянатах Беларусі: адзін прайшоў з чэрвеня па верасень 1992-га, наступны – са снежня 1992-га па красавік 1993-га. У складзе мінскай «Эліты», якая абодва разы фінішавала ў сярэдзіне табліцы, правёў 14 матчаў і забіў 12 мячоў.
Ужо пасля футбольнай кар'еры аказалася, што Скрыпчанка нядрэнна гуляе ў хакей на аматарскім узроўні. Трэнер казаў, што атрымлівае «велізарнае задавальненне», выходзячы на лёд, дзе займаў пазіцыю форварда. Чаго здзіўляцца, што каманды пад кіраўніцтвам Скрыпчанкі таксама выходзілі на хакейную пляцоўку.
Выходзіў супраць Гігза
Гульнявая кар'ера ў Скрыпчанкі па мерках белфутбола была прыстойная. Універсал, які імкнуўся да пазіцыі левага абаронцы, у 1995-м узяў дзве бронзы ЧБ (так, у тым годзе праз змену фармату канчалася два розыгрышы) з «Дынама-93», дэ-факта дублем мінскага «Дынама», пазней два золаты і тры срэбры зававяваў з БАТЭ. Таксама спрабаваў сябе ў расійскім ЦСКА, але правёў толькі 11 матчаў.
Скрыпчанка ў сіняй форме на заднім плане
А яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя Скрыпчанка дзесяць разоў выйшаў на поле за зборную Беларусі. Праўда, два матчы супраць Італіі з зоркамі таго часу прасядзеў у запасе. Так што, мабыць, самым статусным гульцом, супраць якога давялося дзейнічаць Скрыпчанка, стаў Раян Гігз з «МЮ», калі ў верасні 2000-га Беларусь дома абгуляла 2:1 Уэльс.
Атрымліваў кулю ад кіраўніка сусветных шахмат
Другі і апошні легіянерскі досвед Скрыпчанкі-гульца здарыўся ў 2001-м, калі ён паехаў ва «Уралан» з расійскага Д2. Незадоўга да таго клуб узначаліў кіраўнік рэгіёну Калмыкія, ён жа прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі шахмат Кірсан Ілюмжынаў –чалавек, які сцвярджаў, што камунікаваў з іншапланецянамі. Каб матываваць каманду, ён прыдумаў метад пад стаць сваёй экстравагантнасці – раздаў усім футбалістам кулі і сказаў: «Калі «Уралан» застанецца ў Д2, вы ў канцы сезона ідзяце ў стэп і страляецеся. І напішыце, што ў вашай смерці ніхто не вінаваты».
Зрэшты, у сезоне-2002, дзе Скрыпчанка правёў 19 матчаў, «Уралан» стаў другім у Д2 і атрымаў права на павышэнне. Пасля гэтага футбалісты вярнулі кулі Ілюмжынаву – прынамсі, так пісалі ў СМІ.
Прыклаў нагу да рэкорднага разгрому ЧБ
18 чэрвеня 2003-га «Шахцёр» дома разграміў 9:0 «Зорку-ВА-БДУ», паўтарыўшы вынік матчу «Ведрыч» – «Нёман» з 1995-га. Гэтыя дзве гульні дагэтуль застаюцца рэкорднымі па ліку перамогамі ў ЧБ. У разносе «студэнтаў» паўдзельнічаў і Скрыпчанка – тагачасны «гарняк» аддаў два асісты. Такі ж уклад футбаліст унёс у іншы разгром аўтарства «Шахцёра» – 7:1 у гасцях у паўночнаірландскага «Ома Таўн» у Кубку Інтэртота.
Чатыры разы вяртаўся ў БАТЭ, дзе збіраў тэхніку
Скрыпчанка ўпершыню прыйшоў у БАТЭ перад дэбютным для клуба ў Д1 сезонам-1998. І потым чатыры разы вяртаўся: у 2000-м пасля няўдалага ад'езду ў ЦСКА на паўсезона, у 2002-м пасля года ва «Уралане», у 2004-м пасля года ў «Шахцёры», дзе паўсталі нейкія сур'ёзныя праблемы са здароўем, і ў 2007-м ужо на пасаду трэнера па завяршэнні гульнявой кар'еры ў «Савіце». «У БАТЭ ўсё будуецца на даверных адносінах. І ў мяне заўсёды была адкрытая дарога назад, мне заўсёды казалі: «Вадзім, як бы ні склалася твая кар'ера, дзверы для цябе заўсёды адчыненыя», – тлумачыў Скрыпчанка.
