У АБФФ паставілі фінал Кубка на новы стадыён у Мiнску – а вось па матчы Беларусі з Расiяй (ён пазней) ужо не ўпэўненыя
Нешта дзіўнае.
13 лютага АБФФ абвясціла, што 10 чэрвеня зборная Беларусі правядзе ў Мінску матч з Расіяй. Як той казаў, недзе гэта мы ўжо бачылі: 7 чэрвеня 2024-га такі матч ужо праходзіў на сталічным стадыёне «Дынама» – і гаспадары атрымалі 0:4.
Але на гэты раз арэну паабяцалі назваць пазней. А 14 лютага першы намстаршыні федэрацыі Андрэй Васілевіч патлумачыў: «У Мiнску ў нас уведзеная ў эксплуатацыю адна арэна – «Дынама». Новы стадыён ужо скончаны, засталіся толькі некаторыя рыскі. Але на дадзены момант не маем інфармацыі, ці будзе ён гатовы прыняць матч з Расiяй».
Гэта гучыць дзіўна, таму што на той самы новы стадыён, што кітайскімі сіламі амаль дабудаваны каля «Трактара», у АБФФ ужо адназначна паставілі фінал Кубка Беларусі. А ён па плане ўсё той жа федэрацыі пройдзе 24 траўня – на два тыдні раней за сустрэчу зборных. Хм.
З выгляду з новым стадыёнам усё добра – вось фота з пачатку 2025-га, калі яго гатоўнасць ацэньвалі ў 90%.