Спiсы супраць Алімпіяды, 25 i 34 паразы запар, еўракубкі, «вайна» за Д3 – выбiраем правал года ў белспорце
Прэтэндэнтаў хапае.
У канцы года заведзена падводзіць яго вынікі. У Telegram-канале Tribuna.com карыстальнiкi абіраюць найлепшага спартсмена Беларусі ў 2024-м, паўдзельнічаць у апытанні можна па гэтай спасылцы.
У гэтым жа артыкуле пагаворым пра галоўныя правалы беларускага спорту ў 2024 годзе. Прагаласаваць за самы-самы таксама можна ў нашым Telegram-канале па гэтай спасылцы.
Публiкацыя рэжымнiкамi дакументаў, што сведчылi пра неадпавенасць крытэрыям допуску на Алiмпiяду
Галоўнай падзеяй 2024 года у спартыўным свеце стала летняя Алімпіяда ў Парыжы. У канцы 2023-га МАК вырашыў, што, нягледзячы на саўдзел беларускага рэжыму ў расійскай вайне ва Украіне, спартсмены з нашай краiны атрымаюць права на нейтральны статус. Але былi крытэрыi допуску, i адзiн з iх – не мець кантракту з «сiлавiкамi» Лукашэнкi.
Што зрабiлi рэжымнiкi на пачатку 2024-га? Выклалi ў адным месцы ў iнтэрнэце амаль усе «спiсачныя склады» зборных ад «мiнспорту» – з графой «Арганiзацыя цi клуб, у штаце якога знаходзiцца спартсмен», дзе былi пазначаныя i спарткамiтэт УС Лукашэнкi, i таварыства «сiлавiкоў» «Дынама». Далей можна было колькi хочаш адмаўляць – але камiciя МАК глядзела найперш у дакументы.
У выніку да Парыжа даехалі толькі 17 спартсменаў з Беларусі.
Адзінаборствы на Алімпіядзе
На АГ беларускiя спартсмены ўзялi адно золата, два срэбра i адну бронзу. Чатыры медалi – антырэкорд за гiсторыю ўдзелу. Хаця 23,5% удзельнiкаў ад краiны з узнагародамi, канешне, не назваць правалам.
Але нiчога не атрымалася ў адзiнаборствах – там, дзе беларускiя ўдзельнiкi звычайна дамагалiся поспехаў. Барцы аказалiся масава звязаныя з «сiлавiкамi» i не атрымалi допускаў – замяняць iх на дазволеных спартсменаў у беларускай федэрацыi адмовiлiся i паслалi толькi дваiх натуралiзаваных расiян, якiя прайшлi праз «сiта» МАК, асабiста ўзяўшы лiцэнзii.
Срэбны прызёр АГ-2020 Магамедхабiб Кадзiмагамедаў увогуле казаў, што «тры гады рыхтаваўся стаць алімпійскім чэмпіёнам». Але ў першым жа паядынку саступiў ды яшчэ i атрымаў пашкоджанне калена. Потым трапiў у дадатковую сетку за бронзу, але i тут на другiм кроку ўляцеў без шанцаў.
Бронзавы прызёр ЧЕ-2024 Абубакар Хаслаханаў прайграў у другой па лiку схватцы i таксама застаўся без медалёў.
Яшчэ адным натуралiзаваным расiянiнам, якому прадказвалi медаль i нават золата, быў тхэквандзіст Георгій Гурцыеў. Але i тут была параза ў першым жа паядынку ды ўсё на гэтым.
Раскочванне губы на расiйскiя грошы, якiх у вынiку не далi
Тыя, хто ўвогуле не трапiў на АГ, галоўнымi спаборнiцтвамi лiчылi «Гульнi Дружбы», прыдумку Расii. Тая хацела заманiць туды спартсменаў з-за мяжы вялiзнымi прызавымi.
Вялiкiя спадзевы на турнiр, якi планваўся ў вераснi 2024-га, былi, напрыклад, у лёгкай атлетыцы. Дзяржтрэнер Iгар Сiвадзедаў увогуле заявіў, што «Гульням Дружбы» аддаецца прыярытэт нават над АГ, былi i наўпрост выказваннi пра грошы.
Але раскотваць губу аказалася рана. У Расii цi то не знайшлi грошай, цi то яшчэ нешта, але ў чэрвені турнiр перанеслі на нявызначаны тэрмін, а напачатку снежня адклалі да нейкага «асобнага рашэння» Уладзiмiра Пуціна.
