Хвіча ў «ПСЖ»: атрымаў у 5 разоў большы заробак і нумар, пад якім гуляў Мбапэ
Парыжане спрабавалі падпісаць яго яшчэ мінулым летам
Галоўны трансфер гэтай зімы афіцыйна адбыўся. «ПСЖ» у вечар пятніцы абвясціў пра падпісанне грузінскага вінгера Хвічы Кварацхеліі, які прыйшоў з «Напалі».
Лідары Лігі 1 прадставілі зорнага навічка – першага грузіна ў сваёй гісторыі – без лішняга пафасу.
Сабралі найважнейшыя дэталі гэтага трансферу.
💸 Афіцыйна кошт гульца бакі не агучылі. Аднак у французскай і італьянскай прэсе паведамлялася пра 70 млн еўра.
Хаця больш важная фінансавая дэталь – тое, наколькі павялічыўся заробак Хвічы ў Парыжы ў параўнаньні з Неапалем. Калі ў Італіі Кварацхелія зарабляў 1,8 млн. еўра за год, то ў Францыі, як сцвярджаюць медыі, гэтая сума павялічыцца ў пяць разоў.
23-гадовы гулец зборнай Грузіі падпісаў з парыжскім грандам кантракт на чатыры з паловай гады – да лета 2029-га.
У «ПСЖ» Хвіча атрымаў 7-ы нумар, пад якім некалі выступаў Кіліян Мбапэ.
💸 Каментуючы свой прыход на «Парк дэ Прэнс», Кварацхвелія сказаў:
«Апынуцца тут – мара. Я чуў пра «ПСЖ» шмат станоўчых рэчаў. Адчуваю велізарны гонар, далучаючыся да гэтага вялікага клуба. Чакаю з нецярпеннем моманту, калі змагу апрануць новыя колеры».
Сваё меркаванне пра падпісанне выказаў і прэзідэнт парыжан Насер Аль-Хелайфі:
«Хвіча – адзін з найцікавейшых гульцоў у сусветным футболе. Гэта фантастычны талент, але таксама гулец, які мае мужнасць і змагаецца за каманду больш за ўсё.
Хвіча быў поўны рашучасці стаць часткай нашага вялікага клуба. Ведаю, што ён даб'ецца ўсіх сваіх мэт разам з намі».
За тры гады выступаў у Неапалі Кварацхелія зарэкамендаваў сябе як адзін з найлепшых атакавалых гульцоў Еўропы, забіўшы за гэты перыяд 30 галоў і аддаўшы 29 асістаў, што дапамагло «Напалі» ў сезоне 2022/23 выйграць Серыю А – усяго толькі ў трэці раз у гісторыі.
💸 Яго трансферу папярэднічала заява галоўнага трэнера «Напалі» Антоні Контэ. На мінулым тыдні ён сказаў, што Кварацхелія, на якога прэтэндаваў «Ліверпуль», папрасіў неапалітанскі клуб прадаць яго.
Сыход Хвічы на гэтым фоне абурыў заўзятараў клуба з поўдня Італіі. Некаторыя з іх выказалі свой пратэст тым, што выкідвалі кардонную выяву грузіна на сметніцу.
Пасля гэтага Хвіча апублікаваў відэазварот да прыхільнікаў «Напалі» са словамі:
«Гэта цяжка для мяне, але час сказаць да пабачэння. Я правёў неверагодны час тут. Мы разам падзялілі шмат успамінаў, зведалі шмат неверагодных эмоцый. Неапаль быў маім домам, дзе я выдатна пачуваўся дзякуючы кожнаму з нас. Шлях, які мы прайшлі, па-ранейшаму ў маіх думках, і гэта вельмі эмацыйна. Я памятаю свой першы гол і адчуванні, якія ніколі не забуду.
Кажу да пабачэння, але вы заўсёды будзеце ў маім сэрцы. Спадзяюся, мы сустрэнемся зноў. Ведаю, што цяпер у вас разбітае сэрца, але аднойчы я вам усё раскажу. Зычу вам удачы».
💸 «ПСЖ» спрабаваў падпісаць Кварацхелію яшчэ летам мінулага года, і Хвіча нават пагадзіўся на пераход, абмеркаваўшы з парыжанамі дэталі асабістага кантракту. Зрэшты, абураны гэтым фактам «Напалі» тады адмовіўся прадаваць гульца за менш як 150 млн еўра.
Мінулай восенню ўжо паведамлялася пра перамовы паміж «Напалі» і Кварацхеліяй наконт падаўжэнні кантракту, які заканчваўся ў 2027 годзе. Размова ішла таксама пра тое, што неапалітанцы ўсё ж прададуць грузіна, калі дамовіцца не ўдасца.
Фота: ПСЖ