Карніленку ўбралі з «Крылаў Саветаў» пасля аўдыту, а цяпер кажуць, што клуб даваў сотні тысяч долараў на суддзяў
Губернатар-пуцініст на словах заварыў кашу, але фактаў не мае.
У апошні дзень кастрычніка пасаду спартыўнага дырэктара ў расійскіх «Крылах Саветах» пакінуў Сяргей Карніленка. Мы расказвалі, што сыход беларуса, які ў самарскім клубе лічыцца легендай і меў вялікі аўтарытэт, звязаны з новым губернатарам Вячаславам Федарышчавым. Чыноўнік, як і абсалютная большасць яго калег у сучаснай Расіі, прыхільнік Уладзіміра Пуціна і вайны супраць Украіны:
На пасаду губернатара Федарышчаў заступіў 13 верасня 2024-га і стаў вельмі актыўнічаць у сферы спорту. Асаблівую цікавасць чыноўніка выклікалі справы ў «Крылах Саветаў», куды ўмешвацца ён мае права, бо ўрад вобласці валодае 74% акцый.
На пачатку кастрычніка Федарышчаў асабіста адмяніў звальненне галоўнага трэнера Ігара Асінькіна, якое мусіла адбыцца праз няўдалы старт з трыма перамогамі ў 14 матчах.
Праз месяц чыноўнік анансаваў праверкі выдаткаў ва ўсіх клубах вобласці і сыход ад бюджэтнага фінансавання за кошт прыватных спонсараў. Не засталася па-за ўвагай Федарышчава і тальяцінская «Лада» – найбуйнейшы хакейны клуб у рэгіёне, які гуляе ў КХЛ. Там ён прыбраў гендырэктара, распарадзіўся хутка ліквідаваць затрымкі па заробках, а яшчэ абурыўся ўзроўнем інфраструктуры клуба. Але і ў «Ладзе» чыноўнік анансаваў скарачэнне бюджэтнага фінансавання і прыцягненне прыватных спонсараў. Вызваленыя сродкі Федарышчаў абяцае перанакіраваць на развіццё масавага спорту.
Адзначым, што і ў «Ладзе», і ў «Крылах» ёсць беларускае прадстаўніцтва. У хакейным клубе масажыстам працуе беларус Максім Ламака. У футбольным выступае абаронца Кірыл Пячэнін, кантракт якога разлічаны да канца чэрвеня 2026-га. Таксама «Крылам» належыць форвард Ягор Карпіцкі, які да канца чэрвеня 2025-га знаходзіцца ў арэндзе ў саратаўскім «Сокале» (Д2). Пагадненне Карпіцкага з «Крыламі» дзейнічае да 30 чэрвеня 2027-га.
Але вяртаемся да Федарышчава. 26 лістапада чыноўнік сам апублікаваў у сваіх сацыяльных сетках ролік, які выклікаў вялікі рэзананс у Расіі. На відэа – 10-хвілінны фрагмент выступ Федарышчава перад памочнікам Пуціна Аляксеем Дзюміным і прэм’ер-міністрам РФ Міхаілам Мішусціным. Ключавы момант: губернатар распавёў, як некалькі месяцаў таму адзін з супрацоўнікаў «Крылаў Саветаў» папрасіў у яго 36 мільёнаў рублёў (каля 340 тысяч долараў) на вяртанне доўгу «неназваным злачынцам, якія займаюцца карупцыяй у судзейскім корпусе расійскага футбола».
Зазначым, што інфармацыя пра карупцыйныю схему з'явілася ў выніку прыватнай размовы, а не па выніку аўдыту, пасля якога звольнілі Карніленку. Тэрмін дзеяння гэтай схемы неакрэслены.
Губернатара абурыў не толькі сам факт такіх выдаткаў, але і тое, што грошы трэба вяртаць «у перыяд правядзення СВА» (так у Расіі называюць вайну супраць Украіны). А ўвогуле ў 10-хвілінным роліку чыноўнік расказвае пра цэлую карупцыйную сістэму ў судзейскім корпусе расійскага футбола. Вось ключавыя тэзы:
● У судзействе ёсць карупцыянеры, якія працуюць побач з «выдатнымі прафесіяналамі».