Спроба АБФФ рэфармаваць Д3
У 2024 годзе АБФФ хацела змянiць фармат Д3. Федэрацыi не падабалася, што памiж сабой гуляюць мужыкі, якія збіраюцца па выходных, і каманды, якія трэнуюцца пяць разоў на тыдзень. Таму ў другой лiзе планавалася пакiнуць пару дзясяткаў канкурэнтаздольных калектываў, дадаўшы да iх 12 дубляў клубаў «вышкі», а ўсiх астатніх адправіць у Д4.
Але тое не спадабалася ў «мiнcпорту», дзе ў пiсьмовай форме запатрабавалi пакiнуць усё як было. У АБФФ адказвалі, што рэформу ўжо нельга адмяніць, і намякалі, што ФІФА і УЕФА забараняюць умяшанне дзяржавы ў футбольныя справы. Але «міжнароднікам» у чарговы раз аказалася да краю ўсё роўна, а ў рэжыму знайшлося значна больш рычагоў – і клубы пачалі самі адмаўляцца ад удзелу ў федэрацыйнай Д3. Калі справа дайшла да выкліку людзей з АБФФ у адміністрацыю Лукашэнкі, у федэрацыі здаліся – пакінулі фармат ранейшым, аддалі рэгіянальныя этапы праводзіць без свайго ўдзелу і зрабілі выгляд, што ўсё так і задумвалася.
У некаторых рэгіёнах усё ж такі хоць нешта зрабілі з праблемай розніцы ў падрыхтаванасці каманд – падзялілі свае зоны на некалькі ўзроўняў. Таму нашумелыя 50:0, якія здарыліся да таго, у выніку засталіся пазатурнірным матчам.
Вынiкi белфутбола ў еўракубках, якiя прывялi да страты адной пуцёўкi
У 2024-м беларускiя клубы зноў не радавалi ў еўракубках. Хаця, вядома, да поўнага эпiк фэйла з 2021-га было далёка.
Але i ў гэтым годзе тры з чатырох каманд скончылi адразу, як пачалi. «Нёман» спачаатку ўвёз нулявую нічыю з Румыніі, але ў другім матчы атрымаў ад «Клужа» 0:5.
«Тарпеда-БелАЗ» з топ-статыстыкай па прапушчаных у ЧБ праглынуў адразу чатыры мячы ад сярадняка чэмпіянату Малдовы «Мілсамі» – 2:4 у першым матчы, бяззубыя 0:0 у другiм.
«Іслач» увогуле прымудрыўся прайграць «Ла Фiярыце» з Сан-Марына i вылецець у серыi пенальцi.
Так, на гэтым фоне мiнскае «Дынама» выйшла ў асноўны этап Лiгi канферэнцый. Але з 14 сумарных матчаў у еўракампанii клуб прайграў дзевяць. Адзiн – «Лiнкальну» з Гiбралтара, якi быў блiзкi да таго, каб дайграцца да дадатковага часу.
Яшчэ ў двух выпадках мiнчан проста вынеслi – па 0:4 ад «Легii» ды «Панацiнаiкоса».
Вынік – не вельмi вялiкая колькасць сумарна набраных у беларускi рэйтынг балаў ды 52-е з 55 месца ў рэйтынгу УЕФА для Беларусi. А праз гэта – страта аднаго еўракубкавага месца з сезона-2026/27, калi ўпершыню за 31 год наша краіна будзе прадстаўлена толькі трыма камандамі замест чатырох.
Моладзевая зборная Беларусі па футболе
Iзноў жа, тут галоўны правал быў не сёлета, а ў 2023-м, калi «дасягнулi» дзвюх нічыіх з Андорай, паразы з трыма прапушчанымі мячамі ад Фарэр, двух размазванняў партугальцамі па «-5».
21 лютага 2024-га на пост галоўнага трэнера каманды быў прызначаны Сяргей Яромка. Ён стаў фармаваць новы склад ужо пад наступны цыкл – з больш юных гульцоў 2005-2006 года нараджэння. Яны нават нечакана перамаглi «моладзеўку» Грэцыі (1:0). Але потым прайгралi Мальце, Кiпру ды атрымалi 1:6 ад Славакii, што маладосцю вытлумачыць было ўжо складана.
Ну а потым яшчэ i зноў саступілі Фарэрам 0:1.
У вынiку ў федэрацыi вырашылi, што «будаўнiк» новай каманды з Яромкi не атрымаўся – i ў канцы года прыбралi трэнера, чаго ён не зразумеў, таму што лiчыў, што з фармаваннем новай каманды «цалкам справiўся», а ганебныя паразы былi проста часткай шляху.
