«Гэта больш, чым джэрсі, гэта нашая культура». Зборная Грэнландыі па футболе эфектна прэзентавала сваю форму
Каманда ўсё яшчэ не можа гуляць пад эгідай ФІФА.
Футбольная асацыяцыя самага вялікага вострава існуе больш за 50 гадоў, але ўсё яшчэ не ўваходзіць у ФІФА. Праз гэта зборнай прыходзіцца гуляць з камандамі непрызнаных дзяржаваў і аўтаномій. Сама Грэнландыя, як і Фарэры, належыць Даніі. Але Фарэрскія астравы – у ФІФА з 1988 года. «Дызайн адлюстроўвае непахісную моц і ціхую прыгажосць ледзянога ландшафту Грэнландыі, увасабляючы цярпенне, цягавітасць і адзінства», – кажуць стваральнікі формы.
Апошнім часам пра Грэнландыю сталі актыўны пісаць, бо абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра намер купіць востраў. Супраць гэтага як і мясцовы ўрад, так і Данія, якая валодае востравам. Само кіраўніцтва Грэнландыі выступае за незалежнасць. Гэта можна спрасціць далучэнне і да ФІФА.
Паводле апошняга апытання, амерыканскага агенцтва Patriot Polling, 57,3% жыхароў Грэнландыі падтрымліваюць ідэю далучэння да Злучаных Штатаў. 37,4% – супраць. ЗША ўжо аднойчы куплялі ў Данію іх тэрыторыю. З 1917 года Дацкая Вэст-Індыя належыць ЗША пад назвай Амерыканскія Віргінскія астравы. Там ёсць свая футбольная зборная і яны нават бяруць удзел у Алімпійскіх гульнях.