Як Раналду трымае сябе ў форме
Сакрэты харчавання, сну і трэнінгаў.
У лютым форварду «Аль-Насра» і легендзе футбола Крышціяну Раналду споўніцца 40. Нягледзячы на цалкам шаноўны ўзрост для футбола, язык не павернецца назваць яго «дзедам». Партугалец хакнуў старэнне. І гэта сапраўды той выпадак, калі ўзрост – усяго толькі лічба ў пашпарце.
Пры гэтым яшчэ ў 2018-м Раналду папярэджваў, што яго «біялагічны ўзрост 23 гады». І фізічны стан гульца сапраўды шакаваў медперсанал «Ювентуса».
Футбаліст працягвае трымаць сябе ў топавай фізічнай форме. І гэта не дзякуючы нейкім чарадзейным пілюлям, генетыцы ці добраму клімату. За яго кубікамі прэса стаіць цэлая навука, самадысцыпліна і вялікая праца.
Пра яго лад жыцця ходзяць легенды. А самога Крыша любяць называць біяробатам. Усе хочуць ведаць, як ён трэнуецца, як спіць і што есць. Сабралі падрабязны гайд пра рэжым Раналду.
Што варта ведаць – футбаліст не капіяваў гэта ў кагосьці іншага. Ён шмат інвеставаў у развіццё, працаваў са спецыялістамі з розных сфер і распрацаваў свой індывідуальны план працы.
Трэнуецца па чатыры гадзіны штодзень
Пачнем з таго, як футбаліст працуе над сваім рэльефным целам. Крыш трэнуецца па чатыры гадзіны кожны дзень пяць дзён у тыдзень. Яго трэнавальная праграма складаецца з высокаінтэнсіўных спрынтаў, цяжкай атлетыкі, кардыятрэнінгаў, пілатэса і плавання.
Плаванне – выдатны трэнінг для ўсяго цела, у якім задзейнічаны ўсе мышцы рук і ног. Бег ён адпрацоўваў разам з былым партугальскім лёгкаатлетам Фрэнсісам Абіквэлам – срэбным прызёрам Алімпіяды-2004.
Футбаліст запісвае свае планы практыкаванняў. Таму калі-небудзь будзе існаваць такая рэч, як канспекты Раналду.
Не менш важнае для гульца аднаўленне ад трэнінгаў і матчаў. Для рэгенерацыі цягліц ён выкарыстоўвае камеру крыятэрапіі. Раналду ўстанавіў яе ў 2013 годзе па парадзе Франка Рыберы. Інвеставаў у такую штуку 45 тысяч еўра, каб мець яе дома.
Партугалец стаіць у камеры каля трох хвілін, вадкі азот з тэмпературай ад -160 да -200 градусаў здымае болі ў цягліцах і памяншае ацёкі, запаленні ці расцяжэнні звязак. Гэта дазваляе Раналду быць лепш гатовым да наступнага матчу або трэнінгу. Таксама футбаліст прымае гарачыя і лядоўні ванныя.
Адмовіўся ад шкоднай ежы, спіртнога і газаваных напояў
Гэтая гісторыя стала віруснай адразу пасля таго, як Раналду вярнуўся ў «Манчэстэр Юнайтэд». Яе расказаў брамнік англійскага клуба Лі Грант. Паводле яго слоў, падчас першага сумеснага прыёму ежы ўсе хацелі ўбачыць, што менавіта есць партугалец. У яго талерцы была пара вараных яек, авакада і кіноа. Пасля ўбачанага ніхто з гульцоў нават не падышоў да шакаладных пірожных і іншых прысмакаў. Вось такім быў эфект Крышціяну на аднаклубнікаў.
А калі ён толькі прыехаў упершыню ў Англію, то любіў традыцыйныя fish and chips. З гадамі футбаліст змяніў стаўленне да харчавання і цяпер разглядае ежу як паліва для свайго арганізма.
Яго рацыён складае арыентыровачна тры тысячы калорый. Лекары кажуць, што сярэднестатыстычнаму чалавеку хапае прыкладна дзве тысячы калорый за суткі, але футбалістам трэба значна больш энергіі.
Крышціяну адмовіўся ад усёй шкоднай ежы. У яго рацыёне няма месца для бургераў і газаваных напояў. Памятаеце мемнае відэа з Еўра-2020, калі партугалец дэманстратыўна адсунуў у бок дзве бутэлькі Coca-Cola і параіў піць звычайную ваду?
Раналду сапраўды п'е шмат простай негазаванай вады. Таксама ўжывае натуральныя сокі з грушы, апельсіна, ананаса, яблыка і нават цытрыны. Піва ці віно – часам можа сабе дазволіць. Увогуле, ён абыякавы да алкаголю яшчэ і праз сямейную драму. Яго бацька памёр у 51 год праз праблемы са спіртным.
Футбаліст есць стравы прыгатаваныя на грылі або запечаныя ў духоўцы – пры такім спосабе прыгатавання захоўваецца больш пажыўных рэчываў. Рацыён Крыша складаюць кашы з садавінай і абястлушчаным тварагом, бялок ад яйка, разнастайная рыба, гародніна, рыс і мяса.
Больш за ўсё Раналду любіць дараду, марскога акуня і партугальскае бакалаа (страва з траскі) у выкананні мамы Далорэс. Не ўжывае соўсы. Вось адзін з варыянтаў яго абеду: рыс з морквай, тарцілья і гарох.
