Галоўны трэнер партугальцаў добра ведае зборную Беларусі, хоць яго каманда «з ёй даўно не гуляла». Але праўда ў тым, што не гуляла ніколі
Што кажуць супернікі па кваліфікацыі да ЧС-2026 пра беларусаў.
13 снежня прайшло лёсаванне кваліфікацыіі да чэмпіянату свету па футболе-2026. Зборная Беларусі трапіла ў групу С, дзе згуляе з Грэцыяй, Шатландыяй і тым, хто прайграе ў чвэрцьфінале Лігі нацый у пары Партугалія – Данія.
З адборачнай групы наўпрост на ЧС выйдзе пераможца квартэта. Другое месца згуляе ў плэй-оф паміж 12 камандамі за адну х чатырох пуцёвак.
Пакуль жа сабралі першыя рэакцыі будучых супернікаў каманды Карласа Алоса.
Данія і Партугалія
Як гулялі раней: з датчанамі беларусы сустракаліся ў кваліфікацыі да Еўра-2000. Тады ў Мінску была нулявая нічыя, а ў Капенгагене падапечныя Міхаіла Вергеенкі мінімальна саступілі. Са зборнай Партугаліі беларусы раней не гулялі.
Што гавораць у прэсе: у групе з беларусамі акажацца прайграўшы чвэрцьфінальнай паядынку Лігі нацый, таму і партугальцы, і датчане лічаць за лепшае разглядаць іншы квартэт, куды адправіцца пераможца: з Венгрыяй, Ірландыяй і Арменіяй. Пры гэтым дацкі эксперт Мортэн Бруун адзначыў Беларусь як нязручнага суперніка праз «палітычны аспект».
У партугальцаў лёсаванне пракаментаваў галоўны трэнер зборнай Раберта Марцінес. Ён заявіў, што на сёння для яго галоўнае – перамагчы датчан. Пра зборную Беларусі ён сказаў: «Мы добра ведаем каманду, хоць Партугалія з ёй даўно не гуляла». Трэнер памыліўся: зборныя Партугаліі і Беларусі не гулялі ніколі.
Грэцыя
Як гулялі раней: было два таварыскія матчы. У лютым 2006-га мінімальную перамогу атрымалі на той момант дзейныя чэмпіёны Еўропы, а ў лістападзе 2016-га з такім жа лікам перамаглі беларусы.
Што кажуць у прэсе: некаторыя грэцкія выданні адразу запісалі каманду Карласа Алоса ў аўтсайдары групы. Аргументы – простыя і відавочныя: «нізкі» трансферны кошт пашыранага складу і факт, што зборная ніколі не выходзіла на топ-турніры. Некалькі парталаў склалі профайл каманды. Там адзначылі падпісанта за рэпрэсіі Яўгена Яблонскага, які выступае за грэцскі «Астэрас», а лідарамі назвалі Аляксандра Мартыновіча, Віталя Лісаковіча (з лістапада 2021-га ўзяў удзел усяго ў двух матчах), Валерыя Грамыку, Юрыя Кавалёва і Фёдара Лапаўхава.
Грэцкае выданне Sport24 патлумачыла сваім чытачам забарону УЕФА ладзіць афіцыйныя міжнародныя матчы ў Беларусі. Аўтар артыкулу лічыць, што Беларусь «аказалася ў складаным становішчы праз расійска-ўкраінскую вайну і стасункаў палітычнага кіраўніцтва з Крамлём. Таму спорт у Беларусі знаходзіцца ў заняпадзе».
Шатландыя
Як гулялі раней: каманды сустракаліся чатыры разы. У кваліфікацыі на ЧС-1998 двойчы перамогу святкавалі шатландцы (1:0 і 4:1). У адборы да ЧС-2006 у Мінску была нулявая нічыя, а ў Глазга мінімальна перамаглі беларусы.
Што кажуць у прэсе: адразу пасля лёсавання выказаўся галоўны трэнер Стыў Кларк: «Я не так ужо шмат ведаю пра Беларусь, але я зраблю хатнюю працу і пастараюся шмат ведаць пра яе да таго часу, як мы з ёй згуляем. Але мы ведаем, што нам трэба рабіць. Мы павінны фінішаваць першымі ці другімі».
Спыталі Кларка і пра яго стаўленне да матчаў з Беларуссю у кантэксце суўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны. Трэнер адказаў, што яго цікавіць толькі футбол.
«Найперш трэба высветліць, дзе будзе праходзіць гульня. Самае галоўнае – засяродзіцца на камандзе, гульцах, на тым, як яны будуць гуляць, адкінуўшы ўсе палітычныя пытанні. Для мяне галоўнае – засяродзіцца і набраць неабходныя нам пункты ў гэтай гульні», – сказаў Кларк.
Адзначым, што большасць шатландскіх СМІ памылкова назвалі месцам правядзення матчаў зборнай Беларусі Азербайджан. У Сумгаіце дамашнія матчы Лігі канферэнцый праводзіць мінскае «Дынама», куды ў першым туры з падапечнымі Вадзіма Скрыпчанку прыязджаў гуляць шатландскі «Хартс» і змог забраць тры пункты, перамогшы 2:1. Ну а зборная Беларусі апошнія дамашнія матчы праводзіла ў Венгрыі.
Чэмпіянат свету-2026 упершыню пройдзе ў трох краінах: Канадзе, ЗША і Мексіцы. Пачнецца 11 чэрвеня ў Мехіка і завершыцца 19 ліпеня ў Нью-Джэрсі.