Гулец «Рэалу» пачаў сустракацца з мамай сваёй дзяўчыны?! Самыя шалёныя гісторыі кахання ў футболе
Нават непацверджаныя чуткі ўплываюць на жыццё футбалістаў.
Дзень усіх закаханых – добрая нагода, каб пагаварыць пра гісторыі кахання ў футболе. Уся ўвага заўсёды дастаецца гульцам, якія па-за полем пражываюць нейкую «Санту Барбару». Футбалісты ўмеюць жыць весела, і часта менавіта гэта паказваюць свету ў сацсетках, дзе з'яўляюцца і іх другія палоўкі – вядома, амаль заўсёды без аніякіх цікавых падрабязнасцяў (здаецца, Маўра Ікардзі і Ванда Нара аддзімаюцца за ўсіх), але, тым не менш, ёсць нетыповыя прыклады.
Вядома, сітуацыі і абставіны бываюць рознымі, бо фаны аказваюць вялікі ўплыў на жыццё куміраў. Напрыклад, Альвара Марата летась расстаўся з жонкай, маці сваіх чатырох дзяцей. Абодва апублікавалі пра гэта паведамленні ў сацсетках з просьбай паважаць іх выбар. Неўзабаве пара зноў сышлася і паспяшалася абвясціць пра гэта грамадскасці – хэпі энд, які ўсе так любяць.
Але ў некаторыя іншыя гісторыі кахання, якія маюць ледзь не нуль доказаў або пацвярджэнняў, фаны вераць не менш – усё праз іх нечаканыя сюжэтныя павароты і пікантныя дэталі.
🌶 Фран Гарсія не ўтрымаўся і сышоў да мамы партнёркі. Гісторыя без крыніцы і пры чым тут жонка Луніна
Футбалістам часта прыпісваюць стасункі з рознымі жанчынамі, але гэтая гісторыя – асаблівая. Абаронца мадрыдскага «Рэала» Фран Гарсія мае працяглыя стасункі з дзяўчынай па імені Эстэла Ламас, і сапраўднасць іх раману пацвярджаюць свежыя сумесныя відэа ў TikTok.
Аднак напрыканцы студзеня гэтага года ў сетцы пачала распаўсюджвацца шалёная гісторыя – нібыта Фран прамяняў дзяўчыну на яе маму! Усё нібыта было так: Эстэла заўважыла, што маці і хлопец часта бачацца без яе, што і выклікала падозранні. Неўзабаве яна быццам бы заспела іх за інтымнай блізкасцю.
Найбольш смешнае тое, што ўсе сумнеўныя старонкі і сайты пачалі шырыць гісторыю з цікавым «пакаваннем», дадаючы сумеснае фота Гарсіі з жонкай украінскага аднаклубніка Андрэя Луніна. Відавочна, фатаграфію зрабілі падчас клубнага сямейнага мерапрыемства. Анастасія Луніна ўжо сама не ўтрымалася і пракаментавала як мінімум адно такое паведамленне.
Гэтая гісторыя нагадала і пра іншыя рамантычныя інцыдэнты.
***
🌶 Джон Тэры і страчаная капітанская павязка праз раман з дзяўчынай аднаклубніка
У 2009 годзе рэпутацыя Джона Тэры атрымала жорсткі ўдар. Усё праз дзяўчыну, а менавіта партнёрку яго тагачаснага аднаклубніка Уэйна Брыджа. Розныя крыніцы сцвярджалі, што Тэры круціў раман з Ванэсай Перансель гадамі, пакуль іх сем'і сябравалі. Сама дзяўчына актыўна адмаўляла «чуткі», пакуль усё не зайшло занадта далёка – навязванне інтымных зносін з пяццю іншымі гульцамі «Чэлсі», сыход Уэйна ў «Ман Сіці» і развод, візіты Тэры ў яе дом. А пазней і ўчынак Уэйна, калі той не паціснуў руку Тэры ў супрацьстаянні «Ман Сіці» і «Чэлсі».
Ініцыятыву Брыджа падхапілі і іншыя футбалісты – не ціснулі рукі, апраналі футболку ў падтрымку «каманды» Уэйна, фаны актыўна асвіствалі Тэры, а ў зборнай Англіі яго пазбавілі капітанскай павязкі. Цікава, што жонка Джона Тоні прайшла праз гэтую сітуацыю разам з ім і была цалкам на яго баку.
«На маю думку, Тэры не мае маральнага кодэкса для таго, што ён зрабіў з Брыджам. У маім раёне, калі ты гэта робіш, ты страчваеш ногі», – неяк сказаў Карлас Тэвес.
Усё набыло настолькі вялікія маштабы, што пра інцыдэнт казаў нават тагачасны прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Гордан Браўн.
