Найлепшы футбаліст Беларусі-2024 траўмаваўся ў Балгарыі. Да гэтага вылецеў яго асноўны канкурэнт
Пасля пераходу за 650 тысяч еўра стаў першым нумарам, але правёў толькі два матчы.
13 лютага прэс-служба сафійскага ЦСКА паведаміла, што беларускі галкіпер Фёдар Лапавухаў зламаў паказальнік на левай руцэ і праз гэта прапусціць бліжэйшыя матчы. Дакладныя тэрміны аднаўлення пакуль не называюцца.
Звычайна косткі ў пальцах зрастаюцца 3-4 тыдні. Пасля яшчэ некалькі тыдняў займае рэабілітацыя, падчас якой робяцца спецыяльныя практыкаванні.
Што паспеў Лапавухаў?
Няшмат. Найлепшы футбаліст Беларусі-2024 у студзені перайшоў у ЦСКА з мінскага «Дынама» за 650 тысяч еўра з улікам бонусаў. За новую каманду правёў адну таварыскую гульню і адну афіцыйную: у спарынгу ЦСКА разграміў «Ліепаю» (4:1), там беларускі галкіпер дапусціў выніковую памылку, але ў цэлым правёў нядрэнную сустрэчу і заслужыў станоўчыя водгукі.
Адзіная на сёння афіцыйная гульня адбылася ў мінулыя выходныя – ЦСКА мінімальна саступіў сафійскай «Славіі». У моманце з прапушчаным голам ёсць пытанне і да абароны, і да беларускага брамніка, які падчас падачы стаў выходзіць з варот, але потым перадумаў і ў выніку ўдар суперніка праводзіў вачыма.
У канцоўцы той гульні Лапавухаў здзейсніў адзіны сейв у матчы. Іспанскі абаронца ЦСКА Адрыян Лапенья скідваў мяч галавой галкіперу, але зрабіў гэта неахайна. У выніку першым на мячы быў Уладзімір Нікалаў са «Славіі», але з яго ўдарам ва ўпор Лапавухаў справіўся.
Партал sofascore.com выставіў беларускаму галкіперу адзнаку 6.6 за гэты матч. То сярэдні паказнік па ЦСКА.
Шанец для канкурэнтаў?
Лапавухаў не адзіны траўмаваны брамнік у ЦСКА. 34-гадовы бразілец Густава Бузата пашкодзіў локаць падчас зімовага збору ў Турцыі і, як паведамляе temasport.com, выбыў да канца сезона. Паводле гэтай крыніцы, у Бузата дыягнаставана пашкоджанне сустава і разрыў звязкаў. Галкіпер меў патрэбу ў аперацыі, пасля чаго яго чакала два месяцы поўнага спакою – і гэта каб пачаць лёгкія фізічныя нагрузкі.
Бусата выступае за ЦСКА з 2019-га і да гэтага сезону быў асноўным брамнікам. У чэмпіянаце-2024/25 ён прапусціў першыя тры туры праз дыскваліфікацыю, заробленую яшчэ ў мінулым сезоне, а затым на пачатку лістапада атрымаў пералом носа ў гульні з «Боцевым» (2:0). На аднаўленне спатрэбіліся тры гульні, а яшчэ за трыма бразілец назіраў з лаўкі. Усяго ў гэтым сезоне ён правёў 11 матчаў ва ўсіх турнірах, прапусціў 10 мячоў, у чатырох гульнях згуляў на нуль.
Тыя жа 11 сустрэч за ЦСКА ў гэтым сезоне мае 25-гадовы Іван Дзюлгераў. Балгарына падпісалі ў ліпені 2024-га з «Чорнага мора», дзе ён да гэтага правёў усю кар'еру. З улікам траўмаў Лапаўхава і Бусата менавіта ён, хутчэй за ўсё, зʼявіцца ў старце ЦСКА ў найбліжэйшых матчах. У 11 сустрэчах гэтага сезона Дзюлгераў прапусціў 13 мячоў, у трох матчах згуляў на нуль.
У ростары ЦСКА ёсць яшчэ адзін галкіпер – 30-гадовы Марын Арлінаў. У камандзе ён з ліпеня 2023-га, але за аснову пакуль не гуляў. Затое Арлінаў у гэтым сезоне выдатна выступае за дубль у Д2, дзе з'яўляецца капітанам, правёў 18 матчаў, прапусціў 14 мячоў і дзевяць разоў згуляў на нуль.
У бліжэйшым матчы, 16 лютага, ЦСКА прыме «Арду», якая ідзе на пятым радку. Каманда Лапавухава размяшчаецца ў другой палове табліцы на дзявятым месцы, рызыкуючы аказацца сярод клубаў (месцы з 9-га па 16-е), якія будуць змагацца за выжыванне. Тыя ж, хто фінішуюць на пазіцыях з 5-й па 8-ю, будуць змагацца за пуцёўку ў Лігу канферэнцый. Праўда, падзел адбудзецца пасля 30 тураў – у ЦСКА наперадзе яшчэ 10 матчаў, каб палепшыць становішча.