Клуб ЧБ моцна звязаны з футбольным праектам беларусаў на Кіпры: атрымаў гульца і трэнера, збіраўся ў госці, але...
Лімасол – Віцебск.
Акрамя таго, што «МЛ Віцебскам» руліць дырэктар мясцовай букмекерскай канторы Арцём Лявонаў, пра кіраўніцтва навічка вышэйшай лігі няшмат што вядома. Хаця ў снежні 2023 года Tribuna.com распавядала, што да спраў праекту мае дачыненне Мікалай Васкабойнікаў – даўнішні сябра і зямляк Лявонава, а яшчэ галоўны спонсар кіпрскага «Арыса», дзе апошнімі гадамі хапае беларусаў.
Васкабойнікаў вядомы як адзін з топавых беларускіх гульцоў у покер, але мае прыбытак і з іншых крыніц, частку якога накіроўвае на развіццё футбольнага клуба ў Лімасоле, а яшчэ паводле нашых звестак неафіцыйна дапамагаў «МЛ Віцебску» свайго сябра.
Усё выглядае так, што тая сувязь паміж двума клубамі/сябрамі захоўваецца дагэтуль. На тое ёсць некалькі наўпроставых указанняў у бягучым міжсезонні.
Першае і самае відавочнае – скасаваны рэжымным «міністрам спорту» Сяргеем Кавальчуком збор «жоўта-зялёных» на Кіпры, які меў адбыцца менавіта ў Лімасоле 1-21 лютага.
Міжземнаморскі востраў не быў папулярным накірункам для беларускіх клубаў і ў тыя часы, калі замежныя зборы не трэба было ўзгадняць з чынушамі: на пачатку і ў сярэдзіне 2010-х пару разоў на Кіпр выбіраліся мінскае «Дынама» і «Шахцёр», але куды большым попытам карысталася Турцыя.
У выніку «МЛ Віцебск» так і не пабываў на Кіпры. Не ўратаваў нават загадзя адданы «грамадзянскі доўг» (так у клубе назвалі ўдзел у датэрміновым галасаванні на лукашэнкаўскай імітацыі выбараў). Замест міжземнамор'я віцябляне паехалі рыхтавацца да сезона на базу «Шахцёра» ў Салігорска, а «бонусам», праз зменлівы настрой Кавальчука, згубілі тысячы долараў на квітках і броні гатэля – вось і інвестуй пасля такога ў белфутбол.
Але калі «МЛ Віцебк» не ляціць на Кіпр – Кіпр ляціць у «МЛ Віцебск». Прынамсі, такую выснову можна зрабіць па некаторых кадравых навінах «жоўта-зялёных».
Паводле інфармацыі Telegram-канала «Ухо», у трэнавальным працэсе віцяблян удзельнічае іспанскі трэнер па фізпадрыхтоўцы Мікель Гільен. Апошнім месцам працы (сышоў адтуль 5 студзеня) 36-гадовага спецыяліста быў ФК «Красава» (Д2, Кіпр) расійскага блогера Яўгена Савіна. Да таго Гільен засвяціўся ў трох іншых кіпрскіх клубах. Прынамсі, з верасня 2021-га па люты 2022-га уваходзіў у трэнерскі штаб «Арыса», які пакінуў перад прыходам у клуб беларуса Аляксея Шпілеўскага.
1 лютага «Арыс» абвясціў пра падпісанне трохгадовага кантракта з нігерыйскім апорнікам Одэ Абдучлахі ў якасці «праекта для развіцця», і ў гэтай жа навіне паведамілі, што навічок накіроўваецца ў арэнду ў віцебскі «МЛ» да канца 2025 года.
Калі вас цікавіць, што гэта за «праект для развіцця», раім азнаёміцца з нашым артыкулам пра тое, як працуюць лімасольцы на трансферным рынку. Калі коратка, «Арыс» выкарыстоўвае сістэму пошуку футбалістаў, якую, вы не паверыце, прыдумаў ставачнік і на якой разбагацеў клуб АПЛ. Паводле яе намагаюцца знайсці «недаацэненыя маладыя таленты», якія можна выгадна купіць (Абдулахі прыйшоў свабодным агентам), а пасля прадаць з вялікім прыбыткам.
Сваю карыснасць і перспектыўнасць нігерыец, які два гады да таго выступаў за літоўскую «Дайнаву» (70 матчаў, 2 гола і 4 асісты), у першы год кантракта з лімасольцамі будзе паказваць у «МЛ Віцебск». Такое вось «супадзенне».