Хацкевіч у польскiм Д2
Напачатку 2024 года Аляксандр Хацкевіч вярнуўся да трэнерскай працы пасля паўзы. Новым клубам стаў «Заглембе», які ішоў на апошнім месцы Д2 Польшчы. Заадно пасаду спартыўнага дырэктара заняў былы менеджар БАТЭ Міхаіл Залеўскі.
Хутка трэнеру прыляцела ў медыя за спробу прывесці ў «Заглембе» сына.
А ў польскiм Д2 клуб з Хацкевiчам нiчога не паказаў – 0 перамог, 2 нічыі і 6 параз пры агульнай розніцы мячоў 1:11. 1 красавіка «Заглембе» з эксперыментальным складам буйна прайграў «Катавіцэ» (0:4), пасля чаго фанаты з Сасноўца заявiлicя на трэнiроўку i спрабавалi пабiць трэнера.
6 красавіка з Хацкевiчам i Залеўскiм расталiся. З таго часу беларускi трэнер працы не мае.
Футбол i хакей у Салігорску
Шмат гадоў пры падсанкцыйным Iване Галаватым на пасадзе кiраўнiка «Беларуськалiя» салiгорскiя футбольны i хакейны «Шахцёры» не мелi праблем з фiнансаваннем. Але ў 2024-м сiтуацыя ў футбольнай частцы змянiлася – клуб пасля выкрытых «дагаварнякоў» i наробленай кучы запазычанасцяў перад легiянерамi застаўся ў трансферным бане i з 20 баламi ачковага штрафу. Пацiху дасышлi ўсе, хто ў цэлым мог, а ўласная моладзь з выратаваннем у такiх умовах не зладзiла. Атрымаўся вылет у Д2, дзе, здаецца, лягчэй не будзе – трансферы пад забаронай.
Хакейны «Шахцёр» такiх праблем не мае, але дасягнуць заветнага чэмпiёнства гэта не дапамагае. Вясною клуб зноў вылецеў з плэй-оф ЧБ у паўфiнале.
А ў сезоне-2024/25 буксуюць i ў «рэгулярцы» – выпадалi з зоны плэй-оф, а цяпер iдуць на сёмым месцы.
Тым часам Галаваты страцiў пасаду, i што цяпер будзе нават з хакеем – невядома.
«Авіятар» у экстралізе
Баранавіцкі клуб, які камплектуецца ў многiм з прыцягнутых ва УС Лукашэнкi, на сезон-2024 вырашылі дадаць да элітнага дывізіёна, хаця каманда не вылучалася i на ўзроўні Д2. Атрымалася з гэтага 25 параз запар на старце сезона.
Цяпер у каманды дзве перамогi ў 34 матчах, а яшчэ сумна і па-за межамі пляцоўкі: паведамлялася пра фінансавыя праблемы каманды. А галоўны трэнер «Авіятара» Аляксандр Палішчук шчыра распавядаў пра трэнiроўкi, у якiх не прымае ўдзел палова складу – як раз тыя, хто «служыць».
Баскетбольны «Мінск»
У былых «Цмокаў» па жыццi было дрэнна з расiйскай Лiгай ВТБ – у апошнiя сезоны i тры перамогi было за шчасце. Але сезон-2023/24 стаў яшчэ горш: 34 паразы са старту турнiру i ў вынiку адна перамога за 40 сустрэч.
Пасля гэтага каманда ўсё ж знялася з расiйскiх спаборнiцтваў.
Здавалася б, у ЧБ будзе ўсё наадварот. Але каманда, якая засталася i без Кубку Беларусi, нават ва ўнутраным турнiры рызыкуе выпусцiць тытул упершыню за 15 гадоў. «Мiнск» ужо шэсць разоў сумарна прайграў прамым канкурэнтам – «Барысфену» і «Гродна-93» – i пакуль iдзе трэцiм у таблiцы. Ды i ўвогуле над існаваннем клуба навісла пагроза: у «Мінск» завітала праверка ад рэжымных органаў, якая выявіла шэраг парушэнняў і выпісала сур’ёзны штраф, бан на рэгістрацыю новых гульцоў, ультыматум аб пагашэнні даўгоў і забарону на спонсарскае фінансаванне.
***
Прагаласаваць за галоўны правал года ў беларускім спорце можна ў нашым Telegram-канале па гэтай спасылцы.