Вінісіус і дысцыпліна несумяшчальныя. Вось за што ён атрымаў 38 жоўтых картак за апошнія тры сезоны
Майстра неспартыўных паводзін.
Вінісіус Жуніяр атрымаў яшчэ адну жоўтую картку за фол у матчы «Рэала» супраць «Леганеса» ў Кубку Іспаніі. Праўда, не за ўласнае парушэнне правілаў, што зафіксавалі арбітры, – а за сваю рэакцыю.
Гэта 11-е папярэджанне Віні ва ўсіх клубных турнірах у гэтым сезоне. Па гэтым паказніку ён ужо дагнаў сезон мінулы.
Больш за тое, нязменна неспартыўныя паводзіны з'яўляюцца галоўнай прычынай папярэджанняў Вінісіусу з боку суддзяў цягам апошніх двух з паловай сезонаў. Калі за гульнявыя парушэнні за гэты час ён атрымаў 10 жоўтых картак, то яшчэ 7 за спрэчкі з суддзямі.
Усяго за неспартыўныя паводзіны (сваркі, бойкі, затрымкі і сімуляцыі) Віні атрымаў 27 жоўтых картак – на 17 больш, чым за гульнявыя фолы.
Самае камічнае ў гэтым тое, што ў Кубку Іспаніі 2022/23, які выйграў «Рэал», Вінісіус атрымліваў жоўтую картку ў кожным матчы, у якім удзельнічаў. І гэта ўсе этапы, акрамя самага першага.
Акрамя таго, за гэты перыяд у бразільца таксама было два прамыя выдаленні: адно ў сезоне 2022/23 (супраць «Валенсіі» за агрэсіўныя паводзіны), другое ў сезоне 2024/25 (таксама супраць «Валенсіі» – штурхнуў галкіпера суперніка ў шыю).
За гэтыя тры сезоны ён прапусціў ужо 4 матчы праз жоўтыя карткі (па адной) у Ла Лізе і яшчэ адзін у сёлетняй Лізе чэмпіёнаў, а таксама два матчы праз апошняе выдаленне.
Зразумела, што ў шэрагу выпадкаў агрэсіўная рэакцыя Вінісіуса – гэта рэакцыя на правакацыі. Аднак, па-першае, часам (як у сітуацыі з Вілі Орбанам) яму могуць нават змякчыць пакаранне на полі, а па-другое, можа, варта папрацаваць над рэакцыяй?
Фота: скрыншот трансляцыі, Slobodna Dalmacija