Партнёры па «Ман Сіці» душэўна падтрымалі экс-гульца «Энергетыка» – легенда «Юнайтэд» пад уражаннем
Ацэнка сціплая, але бывала, што людзі гулялі і горай.
25 студзеня былы гулец «Энергетыка-БДУ» Абдукадыр Хусанаў правёў першы матч за «Манчэстэр Сіці» пасля пераходу з французскага «Ланса» за 40 мільёнаў еўра. Дэбют узбецкага абаронцы (дарэчы, першага прадстаўніка сваёй краіны ў АПЛ) выпаў на важную гульню з «Чэлсі» – няхай «гараджане» атрымалі перамогу (3:1), пачатак для Хусанава атрымаўся горш не прыдумаеш.
Ужо на 3-й хвіліне ён прывёз гол у сваю браму, няўдала скінуўшы галавой мяч Эдэрсану, а праз хвіліну атрымаў жоўтую картку за фол на Коўле Палмеры, хоць які іншы арбітр мог выдаць за тое парушэнне і чырвоную.
Фол Хусанава на Палмеры
У далейшым навічок «Ман Сіці» гуляў у цэлым упэўнена: заблакаваў 2 ўдары, выйграў 2 адзінаборствы, зрабіў вынас у небяспечным моманце і набраў паказнік 85% дакладных пасоў. Асцярожна-станоўчы водгук на дэбют выпісаў напарнік Хусанава абаронца Мануэль Аканджы:
– Відавочна, што для яго гэта быў не найлепшы старт, але я думаю, што Абдукадыр сапраўды добра справіўся, – сказаў швейцарац.
На 54-й хвіліне Пеп Гвардыёла ўсё ж замяніў Хусанава на больш дасведчанага Джона Стоўнза. Абдукадыр сыходзіў з поля відавочна засмучаным, але атрымаў падтрымку ад Пепа і зорных партнёраў на скамейцы, у тым ліку ўладальніка «Залатога мяча» Родры і абаронцы Рубэна Дыяша, якія залечваюць траўмы.
Хусанаў і Гвардыёла
Былога футбаліста «Энергетыка» падтрымаў Эрлінг Холанд – галоўная зорка «Ман Сіці» і адзін з найлепшых футбалістаў сучаснасці:
– Хваляванне ў першым матчы – гэта нармальна, я адчуваў сябе абсалютна гэтак жа падчас свайго дэбюту за клуб. Праз некалькі гульняў вы зразумееце, што ён надзейны абаронца, – запэўніў нарвежац.
Эрлінг Холанд
Гвардыёла на прэс-канферэнцыі таксама не стаў крытыкаваць дэбютанта, а ў дадатак зноў пажартаваў пра тое, што Хусанаў не валодае англійскай мовай:
– З ім усё будзе ў парадку. Ён правёў толькі адзін ці два трэнінгі. Футбалісты з'яднаныя, і гэта вельмі важна. Любы можа здзейсніць памылку. Ён яшчэ вельмі малады, навучыцца, – сказаў галоўны «Ман Сіці».
Увогуле, такі імклівы дэбют Хусанава шмат у чым тлумачыцца траўмамі іншых цэнтрбэкаў (Натаніэля Аке і Рубэна Дыяша). Акрамя ўзбека Гвардыёле дасяжны толькі Джон Стоўнз, які сам нядаўна аднавіўся, але коўч не фарсуе вяртанне англічаніна з улікам важнай гульні супраць «Бруге» у Лізе чэмпіёнаў: узбек не зможа згуляць у апошнім туры групавога этапу еўракубка, таму стаўку зробяць на карысць Стоўнза.
А вось што пра дэбют Абдукадыра Хусанава казалі брытанскія выданні.
Журналіст The Telegraph Джэймс Дакер выдаў скептычны артыкул, у якім звярнуў увагу на нярвовасць і разгубленасць узбека. Пачынаецца матэрыял з такога параўнанння: «Абдукадыр Хусанаў выглядаў так, быццам яго толькі што разбудзілі і кінулі ў бойку ў піжаме з голымі рукамі».
