Клубы АПЛ выраўноўваюцца з «вялікай шасцёркай» па выдатках. «Брайтан» – лідар сезона, «Іпсвіч» выклаў больш за «Арсенал»
Фінансавыя магчымасці ўражваюць.
Чарговае зімовае трансфернае акно завяршыла трансферны сезон 2024/25 у топ-лігах. Яго асноўнай тэндэнцыяй стала тое, што ў АПЛ яшчэ больш прыкметна выраўноўваюцца фінансавыя магчымасці клубаў.
Цягам апошніх сезонаў больш «сціплыя» клубы АПЛ зраўняліся з «вялікай шасцёркай»
Лідарам гэтага сезона АПЛ па выдатках адносна ціха стаў «Брайтан», які выклаў на свае набыцці 280 млн еўра. У топ-5 па выдатках уварвалася і «Астан Віла», якая нядрэнна ўзмацнілася пад ЛЧ.
Калі паглядзець на дыстанцыі апошніх пяці сезонаў, то з 20 самых дарагіх трансферных кампаній ужо шэсць – не ў клубаў «вялікай шасцёркі». А цяперашні закуп «Брайтана» дык увогуле саступае толькі гучным шаленствам Тода Боэлі на прыходзе ў «Чэлсі».
Зрэшты, сукупна пакуль за гэты перыяд клубы «вялікай шасцёркі», акрамя «Ліверпуля», усё ж апярэджваюць канкурэнтаў. Хоць і без касмічнай розніцы (калі не ўлічваць «Чэлсі»).
Галоўныя прычыны змен – ФФП і агульная фінансавая моц лігі
Уласна, паступовая «выраўнілаўка» ўнутры АПЛ адбываецца, у прыватнасці, і таму, што ліга дала зразумець: правілы фінансавага фэер-плэй абавязковыя для ўсіх.
Так, ні адзін з клубаў топ-6 не пацярпеў – паказальна знялі пункты толькі з «Эвертана» і «Нотынгем Форэст». Аднак сігнал быў выразны: будзеце выдаткоўваць больш, чым дазволена, рызыкуеце страціць некалькі месцаў у табліцы. Ва ўмовах шчыльнасці наверсе гэта, у сваю чаргу, можа скончыцца больш сур'ёзнымі фінансавымі стратамі ад нетрапляння ў еўракубкі.
Уменне зарабляць – яшчэ адзін немалаважны фактар для некаторых з гэтых клубаў. Той жа «Брайтан» толькі за папярэднія два сезоны зарабіў 327,4 млн еўра, з якіх амаль траціна – за Майсеса Кайседа. «Саўтгемптан», які ў часы знаходжання ў АПЛ таксама не саромеецца траціцца дзеля ўратавання, зарабіў 187 млн толькі ў мінулым сезоне.
Акрамя таго, зарабляць дапамагае і непасрэдна тэлевізійны кантракт АПЛ – цяпер ён гарантуе самае меншае 100 млн фунтаў у сезон. І камерцыйная прывабнасць лігі на ўзроўні – калі ў «Сіці» і «Ньюкасла» да рынкавасці спонсараў ёсць пытанні, то ў іншых кантракты грунтуюцца ў першую чаргу на ўзроўні і іміджы клубаў.
Паказальна, што сціплыя клубы і сераднякі АПЛ часам трацяць больш за еўрапейскіх грандаў: толькі ў гэтым сезоне «Астан Віла» абышла «Юве» з «Атлетыка», «Іпсвіч» (!) – «Напалі» з «Баварыяй», «Борнмут», «Вулвз» і «Саўтгемптан» – «Мілан» з «Лейпцыгам», «Марселем» і «Ромай».
Таму пытанне застаецца толькі ў тым, наколькі гэтай фінансавай трываласці хопіць. І што адбудзецца раней – канчатковая «выраўнілаўка» ці нечаканы фінансавы крызіс.
Фота: Aston Villa