🌶 Раян Гігз сам пазнаёміў роднага брата з будучай жонкай, а затым спаў з ёй 8 гадоў
Раян Гігз да гэтага часу ўрываецца ў стужкі навін з новымі судамі з былымі жанчынамі, але ёсць адна гісторыя, якая апярэджвае іншыя па ўзроўні вар'яцтва. Справа ў тым, што легенда «Манчэстэр Юнайтэд» цягам васьмі гадоў меў інтымныя зносіны з жонкай роднага брата. Пры гэтым гісторыя развівалася вельмі нелагічна, бо Раян і Наташа пазнаёміліся і пачалі ўсё яшчэ ў 2003 годзе, калі дзяўчына была самотная. Больш за тое, Гігз сам пазнаёміў яе са сваім братам, а той закахаўся і пазней паклікаўзамуж.
На гэтым моманце, здавалася б, яшчэ не позна было ўсё спыніць, але Раян і Наташа працягвалі раман гадамі, які, вядома ж, быў выкрыты. Бацька Раяна назваў гэта «подлай і брыдкай здрадай» і адвярнуўся ад былога футбаліста. Тое самае зрабіў брат.
🌶 Як дзяўчына дэ Бруйнэ сышла да Цібо Куртуа: сапраўдная версія, дзе ўся віна – не на жанчыне
Вы дакладна не раз чулі гісторыю пра падступную Кэралайн Лінен, а менавіта дзяўчыну, якая здраджвала Кевіну дэ Бруйнэ з яго таварышам па зборнай Бельгіі Цібо Куртуа, да якога ў выніку і сышла.
Аказваецца, яшчэ ў 2012 годзе Кевін першым здрадзіў дзяўчыне, і не проста здрадзіў, а зрабіў гэта з яе былой найлепшай сяброўкай. Футбаліст прызнаўся ў гэтым, а дзяўчына вырашыла даць яму другі шанец, на што паўплывалі і бацькі Кевіна – яны пагражалі судом, калі Кэралайн распавядзе пра гэта публічна.
Аднак тая ўсё ж выбрала быць шчаслівай і сышла да Цібо, які слухаў яе, гатаваў смачную ежу і іншымі спосабамі паказваў сваё каханне. Здаецца, паміж футбалістамі гэтая праблема вычарпаная, і на сёння абодва шчаслівыя ў шлюбах.
🌶 Заа рызыкнуў, завёўшы раман з дачкой трэнера. Але на гэтым не спыніўся
Уілфрыд Заа і Дэвід Моес перасекліся ў «Манчэстэр Юнайтэд» у сезоне 2013/14. Гэтыя абставіны звялі футбаліста з дачкой трэнера, што хутка перарасло ў раман. Хоць Заа і адмаўляў гэтую гісторыю, але, па меркаванні Патрыса Эўра, менавіта яна разбурыла кар'еру Заа ў «МЮ», бо Моес не даваў гуляць на той момант перспектыўнаму вінгеру.
Гісторыя Уілфрыда ў гэтым клубе хутка скончылася, але высноў, відаць, ён не зрабіў. Праз некалькі гадоў па сетцы пранеслася хваля інсайдаў, што Заа круціць раман з дзяўчынай цяперашняга гульца «Астан Вілы» Кортні Хоза. Уілфрыд нібы наведваў яе інтэрнат і нават вазіў у адпачынак у Марока, стаіўшы гэта ад партнёраў.
На сёння футбаліст амаль 10 гадоў знаходзіцца ў афіцыйных стасунках з Пэйдж Беністэр, якая засталася побач, нягледзячы на ўсе чуткі.
🌶 Здрада – справа сямейная: як Халк узяў шлюб са сваячкай экс-жонкі
Халк пераплюнуў усіх і вырашыў далёка не шукаць новую партнёрку пасля разводу. Футбаліст меў 12-гадовы шлюб, у якім жонка нарадзіла яму дваіх дзяцей. Усё скончылася ў 2019 годзе, і некалькі гадоў бразілец знаходзіўся ў статусе халасцяка, пакуль не з'явіліся дзіўныя чуткі – нібыта ён сустракаецца з пляменніцай былой жонкі. Больш за тое, Каміла (тая самая пляменніца) заўсёды была любіміцай экс-партнёркі Халка, посціла з ёй кучу агульных фота ў сацсетках, якія ўжо зніклі.
Гісторыя мела працяг. Пара афіцыйна абвясціла пра стасункі і ўзяла шлюб у 2020 годзе, а праз пяць гадоў абвянчалася ў саборы. Бок былой жонкі Халка, фактычна, частка сям'і Камілы, выказваўся супраць гэтых адносін і назваў іх здрадай.
Фота: The Guardian, Daily Mail, інстаграм-акаўнты футбалістаў