Таксама трэнер распавядаў, што за свой удзел у поспехах БАТЭ атрымаў нямала бытавой тэхнікі.
«І халадзільнікі дарылі, і пральныя машыны, і посудамыйныя. Гэта цяпер, можа, выклікае нейкую ўсмешку. Тады іншы час быў. Кіраўнікі перад узнагароджаннем заўсёды цікавіліся, што нам трэба з электраапаратуры. Для нас гэтыя падарункі былі ў радасць», – казаў Скрыпчанка.
Дапамог БАТЭ выйсці ў групу ЛЧ, А Беларусі перамагчы Францыю
У 2008-м як памочнік Віктара Ганчарэнкі ў БАТЭ Скрыпчанка аказаўся часткай барысаўскай каманды, якая ўпершыню ў гісторыі Беларусі выйшла ў групу ЛЧ. А ў 2010-м таксама ўвайшоў у трэнерскі штаб Бернда Штанге ў зборнай Беларусі. Малады трэнер лічыўся моцным тактыкам і адказваў за разбор супернікаў. Зрабіў свае выкладкі Скрыпчанка і перад матчам з Францыяй у верасні 2010-га, які Беларусь сенсацыйна выйграла 1:0.
«Перамога не была выпадковасцю. Пры падрыхтоўцы былі ўлічаныя ўсе дробязі і дэталі. Гульня зборнай Францыі была раскладзеная па палічках. Сваю задачу ведала як каманда ў цэлым, так і кожны гулец паасобку. Тады зборная не паказала нейкай выдатнай гульні. Мы гулялі ад абароны. Але контратакавалыя дзеянні былі адладжаныя», – казаў пазней Скрыпчанка.
Трэнаваў украінца, які потым загінуў на вайне
У дзяцінстве Скрыпчанка спакойна мог паехаць з Маларыты на возера ва Украіну. У 2011-м коўч наведваў суседнюю краіну з іншай мэтай – атрымаць трэнерскую катэгорыю Pro. Курсы ў Кіеве складаліся з пяці сесій па пяць дзён і скончыліся для беларуса паспяхова.
Перад сезонам-2012, жадаючы працаваць галоўным трэнерам, Скрыпчанка перайшоў у «Мінск». І там таксама было перасячэнне з Украінай – адным з важных выканаўцаў быў прадстаўнік краіны Сяргей Ражок, якога сам трэнер параўноўваў з Франчэска Тоці. На жаль, у пачатку 2024-га Ражка забілі на вайне з Расіяй.
Штрафаваў гульцоў за святло і хваліў за паход у тэатр
У камандзе коўч устанавіў сістэму адчувальных штрафаў. Калі ў кагосьці зазвінеў тэлефон на ўстаноўцы або разборы матчу, гэта каштавала 50 долараў. У 100 долараў ацэньвалася святло, калі яно гарэла ў пакоі футбалістаў на базе пасля 23:00.
Пры гэтым ўстаноўкі Скрыпчанкі запаміналіся гульцам сваёй разнастайнасцю і вобразнасцю. А аднойчы гулец таго «Мінска» Аляксандр Свярчынскі пачуў ад трэнера вершы – і не проста так.
«Аднойчы схадзіў з жонкай на спектакль па Ясеніну. На наступны дзень прыйшоў на трэнінг. Завязваю шнуркі – чую, што проста нада мной хтосьці эмацыйна чытае вершы Ясеніна. Падымаю галаву – Скрыпчанка. Усміхаецца: «Бачыў цябе на спектаклі. Рады, што цікавішся культурай», – успамінаў футбаліст.
У 2022-м адзін з гульцоў, які працаваў са Скрыпчанкам, дзяліўся: «Пастаўленае маўленне, вялікі запас словаў. Часам паказвае нейкія матывацыйны відэа, пару разоў прыводзіў цытаты вялікіх трэнераў, прыклады іх працы. Бывала, што чытаў вершы Уладзіміра Высоцкага».