Найлепшы дэсерт для партугальца – салат з сезоннай садавіны. Хоць часам ён можа дазволіць сабе кавалак шакаладнага торта. У рэшце, ён таксама чалавек.
Яшчэ адзін немалаважны момант – як ужываць ежу. Партугалец прыйшоў да таго, каб есьц кожныя дзве-чатыры гадзіны, але маленькімі порцыямі. Так арганізм лепш стравуе прадукты. Таксама ў партугальца ёсць правіла – не ўжываць ежу за чатыры гадзіны да сну. Інакш яна проста не паспее пераварыцца ў страўніку.
Амаль не спіць па 8 гадзін запар
Раналду ведае, наколькі важны сон для аднаўлення і адпачынку. Тут у яго таксама свой рэжым – ён спіць не так, як большасць людзей.
Яшчэ ў 2017 годзе футбаліст папрацаваў над гэтым пытаннем разам з даследчыкам сну Нікам Літлгейлсам. Пасля брытанец у інтэрв'ю The Independent расказаў, што партугалец амаль не спіць па восем гадзін запар.
Яго сон выглядае прыкладна так – 4, 5 ці 6 гадзін Крышціяну спіць уначы, а яшчэ 3 ці 1,5 гадзіны дасыпае днём. Гэта можна зрабіць у перыяды з 13 да 15 гадзін дня ці з 17 да 19 гадзін.
Значэнне мае не толькі працягласць, але і якасць сну. Раналду заўсёды спіць у позе эмбрыёна і на свежай пасцельнай бялізне. Матрац павінен быць вельмі тонкім, падушка не вельмі высокай, а коўдру лепш выбіраць з мікрафібры. Тэмпература ў спальні павінна быць на ўзроўні 16-18 градусаў. І поўная цемра.
«Усе хочуць быць Крышціяну, але зрабіць гэта цяжка»
Раналду часта пытаюцца пра сакрэт яго поспеху. Футбаліст іранічна ўсміхаецца. Маўляў, я магу вам сказаць, але ці зможаце вы жыць такое жыццё.
«Усе хочуць быць Крышціяну, але зрабіць гэта цяжка. Дысцыпліна – гэта самае складанае. Часам я змагаюся са сваім розумам, бо мы ўсе людзі. Вядома, мне не падабаецца хадзіць у спартзалу кожны дзень. Нікому не падабаецца, але ж вы павінны гэта рабіць.
Я мала часу марную на розныя дурасці. У мяне футбол на першым месцы. Пасля трэнінгаў я застаюся сам-насам з сабой, працую дадаткова. Лічу, каб дасягнуць таго, чаго я дасягаю, не трэба сябе шкадаваць. Трэба выкладвацца па максімуме ў сваёй працы.
Калі гулец ідзе ў вялікі футбол дзеля грошай, ён ніколі не зможа дасягнуць такіх поспехаў, як я. Таму заклікаю ўсіх, хто хоча стаць футбалістам, ісці ў вялікі футбол, каб сапраўды гуляць футбол дзеля вялікай любові да футбола, а не дзеля славы і ўзнагарод. Тады вы даможацеся ў футболе вельмі шмат.
Хоць мне не заўсёды ўдаецца атрымліваць новыя ўзнагароды, але я не здаюся, нягледзячы на тое, што хутка мне давядзецца завяршаць кар'еру. Я хачу далей прагрэсаваць. Імкнуся менш казаць, а больш рабіць.
Мая парада, якую я магу даць юным футбалістам: «Працуйце ў футболе, выкладвайцеся цалкам, свой вольны час вытрачайце з карысцю для сябе і свайго здароўя».
«Калі Раналду запрашае вас у госці, не хадзіце»
А што пра Раналду гавораць людзі, якія з ім гулялі, працавалі і ведаюць яго асабіста. Усе сыходзяцца ў тым, што футбаліст сам сябе зрабіў.
Лекар мадрыдскага «Рэала» Хуан Карлас Эрнандэс.
«Тры пункты поспеху Крышціяну: правільныя трэнінгі, правільнае харчаванне і правільны адпачынак. Розніца паміж Крышціяну і іншымі футбалістамі палягае ў яго надзвычайнай адданасці справе. Ён ніколі не спыняецца і заўсёды працуе».
Былы абаронца «Манчэстэр Юнайтэд» Патрыс Эўра.
«Адна парада: калі Крышціяну запрашае вас на абед да сябе ў госці, проста адмоўцеся. Аднойчы ён паклікаў мяне да сябе. Я пайшоў. На стале быў толькі салат і курыца. Яшчэ была вада замест сока. Пасля пачастунку ён падняўся і пачаў гуляцца з мячом.
Затым ён запрасіў мяне пагуляць з ім у два дотыкі. Пасля гульні Крышціяну прапанаваў паплаваць у басейне. Затым былі джакузі і саўна. Таму я раю ўсім: калі Раналду запрашае вас у госці, не хадзіце. Проста адмоўце гэтаму хлопцу. Ён машына, ён не перастае трэнавацца».
Футбаліст зборнай Партугаліі Жаау Фелікс.
«Ён першы прыходзіць на трэнінгі. Шчыра кажучы, я ніколі не бачыў, каб ён з іх сыходзіў. Раналду заўсёды там. Ён жыве футболам, старанна працуе над сабой і нават цяпер хоча дабівацца поспеху ў кожным матчы».
Фота: Instagram Крышціяну Раналду