Першы старт Шкурына ў «Легіі»: мог і забіць, і зарабіць пенальці ў свае, да прэсы не выйшаў, а вось што кажа пра яго трэнер
Даведаліся, колькі футболак беларуса прадаў фан-шоп да гульні.
За дзве гадзіны да матчу пад стадыёнам імя Юзэфа Пілсудскага ўжо шматлюдна. Заўзятары камунікуюць і п'юць піва, а вуліцы, апроч ліхтароў, асвятляюць мігалкі мноства паліцэйскіх машын, што не дзіўна: «Легія» і «Ягелонія» – прынцыповыя супернікі, а іх фанаты паміж сабой варагуюць.
Тым не менш у фан-шопе народа не шмат. Цікаўлюся ў прадаўцоў: колькі каштуе зрабіць гульнявую футболку з нумарам 17 і прозвішчам Ілля Шкурын? Адказваюць: «499 злотых, зойме 20 хвілін». Дадаюць, што майкі з прозвішчам беларуса ўжо набылі трое.
За гадзіну да гульні на табло стадыёна з'явіліся склады – Шкурын упершыню ў старце «Легіі». А праз некалькі хвілін фанаты гаспадароў расцягваюць тры бел-чырвона-белыя флагі на зялёным фоне. Здаецца, яны вырашылі павітаць беларуса:
Хаця чырвоная паласа на белым прысутнічае і на эмблеме клуба. Як бы там ні было, каляровая гама навічку пасуе.
«Гэй!» – мясцовыя заўзятары гучна вітаюць кожнага гульца са стартавага складу сваёй каманды, у тым ліку Шкурына – нумар 17.
Ужо на 4-й хвіліне Шкурын і Марк Гуаль разыгрываюць камбінацыю, якая заканчваецца недакладным ударам іспанца. А праз шесць хвілін «Легія» забівае, але суддзі адмяняюць гол Кацпера Хадына пасля прагляду ВАР – афсайд.
Наогул, у першым тайме каманды не стварылі вялікай колькасці момантаў, а асноўнае дзеянне адбывалася на «Жылеце» – фан-сектары «Легіі». Пасля традыцыйнага выканання «Сну пра Варшаву», які быў напісаны ўраджэнцам Шчучыншчыны Чэславам Неменам, і лазернага шоу пад Somewhere I Belong Linkin Park, на трыбуне з'явілася русалка – сімвал Варшавы, якую фанаты выклалі з фаераў.
А затым фанаты «Легіі» дасталі расцяжку: «Мы для вас скралі сцягі». Пасля чаго на «Жылеце» сталі з'яўляцца перавернутыя банеры «Ягелоніі»:
Іх напаткаў сумны лёс – на 30-й хвіліне «Ягелонія» адкрыла лік, і банеры тут жа загарэліся. Выглядала гэта не вельмі бяспечна, але, здаецца, абышлося без эксцэсаў:
«Легія» магла зраўняць амаль у першай жа атацы апасля, але Барташ Капустка зарадзіў у штангу, а Шкурын аказаўся ледзь у баку ад мяча, што адскачыў. На перапынак каманды сышлі з мінімальнай перавагай гасцей. Другі тайм пачаўся з нападаў «Легіі» і чарговага перфомансу іх фанатаў. Выглядала ўражліва прыгожа:
Фанатаў «Ягелоніі» таксама было нямала. А ў другім тайме дыктар аб'явіў, што на стадыёне прысутнічае 23816 чалавек. Максімальная ўмяшчальнасць стадыёна імя Пілсудскага – 31 800.
Героем жа сустрэчы стаў японскі вінгер «Легіі» Рэя Марышыта. Спачатку ён асіставаў Яну Зялкоўскаму – Шкурын быў побач з эпізодам, але ў голе ўдзелу не прыняў. А на прыканцы сустрэчы японец аформіў дубль і вывеў «Легію» ў паўфінал. Цікава, што яго другому галявому ўдару на 90+9-й хвіліне не даў рады не толькі брамнік «Ягелоніі», але і сетка варот. Палякі, якія сядзелі вакол, не адразу зразумелі, што здарыўся гол – толькі праз некалькі секунды пачалі цешыцца, а адзін павярнуўся і з усмешкай сказаў: «Дзюра».
Шкурына замянілі на 66-й хвіліне. У другім тайме ён меў перспектыўную сітуацыю, каб забіць, але не змог апрацаваць перадачу партнёра. Стадыён расчаравана выдыхнуў, а легіянер некалькі секунд трымаўся за галаву.