Маліўся на прэс-канферэнцыі
У 2013-м «Мінск» выйграў Кубак Беларусі, па пенальці абгуляўшы мінскае «Дынама». На прэс-канферэнцыю пасля гэтага Скрыпчанка прыйшоў не толькі з медалём на шыі, але і з невялікай кніжыцай у руках. Як аказалася, то быў малітоўнік. Трэнер заявіў, што чытае малітвы пасля кожнай гульні, а пасля такой перамогі хоча зрабіць гэта публічна. Скрыпчанка паспеў падзякаваць Богу, папрасіць блаславення для сваіх бацькоў і настаўнікаў і сіл для працягу вучэння. Потым коўч казаў, што ён не тое каб глыбока вернік, а сітуацыю назваў усплёскам эмоцый.
Выводзіў «Урал» на «дзіўныя» матчы (Уткін адкрыта казаў: дагаварняк)
У 2013-м Скрыпчанка стаў памочнікам Ганчарэнкі ў «Кубані», а ў 2015-м тую ж пасаду заняў ва «Урале». Але Ганчарэнка праз пару месяцаў пакінуў клуб напярэдадні матчу з «Церакам», які ў СМІ паспелі назваць дамоўным: маўляў, екацярынбуржцы былі «вінныя» тры пункты грозненцам за папярэдні сезон. Скрыпчанка хацеў сысці ўслед за таварышам, але атрымаў просьбу застацца – і, перагаварыўшы з Ганчарэнкам, не скарыстаўся сваім білетам на самалёт. Зрэшты, у 2024-м Скрыпчанка прызнаў, што з 2018-га з Ганчарэнкам не кантактуе.
Менавіта Скрыпчанка вывеў «Урал» супраць «Церака» – пасля шуміхі каманды згулялі 3:3, А трэнер казаў, што «тут не павінна быць пытанняў». У выніку Скрыпчанка застаўся галоўным трэнерам «Урала» на год – а яго апошнім матчам стала яшчэ адна сустрэча супраць «Церака». Здарылася параза 1:4 з дзіўнымі прапушчанымі мячамі. Скрыпчанка казаў, што былі «памылкі», пасля якіх «хлопцы паніклі», а яшчэ замінала «кароткая лаўка». А вось расійскі каментатар Васіль Уткін заявіў: «Тут у мяне сумневаў няма. Дамоўны матч. Усё, што мне вядома пра дамоўныя матчы, у ярка выяўленай форме прасочваецца ў гэтым матчы. Слова «дзіўны»... Было б дзіўна, калі б Скрыпчанка стаяў каля лаўкі ў касцюме Бэтмэна. А матч дамоўны. Няма іншага слова, каб гэта назваць».
Вёў перамовы за спінай босаў
Сыход Скрыпчанкі пасля такога матчу з самой гульнёй аказаўся не звязаны. Прэзідэнт «Урала» Рыгор Іваноў сказаў, што ў трэнера назапасіліся праблемы са здароўем, якія вымагаюць дзвюх аперацый. Але праз пару дзён цалкам бадзёры Скрыпчанка быў прадстаўлены галоўным трэнерам «Крылаў Саветаў», што раз'юшыла Іванова – маўляў, коўч «вёў перамовы за спінай». Скрыпчанка пазней адказаў, што яго «сумленне чыстае», пасля чаго бос «Урала» зарокся паціскаць руку былому супрацоўніку.
«Глядзеў мне ў вочы, казаў, што яму трэба рабіць аперацыю. А праз дзень стаяў у іншай форме і даваў ўстаноўку на гульню з намі. Як так можна? Уцёк за грашыма. За гэта вінаваціць чалавека нельга. Але ён падмануў мяне, клуб, гульцоў, заўзятараў. З такімі людзьмі я вітацца не буду», – абураўся Іваноў.
Гэта быў не першы выпадак, калі клубны бос крыўдзіўся на Скрыпчанка праз перамовы з іншай камандай. У канцы 2011-га трэнер сустракаўся з Юрыем Чыжом і даў згоду ўзначаліць мінскае «Дынама». Але бізнесмен абраў Аляксандра Сяднёва, а Скрыпчанку не зразумеў заснавальнік БАТЭ Анатоль Капскі.
«Скрыпчанка мроіў пра пераход у іншы клуб галоўным трэнерам. Сам нядаўна прызнаў, што, працуючы ў штабе БАТЭ, сустракаўся з Чыжом. Як гэта разумець? Хоць мы ўсё даруем», – казаў Капскі.