● Карупцыя ў гэтай сферы – сістэма, а не адзінкавыя выпадкі.
● Карупцыйныя схемы «складваліся гадамі».
● У карупцыі задзейнічаны каля дзесяці каманд РПЛ.
● Рынак «чорнага налу» ў судзейскай карупцыі – каля 500 млн рублёў (4,8 млн долараў), 36 млн рублёў (340 тысяч долараў) патрэбныя былі «наяўнымі ў сумцы». Цікава, што пазней Федарышчаў удакладніў, маўляў, лепш перанакіраваць гэтыя 500 мільёнаў на «падтрымку нашых герояў», відавочна, маючы на ўвазе тых, хто забівае людзей ва Украіне.
Відэа з поўным выступленнем ён суправадзіў хэштэгамі #ЧИСТЫЙСПОРТ і #ВРЕМЯДЕЙСТВОВАТЬ. І заклікаў выкарыстоўваць іх далей.
Здавалася б, што такая заява – падстава, каб праваахоўныя органы ўзяліся за справу. Аднак Федарышчаў парадаксальна ўдакладніў: «Я пачаў даведвацца, такая сістэма сапраўды існуе. Але фактаў, якія пацвярджаюць яе, няма».
У «Крылах Саветаў» чыноўнік спрабуе сам навесці парадак: быў праведзены аўдыт, і, як высветлілася, менавіта па яго выніках сваю пасаду пакінуў Карніленка. Адзначым, што да працы беларуса ў Федарышчава і раней былі прэтэнзіі: яму не падабалася трансферная палітыка клуба (маўляў, недастаткова сваіх выхаванцаў) і блізкасць да агента Паўла Андрэева – на сёння ў складзе самарцаў 15 яго кліентаў. Апроч Карніленкі па ініцыятыве губернатара ад працы ў «Крылах» было адхілена і кіраўніцтва клуба.
Сам Федарышчаў, нягледзячы на адсутнасць у яго фактаў, якія пацвярджаюць існаванне карупцыйнай сістэмы, прапанаваў метад барацьбы з ёй: «Барацьба з карупцыяй у цэлым – гэта складаная навука, я ў ёй нічога не разумею. Але я дакладна ведаю, што ў такім вузкім участку, як судзейская сістэма прафесійнага футбола, усё, што трэба зрабіць, – гэта ўзяць і перастаць [выдзяляць фінансаванне] камандам, якія ў гэтым удзельнічаюць».
У расійскім медыяполі актыўна абмяркоўваюць выступленне Федарышчава. Напрыклад, у РФС заявілі, што такія звесткі – нагода для звароту ў праваахоўныя органы, там на сувязі з кіраўніцтвам Самарскай вобласці і гатовыя судзейнічаць. Кіраўнік РПЛ Аляксандр Алаеў пацвердзіў, ліга зацікаўленая, каб у праблеме разабраліся на сур'ёзным узроўні.
Падтрымаў Федарышчава прэзідэнт «Арэнбурга» Васіль Ерамякін: «Я схіляю галаву перад Федарышчавым за тое, што ён вельмі прафесійна як дзяржаўны чыноўнік пазначыў гэтую тэму. Ёсць ворганы кіравання футболам. Пасля такой заявы яны не могуць не адрэагаваць, і нейкія меры, безумоўна, будуць прынятыя. Яшчэ раз скажу, што падтрымліваю выказванне і нагадваю, што «Арэнбург» выступае за сумленнае судзейства і гульню».
Заяву Федарышчава актыўна абмяркоўваюць і прадстаўнікі СМІ. Напрыклад, аматар беларускіх біятланістак Дзмітрый Губерніеў заявіў, што ў справе павінны разбірацца праваахоўныя органы, а на лаве падсудных павінныя апынуцца і тыя, хто даваў, і тыя, хто браў. А вось каментатар Канстанцін Геніч быў лаканічны: «Хрэнасе», – напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.