Далейшыя ўражанні журналіста:
«Хусанаў выглядаў так, быццам хацеў бы апынуцца дзе заўгодна, але не на тым полі...»
«Ковачыч і Бернарда падбадзёрвалі і паказвалі Хусанаву, куды ён павінен ісці, нават калі малады абаронца выглядаў застылым ад страху...»
«Апрануўшы футболку з нумарам 45, увесь час здавалася, што дэбют Хусанава таксама закончыцца праз 45 хвілін...»
«Здаецц, Гвардыёла павінен будзе добра падумаць, як ён будзе выкарыстоўваць Хусанава надалей».
Хусанаў пасля галявой памылкі
Джэймі Рэднап, былы паўабаронца зборнай Англіі, а цяпер эксперт SkySports, адзначыў заўчаснае рашэнне Гвардыёлы:
– Перад гульнёй я сказаў, што выпускаць Хусанава ў стартавым складзе рызыкоўна, для цэнтральнага абаронцы ўсё нашмат складаней, улічваючы той ціск, які на яго аказваецца.
Хусанаву 20 гадоў, ён толькі што прыехаў у краіну, каманда няўпэўнена гуляе ў абароне, і яна ўжо не перамагае кожны тыдзень. У мінулым сезоне ўліцца ў склад было б нашмат лягчэй – цяпер усё не так. Думаю, Пеп дапусціў памылку, адразу кінуўшы яго ў бой.
Пасля першых памылак у далейшым ён выглядаў лепей. Але агулам дзень для яго атрымаўся цяжкім. Спадзяюся, гэта не нашкодзіць яму з пункту гледжання доўгатэрміновай перспектывы, – сказаў Рэднап.
А вось легенда «МЮ» Гары Нэвіл паспачуваў Хусанаву – эксперт SkySports, які некалі сам гуляў на пазіцыі абаронцы, дакладна разумее пачуцці ўзбека:
– Я вельмі спачуваю яму, таму што ён малады абаронца. Большасць абаронцаў, 90% з нас гуляюць і не атрымліваюць вялікага задавальнення. Мы выходзім на поле са спадзевам зрабіць усё, каб нас потым не абмяркоўвалі.
Гэта быў цяжкі пачатак. У першым тайме на месцы Хусанава вы б спыталі сябе: «Колькі гэта будзе працягвацца?» Відавочна, што яму давядзецца развівацца і ўдасканальвацца самастойна – у яго наперадзе доўгая кар'ера.
Што было прыемна назіраць, так гэта дзеянні партнёраў, калі ён сыходзіў з поля. Многія гульцы падышлі і папляскалі. Гвардыёла абняў яго, і ў канцы гульні, калі я глядзеў уніз, некалькі футбалістаў падышлі да яго, абнялі і сказалі: «Глядзі, мы выйгралі, малайцы». І гэта менавіта тое, чаго ты хочаш у такой сітуацыі, – пракаментаваў Нэвіл.
Гары Нэвіл падчас гульнявой кар'еры
Першы матч Хусанава за «Ман Сіці» атрымаўся далёкім ад ідэалу, але нават у гэтым сезоне АПЛ здарыўся значна горшы дэбют абаронцы.
У 9-м туры дэф «Іпсвіча» Харысан Кларк упершыню пасля траўмы гуляў з першых хвілін – і тую гульню «трактарысты» прайгралі «Брэнтфарду» (3:4), ведучы ў ліку 2:0, а Кларк «адзначыўся» аўтаголам (0:55), прывезеным пенальці (1:12) і выдаленнем (1:45).
Такі бенефіс абаронцы «Іпсвіча» Flashscore ацаніў у 4,4 балы, Хусанаў за ўчорашні дэбют з «Чэлсі» атрымаў 6,5 ад партала – не ўсё так дрэнна, як падаецца на першы погляд.