Выбіваў і вяртаў заробкі
Іваноў пасля сыходу Скрыпчанкі праз РФС дамогся таго, што ўчынак трэнера быў прызнаны пазбаўленым «паважнай прычыны». У кантракце было прапісана, што пры скасаванні кантракту па ініцыятыве коўча той павінен заплаціць тры месячных заробкі, да чаго Скрыпчанку і абавязалі. Колькі атрымліваў трэнер ва «Урале» – незразумела, а вось у «Крылах Саветаў» цалкам афіцыйна называлі суму ў 30 тысяч долараў на месяц.
А вось пасля працы ў «Анжы» доўг выбіваў ужо сам Скрыпчанка – не атрымаў патрэбных сум з лютага па травень 2018-га. У канцы таго года клуб прызнаваў доўг і ацэньваў яго памер у 45 тысяч долараў, але грошай не меў. Улетку 2019-га сам трэнер раптам папрасіў зняць з «Анжы» трансферны бан, які ўвялі за доўг, але ці атрымаў дзякуючы гэтаму сваю суму, засталося невядомым.
Двойчы запар вылецеў з РПЛ
І ў «Крылах саветаў», і ў «Анжы» Скрыпчанка не меў поспеху па выніках. З самарцамі ў сезоне-2016/17 прайграў такому знаёмаму «Цераку» ў апошнім туры і апусціўся на 15-е месца – вылет. З махачкалінцамі ў сезоне-2017/18 утрымаўся 14-м, але ў пераходных матчах уляцеў «Енісею» – вылет. «Анжы», праўда, застаўся ў Д1 праз чужое расфармаванне, але ўжо без Скрыпчанкі.
Быў звольнены ў Арменіі за 1,5 месяца
У жніўні 2018-га Скрыпчанка ўзначаліў дэбютантаў Д1 Арменіі «Арарат-Арменію». Але пасля васьмі матчаў, за якія каманда набрала 11 пунктаў і ішла пятай, трэнера звольнілі «за незадавальняльныя вынікі». Скрыпчанка, адпрацаваўшы паўтара месяца, такога наогул не чакаў, але прыняў.
Працаваў з чалавекам мутнага агента
Перад сезонам-2019 Скрыпчанка ўзначаліў «Тарпеда-БелАЗ». А ў яго штабе ўзнік літовец Томас Ражанаўскас. У гэты ж час намеснікам дырэктара клуба стаў Спартак Мелкумян з Латвіі. Абодва аказаліся людзьмі расійскага агента Яўгена Култаева – ён да таго моманту стаў многае вырашаць у «Шахцёры» і змог прасунуць сваіх людзей у клуб іншага буйнога прадпрыемства. У «Тарпеда-БелАЗ» гэтак жа, як у салігорцаў, адразу сталі з'яўляцца незразумелыя легіянеры з вялікімі заробкамі. Пры гэтым пазмагацца за медалі, пра якія казаў Скрыпчанка, каманда аказалася і блізка не гатовая.
Да верасня гендырэктару БелАЗа Пятру Пархомчыку сітуацыя надакучыла. Ён аднаасобна прыняў рашэнне звольніць Скрыпчанку – зменшчыкам стаў Юрый Пунтус. Да канца сезона сышлі і людзі Култаева. Цалкам магчыма, што так Пархомчык выратаваў клуб ад сённяшняй долі «Шахцёра» – там разгарнуцца расійскаму агенту не перашкаджалі, усё скончылася «дагаварнякамі» і фінансавым крахам.
Дарэчы, пазней з «култаеўскімі» звязвалі і новы прыход Скрыпчанкі ў «Мінск», з якога ў канцы 2022-га трэнер і адправіўся ў «Дынама».
Нараджаў мемы
Апошнія гады працы Скрыпчанкі – гэта некалькі канфліктаў з гульцамі (Алег Нікіфарэнка, Павел Сядзько) і не толькі (Ігар Слесарчук), інтрыгі вакол паста ў «Дынама» намаганнямі Анатоля Юрэвіча і поспехі з мінскім клубам, адсутнасць важкай хвалы за якія засмучала.
Акрамя гэтага яркія рэакцыі Скрыпчанкі спарадзілі пару мемаў. Крык «Распранайся, на спрынце, Андруша» ў рускамоўным інтэрнэце падстаўлялі да самых розных сітуацый.
Нешта падобнае Скрыпчанка выдаў пасля чэмпіянату-2023.
А вось зварот у 2024-м да Сяргея Паліцевіча, здаецца, быў больш глыбокім.