А за пару хвілін да гэтага Шкурын стаў удзельнікам аднаго з самых спрэчных момантаў матчу: пасля кутняга «Ягелоніі» мяч датыкнуўся рукі беларуса. Галоўны суддзя сустрэчы Пётр Ласык пасля кансультацыі з памочнікамі на ВАР пенальці не даў. Шкурын чакаў рашэння ў цэнтры поля. І калі абышлося, некалькі разоў пляснуў далонямі.
Другі спрэчны момант здарыўся на 74-й хвіліне. 16-гадовы паўабаронца «Ягелоніі» Оскар Петрушэўскі пайшоў у дрыблінг у штрафной «Легіі», але пасля кантакту з абаронцамі ўпаў. Ласык спачатку паказаў на белы пункт, але потым пайшоў глядзець ВАР. Тым часам маскот «Легіі» спрабаваў паўплываць на рашэнне арбітра і прапанаваў таму грошы. Суддзя хабар не ўзяў, але пенальці адмяніў.
Пасля матчу прадстаўнікі «Ягелоніі» былі незадаволеныя судзействам.
«У першым тайме гулялі вельмі добра. У нас быў мяч, моманты, мы забілі гол. Але другая палова... Не ведаю, для мяне гэта, напэўна, два пенальці. Але гэта Варашава», – відавочна намякнуў на хатняе судзейства капітан «Ягелоніі» Хесус Імаз.
Пра спрэчныя моманты казаў і галоўны трэнер гасцей Адрыян Семянец: «Думаю, што былі дзве неадназначныя сітуацыі. Першая пасля стандарту, дзе правяралі руку Іллі Шкурына і тая з адмененым пенальці. Расчараванне ёсць, але я далёкаі ад ацэньвання суддзяў».
Тым часам Шкурын святкаваў перамогу разам з партнёрамі і фанатамі:
Перад прэс-канферэнцыяй прысутных журналістаў – мяркуючы па ўсім, прыхільнікаў «Легіі» – спрэчныя моманты не вельмі цікавілі. Яны абмяркоўвалі будучага суперніка па паўфінале, спадзяючыся, што выпадзе гуляць з варшаўскай «Палоніяй». Апошні раз галоўнае дэрбі сталіцы Польшчы адбылося ў сакавіку 2013-га і скончылася перамогай «Легіі» (2:1).
Абмеркаванне заканчваецца, калі ў прэс-цэнтр заходзіць галоўны трэнер «Легіі» Гансала Феё. Партугалец крочыць па залі і цісне руку кожнаму. Затым дае агульны каментар пра матч, а затым размова пераходзіць на Шкурына.
– Раней вы ўжо працавалі са Шкурыным у «Ракаве», і там у яго не вельмі атрымалася. Ці не баяліся вы запрашаць яго ў «Легію»? Як, на вашую думку, Шкурын змяніўся з часоў «Ракава»?
– Я не баяўся за Іллю. Я веру ў кожнага новага футбаліста, імкнуся дапамагчы інтэгравацца ў каманду. «Ракаў» і «Легія» гуляюць у розны футбол. Ілля стаў больш вопытным футбалістам – гуляе не першы сезон у Экстракласе, дзе забівае, мае хвіліны. Мяркую, што сёння ў вельмі цяжкі для каманды момант ён паказаў некалькі станоўчых момантаў. Некаторыя з іх, безумоўна, маглі б быць і лепшымі. Я веру, што час будзе працаваць на яго карысць, і ён пакажа свае моцныя навыкі, якія мы ўжо маглі бачыць сёння.
– Ці не цісне на Шкурына тое, што ў водгуках заўзятараў хапала скепсісу на яго адрас – здаецца, шмат хто чакаў форварда з іншага чэмпіянату?
– Мне не падабаецца слова ціск. Сёння перад гульнёй мяне спыталі, ці адчуваю я ціск. Ціск адчуваюць на вайне, калі змагаюцца за жыццё. Ціск адчуваюць медыкі ля аперацыйнага стала. Гуляць у футболцы «Легіі» – гэта зусім іншая справа, чым гуляць у футболцы іншага клуба ў гэтай краіне. Гэта прывілей, але і абавязак. Ілля не факусуецца на медыя, ён не сядзіць у сацыяльных сетках. Ён адрэзаў сябе ад усяго гэтага і засяродзіўся на тым, каб кожны дзень быць найлепшай версіяй сябе, – сказаў Феё.
Зона, дзе журналісты мусяць перасякацца з футбалістамі пасля матчаў, на варшаўскім стадыёне збудаваная не вельмі ўдала. Гаспадары увогуле маюць магчымасць адразу прайсці на паркінг. Уласна, туды пасля матчу і скіраваўся амаль увесь склад «Легіі», у тым ліку Шкурын, які і так добра вядомы сваёй нелюбоўю даваць каментары. Да журналістаў выйшаў толькі Барташ Капустка – але яму было што абмеркаваць і без беларускага легіянера.
Фота: legia.net