«Тарпеда-БелАЗ» арыгінальна прадставіў Сяляву – адлюстравалі на карцінах яго земляка-мастака
Прэзентацыя.
13 студзеня «Тарпеда-БелАЗ» аб’явіў пра падпісанне аднагадовага кантракта з Аляксандрам Сялявай. Апошнім клубам 32-гадовага апорніка было мінскае «Дынама», за якое ён у 2023-м і 2024-м правёў 56 матчаў, набраў 3+2 па гол+пас і выйграў два чэмпіёнскія тытулы.
Сялява раней ужо выступаў за «Тарпеда-БелАЗ». З 2012-га па 2015-ы паўабаронца правёў за Жодзіна 83 матчы, вызначыўся 5 галамі і 1 асістам.
Жодзінцы даволі арыгінальна прэзентавалі вяртальніка. Сяляву прадставілі на карцінах яго земляка, мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі:
Вітольд Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся ў 1872 годзе ў фальварку Крынкі недалёка ад Бялынічаў. Мастак вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры, працаваў у майстэрні Ісаака Левітана. Захапляўся пейзажным жывапісам. Яго працы атрымлівалі прызнанне на розных міжнародных выставах. Бялыніцкі-Біруля быў сярод першых, хто атрымаў званне Народнага мастака БССР.
Цікава, што нягледзячы на сугучнасць прозвішча мастака з горадам Бялынічы, дзе, дарэчы, зараз адкрыты музей у яго гонар, яно паходзіць ад зусім іншага паселішча.