Шкурын – 19-ы беларус у гісторыі, за якога ў футболе далі ад мільёна еўра і больш, але нават у апошнія гады ён не самы дарагі
Вось хто наперадзе, а хто – ззаду.
Нападнік Ілля Шкурын, за якога «Сталь» з Мелеца атрымала 1,5 мільёна еўра, не толькі стаў самым дарагім форвардам у гісторыі варшаўскай «Легіі» і здабыў месца ў топ-3 самых буйных здзелак у гісторыі Экстракласы.
1,5 млн евро за Шкурина – не рекорд для Польши, но в топ-3 сделок. Вообще, «Легия» умеет быть щедрой
Яшчэ ён аказаўся 19-м беларусам, за якога ў футболе заплацілі ад 1 мільёна еўра і болей, а таксама другім па кошце за апошняе дзесяцігоддзе.
Трансферам у «Легію» Шкурын апярэдзіў такіх выканаўцаў, як Раман Васілюк, Юрый Жаўноў, Сяргей Крывец і Станіслаў Драгун. Трох першых ацанілі ў 1 мільён еўра «Спартак» Масква, «Зеніт» Санкт-Пецербург і французскі «Мец» у 2001, 2010 і 2014 гадах адпаведна, а за Драгуна ў 2013-м «Крылы Саветаў» заплацілі 1,2 мільёна еўра.
Тыя ж 1,5 мільёны еўра, якія «Легія» аддала за Шкурына, плацілі кіеўскае «Дынама» за Сяргея Карніленка ў 2004-м (а яшчэ 1,3 і 1,4 мільёна ў розныя часы плацілі расійскія «Томь» з «Зенітам»), расійскі «Сатурн» за Уладзіміра Юрчанку ў 2008-м, маскоўскае «Дынама» за Ігара Шытава ў 2011-м.
Былі трансферы за такую ж суму і ў апошняе дзесяцігоддзе. 1,5 мільёны еўра за Віталя Лісаковіча заплаціў «Лакаматыў» Масква у жніўні 2020-га (у 2022-м за гэтага ж гульца 1,2 мільёны заплаціў «Рубін» Казань), а ў мінулым ліпені – маскоўскі ЦСКА за Арцёма Шуманскага.
1,6 мільёны еўра заплаціла «Балтыка» (на той момант з расійскай прэм'ер-лігі) за паўабаронцу Кірыла Капленку ў лютым 2024 года – і гэта адзіны трансфер, які перасягае пераход Шкурына ў «Легію» па цане за апошняе дзесяцігоддзе. Праўда, ужо праз паўгода Капленку прадалі з дысконтам у 920 тысяч у «Хімкі».
У 2005-м 1,6 мільёна заплаціла маскоўскае «Дынама» за Максіма Рамашчанка, чый рэкорд па галах за зборную Беларусі (20) дагэтуль трывае.
За Вячаслава Глеба ў студзені 2009-га кітайскі «Шанхай Шэньхуа» заплаціў 1,9 мільёна. 2,8 мільёны еўра за Паўла Няхайчыка ў 2011-м аддала зноў жа маскоўскае «Дынама», трансфер адбыўся праз два тыдні пасля набыцця Шытава 1,5 мільёна. 4,3 мільёна за пару беларусаў – вось дык шчодрасць (якую, праўда, гульцы не апраўдалі)!
Далей – толькі мастадонты беларускага футбола. 3,5 мільёны еўра ад «Мілана» для БАТЭ за Віталя Кутузава (яшчэ 2, 1,5 і 1,2 млн еўра пазней плацілі «Парма», «Сампдорыя» і «Бары» адпаведна) і столькі ж – за Рэнана Брэсана таму ж БАТЭ ад «Аланіі» (добра, не мастадонт, але адметная асоба для нашага футболу).
3,65 мільёна ў далёкім 1989 годзе за Сяргея Алейнікава заплаціў «Ювентус». Для паразумення маштабу: за два гады да трансфера беларуса 6,75 мільёны еўра было заплочана «Міланам» за ўладальніка «Залатога мяча-1987» Руда Гуліта!
10 мільёнаў еўра ў 2001-м выдаткавала «Парма» на Сяргея Гурэнку, а за два года да таго 5,45 мільёнаў заплаціла за яго «Рома» маскоўскаму «Лакаматыву».
Апошні ў спісе 19 беларусаў за 1+ мільёна еўра – Аляксандр Глеб. Яму належыць рэкорд па кошце трансфера сярод усіх беларусаў – 17 мільёнаў еўра ўлетку 2008 года заплаціла «Барселона» лонданскаму «Арсеналу», які ў 2005-м аддаў за беларуса 15 мільёнаў «Штутгарту». У далейшым Глеба-старэйшага накіроўвалі з «Барсы» ў платныя арэнды: 2 мільёны за карыстанне гульцом у 2009-м заплаціў «Штутгарт», 1,2 мільёна – «Бірмінгем» у 2010 годзе.
Пераход Шкурына ў «Легію» за 1,5 млн не трапляе ў топ-10 трансфераў беларусаў за ўсю гісторыю (11-ы радок), але ўваходзіць у топ-2 за апошняе дзесяцігоддзе, саступаючы толькі Кірылу Капленку, пры гэтым у расійскім футболе – свае законы, і памер кампенсацыі за беларуса шмат каго здзівіў.