Вучым футбольныя паняткі па-беларуску. Самабытны слоўнічак
Шоп, бэль, слізгач. Чулі?
У спартовай тэрміналогіі вельмі шмат запазычанняў. Як і з рускай мовай, так і з англійскай ды іншых. З дапамогай Арцёма Сізінцава, эксперта ў футбольнай лексіцы, расказваем усе асноўныя паняткіі гэтай гульні на роднай мове
Шпурляк – мяч, бо яго шпурляюць па полі. Прычым, адпачатна «шпурляць» – гэта толькі рукамі. Але ў мовазнаўцы Яна Станкевіча быў іншы погляд, ён не бачыў праблемы ў тым, каб называць мяч шпурляком. Футбол можна называць ножным шпурляком.
Шпурлякі ляцяць у браму. Яна складаецца з слупкоў, папярочкі (або бэлі) і сеткі. Месца, дзе злучаюцца папярочка і слупкі – крыжавіна. Браму абараняе брамнік.
Яшчэ гуляюць абаронца, (апорны) паўабаронца і нападнік. Гульца, які дзейнічае па ўсім правым або левым краі, як пры абарончых, так і пры наступальных дзеяннях – можна назваць краёк, праўда, слова яшчэ гутарковае. Флангавы паўабаронца (вінгер) – крыло атакі.
Кутні ўдар – з кутоў поля. А яшчэ ёсць просты свабодны (дзе будуецца сценка), свабодны з розыгрышу і 11-метровы карны ўдар. А яшчэ замест слова ўдар можна казаць боц. Мяч выносяць або ўкідваюць
Гол не забіваюць. Мяч (або шпурляк) б’юць. Але лепш казаць загнаць мяч або правесці гол.
Замест слова падкат можна ўжываць слізгач, а замест фінта – выкрут. А шоп – навес.
Заўзятар – прыхільнік сваёй каманды, той хто заўзімаецца, перажывае, падтрымлівае, бадзёрыць свой клуб і радуецца, калі той атрымлівае тры пункты за гульню.
«Беларуская спартовая тэрміналогія яшчэ будзе развівацца, – расказвае Арцём Сізінцаў, магістр філалогіі, — патрабуюцца дыскусіі вакол гэтага пытання і далейшыя распрацоўкі. Аднак самае галоўнае — каб беларускі спорт агулам, не толькі асобны від, беларусізаваўся на справе. Гэта і каментаванне ножнага шпурляку па-беларуску, і стварэнне аб'яў пра яго на беларускай мове, і праца спартовай прэсы на роднай мове. Без гэтых чыннікаў у беларускіх рэаліях надалей будуць карыстацца расійскімі і англійскімі тэрмінамі».