Фаварыты ЧБ-2025 узмацняюць свае штабы: у Брэсце будзе дапамагаць экс-агент, да Молаша прыехаў відэааналітык з Казахстана
На Радзіме дапамагаў Жукоўскаму.
Беларускія клубы працягваюць шукаць узмацненні ў міжсезонне. Каманды папаўняюцца не толькі гульцамі, але і спецыялістамі рознага профілю. На днях трэнерскі штаб брэсцкага «Дынама» папоўніў Дзяніс Жукаў, а ў «Тарпеда-БелАЗ» з'явіўся казахстанец Біржан Хабіт. Расказваем, што гэта за людзі.
Дапамагаць Сяднёву ў Брэсце будзе былы агент
Жукаву 37 гадоў. Гульцом ён выступаў на пазіцыі паўабаронцы за «Віцебск» (31 матч, 3 асісты) і «Полацк» (52 гульні, 6 галоў). Завяршыў кар'еру ў 2012-м у 25-гадовым веку.
Жукаў спрабаваў сябе ў ролі агента – у яго была адпаведная ліцэнзія. У 2018-м ён і Валерый Ісаеў судзейнічалі прыезду ў Беларусь Эрвена Мукама. Французскі вінгер правёў нядрэнныя паўгода за «Нёман» (18 матчаў, 4+1), пасля чаго перайшоў у БАТЭ. Па словах Ігара Кавалевіча, той трансфер барысаўцам каштаваў 100 тысяч долараў.
У БАТЭ вінгер адгуляў два з паловай гады, але стаць асноўным не змог – 62 матчы ва ўсіх турнірах, у якіх зарабіў 10+11. Адʼезд Мукама з Беларусі жорстка пракаментаваў Ісаеў, сказаўшы, што цяпер футбаліст зноў стане паштальёнам – да вышэйшай лігі вінгер развозіў у Францыі пошту. «Лянота і недасканаласць не маюць нацыянальнай прыналежнасці», – казаў Ісаеў.
За Мукама тады ўпісаўся кіраўнік цяпер замарожанага прафсаюзу беларускіх футбалістаў Аляксандр Свярчынскі, які паведаміў, што Ісаеў прынізіў француза, а яшчэ хацеў развесці на грошы, у чым яму нібыта дапамагаў Жукаў. Ісаеў гэтую інфармацыю абверг: распавёў, што ў пагадненні пры пераходзе Мукама з БАТЭ ён прадстаўляў інтарэсы барысаўцаў, а Жукаў – інтарэсы гульца. І Мукам свае абавязальніцтвы перад Жукавым не выканаў. Па словах Ісаева, Жукаў звяртаўся ў суд, аднак яго пазоў быў адхілены.
Больш пра агенцкую дзейнасць Жукава інфармацыі ў адкрытых крыніцах няма. Расказваючы пра нюансы працы з Мукамам, Ісаеў казаў, што Жукаў працуе агентам не на сто працэнтаў, а сумяшчае гэтую дзейнасць з асноўнай працай гандлёвым прадстаўніком.
Пра трэнерскую кар'еру Жукава вядома таксама не шмат. У мінулым годзе ён дапамагаў Аляксею Мяркулаву ў «Энергетыку-БДУ». Нагадаем, у першай лізе-2024 каманда заняла апошняе месца і вылецела ў Д3. Жукаў пакінуў «Энергетык-БДУ» пасля заканчэння сезона, пасля чаго далучыўся да Сяднёва ў брэсцкім «Дынама».
У штаб Молаша ўвайшоў малады відэааналітык, які раней працаваў з Жукоўскім
26-гадовы Біржан Хабіт – на сёння самы малады спецыяліст у трэнерскім штабе «Тарпеда-БелАЗ». Прычым казах маладзейшы і за многіх гульцоў жодзінцаў – сярэдні ўзрост каманды перавышае 27 гадоў. Будучы футбалістам, Хабіт гуляў на пазіцыі апорнага паўабаронцы. Выступаў выключна на Радзіме ў міноры. У 2021-м выйграў Д2 Казахстана разам з «Аксу», пасля чаго завяршыў кар'еру.
У 2022-м пачаў трэнерскую карʼеру – стаў відэааналітыкам у «Атырау», дзе са жніўня таго ж года пачаў працаваць разам з беларускім спецыялістам Віталём Жукоўскім. У мінулым годзе мог выйграць Кубак Казахстана, але каманда саступіла ў скандальным фінале, пасля якога беларускаму форварду «Атырау» Мікалаю Сігневічу прыйшлося публічна прасіць прабачэння:
А яшчэ Хабіт разам з Жукоўскім у студзені мінулага года ездзіў на стажыроўку да Міраслава Рамашчанкі, які на той момант узначальваў расійскі «Ахмат».
У 2024-м Хабіт сумяшчаў працу відэааналітыка ў «Атырау» з аналагічнай пасадай у зборнай Казахстана U-21. За год каманда правяла шэсць матчаў у кваліфікацыі да моладзевага Еўра: саступілі на выездзе Шатландыі (1:4) і Іспаніі (3:4), дома Венгрыі (0:3) і Бельгіі (0:3), абгулялі на сваім полі Шатландыю (3:2) і Мальту (4:1). У выніку ў групе казахі набралі дзевяць пунктаў і занялі перадапошняе месца, апярэдзіўшы Мальту. Таксама ў 2024-м моладзеўка Казахстана згуляла адзін таварыскі матч з Грузіяй (0:0).
«Тарпеда-БелАЗ» арыгінальна прадставіла Хабіта – выкацілі відэа, дзе казахстанскі спецыяліст размаўляе на беларускай мове:
Хабіт акрамя асноўнай працы відэааналітыка ў «Тарпеда-БелАЗ» выконвае функцыі перакладчыка – на трэнінгах перакладае для замежнікаў падказкі і тэорыю. А яшчэ, як паведамляе прэс-служба клуба, дапамагае жодзінскім легіянерам засвоіцца ў побытавых момантах і робіць больш хуткай іх адаптацыю.
Хабіт зусім нядаўна ажаніўся.
Яго абранніцу клічуць Каміля. Пара згуляла вяселле 30 лістапада. Мяркуючы па колькасці гасцей і дэкарацыям, урачыстасць каштавала нятанна:
На мядовы месяц муж і жонка ездзілі ў Тайланд. Біржан і Каміля наогул любяць актыўны адпачынак: у сацыяльных сетках дзяўчына паказвала, як яны разам танчаць – Каміля расказвала, што яны абодва займаліся бальнымі танцамі ў школьныя гады, цяпер жа лепяць з гліны і ходзяць у тэатр. Дарэчы, у часы «Атырау» Хабіт наведваў Драматычны тэатр імя Махамбета разам з камандай, дзе кампанію яму склалі Жукоўскі, Ігар Стасевіч з жонкай і ўкраінскі экс-гулец ЧБ Аляксандр Наёк.