Зноў кажуць, што Шкурына хочуць павезцi з Польшчы – можа пачаць сезон з лютага i згуляць на ЧС супраць «Барусii»
Даволi экзатычны варыянт.
У сезоне-2023/24 беларус Ілля Шкурын накалаціў 16 галоў і 5 асістаў за не самы моцны клуб Польшчы, мелецкую «Сталь», і стаў другім бамбардзірам элітнага дывізіёна. Тады агент футбаліста Валерый Ісаеў распавядаў пра зацікаўленасць з Італіі, Германіі, Іспаніі, Бельгіі і шэрагу іншых клубаў еўрапейскіх чэмпіянатаў. Прадметна казалi пра цiкавасць «Балоннi», якая выйшла ў групу ЛЧ.
Але пераходу ў выніку не адбылося. Шкурын застаўся ў «Сталі» на другі сезон, дзе пакуль што далёкі ад паказчыкаў мінулага чэмпіянату. Па выніку 18 тураў на рахунку форварда 5 галоў і 1 асіст.
Аднак зацікаўленасць у паслугах футбаліста з боку іншых клубаў застаецца – праўда, не настолькi крутых. У пачатку 2025 года стала вядома, што Шкурын адмовіўся ад трансферу ва «Уйпешт», які да зiмняй паўзы ў чэмпiянаце Венгрыi падышоў, падзяляючы пяты радок у таблiцы. Замест гэтага варыянта беларус адправіўся на перадсезонку са «Сталлю» ў Іспанію.
Але польскія медыя ізноў загаварылі пра магчымы сыход Шкурына. Як напісаў goal.pl, 31 студзеня на матчы «Сталi» з «Катавiцамi» прысутнiчалi прадстаўнiкi карэйскiх клубаў «Сеул» і «Ульсан», праз што гульня можа стаць апошняй для беларускага нападаючага ў Польшчы.
Азіяцкі кірунак выглядае даволі экзатычным, але, паводле нядаўнага рэйтынгу IFFHS, паўднёвакарэйскі чэмпіянат мацнейшы за польскую экстракласу – 32-i і 37-ы радок адпаведна. Хаця мы б не спяшалiся давяраць гэтаму рэйтынгу, таму што там чэмпiянат Беларусi мацнейшы за расiйскi.
У абодвух карэйскiх клубаў, якiя цiкавяцца Шкурыным, ёсць чэмпiёнскiя тытулы ў Карэi. «Ульсан» перамагаў у апошніх трох розыгрышах турніра, а ў мiнулым розыгрышы азіяцкай ЛЧ дайшоў да паўфiнала (у 2020-м i выйграваў трафей). У чэрвені «Ульсан» згуляе на клубным ЧС у групе з нямецкай «Барусіяй» Дортмунд, бразільскім «Флуміненсе» і паўднёваафрыканскім «Мамелодзі Сандаўнз». «Сеул» жа апошнi раз браў чэмпiянат Карэi ў 2016-м, а ў 2024-м стаў чацвёртым.
Проста цяпер «Сеул», паводле Transfermarkt, застаецца найдаражэйшым клубам карэйскай лігі (35,5 млн еўра), «Ульсан» – на трэцім месцы (27,6 млн). Старт чэмпiяната-2025 прызначаны на 15 лютага.
ФК «Ульсан» святкуе перамогу ў чэмпіянаце
Наколькі верагодны трансфер беларуса ў Азію? Дырэктар «Сталі» Яцэк Клімек у снежні 2024 года заяўляў, што Шкурын хоча правесці ў Мелецы яшчэ адзін добры сезон перад тым, як перайсці ў іншую каманду. Але нядаўна функцыянер казаў ужо па-iншаму: маўляў, у клубе хочуць захаваць Шкурына, але апошняе слова – за футбалістам. Паменшылася i сума, у якую ў «Сталi» ацэньваюць трансфер: ў сакавіку 2024-га Клiмек хацеў 2,5 мільёна еўра, а цяпер кажа пра «мільён еўра і вышэй». У сваю чаргу, Transfermarkt ацэньвае форварда ў 2 мільёны еўра – менавіта столькі выдаткоўвалі «Сеул» і «Ульсан» на рэкордныя для сябе трансферы.
Але пакуль здаецца, што сыходзіць са «Сталі» Шкурын не спяшаецца. Той жа дырэктар клуба ўпэўнены, што ў другой палове чэмпіянату нападаючы пачне забіваць часцей.
– За яго форму я спакойны. Такое бывае з футбалістамі: спачатку пік, потым спад. Хачу вас запэўніць, што ў другой частцы сезону мы ўбачым іншага Іллю, – сказаў Клімек.
А што б вы выбралi на месцы Шкурына?