Жодзіна перад самым Кубкам набрала гульцоў з Расіі – адзін выбіў з Еўропы, другі прыехаў ад партнёраў iншага клуба ЧБ
Плюс бразілец без досведу дарослага футбола.
Першы афіцыйны матч у 2025-м «Тарпеда-БелАЗ» правядзе 2 сакавіка – згуляюць на выездзе ў чвэрцьфінале Кубка супраць «Дынама» Брэста. За пару дзён да яго клуб стаў шмат абвяшчаць пра падпісанні новых гульцоў. Прычым усе яны будуць выступаць за Жодзіна на правах гадавой арэнды з расійскіх клубаў. Вось хто гэта.
Мамаду Камара, 24 гады, Малі
Форвард – выхаванец малійскага «Блэк Старз», а з пачатку 2021-га 3,5 года правёў ў арэндзе ў малдоўскім «Мілсамі». За гэты клуб сумарна згуляў у 59 матчах, аформіўшы 13 галоў і 8 асістаў. У ліпені 2024-га Камара сваімі голам і асістам дапамог «Мілсамі» абыграць «Тарпеда-БелАЗ» 4:2 у першым матчы першага раўнда кваліфікацыі ЛК – запасу з гэтай гульні хапіла, каб прайсці далей (другая сустрэча скончылася па нулях).
А ўжо ў жніўні футбаліста за 120 тысяч еўра выкупіла маскоўскае «Тарпеда» з расійскага Д2. Але замацавацца ў камандзе, якая прэтэндуе на павышэнне, Камара не змог – калі і гуляў, то з замены, за паўгода паўдзельнічаў у 10 матчах, выніковымі дзеяннямі не адзначыўся.
У пачатку 2025-га «Тарпеда» падпісала дамову аб супрацоўніцтве з «Тарпеда-БелАЗ», пасля чаго адправіла ў Беларусь шэраг сваіх гульцоў. Адным з іх і стаў Камара.
Маліец – ляўша, можа згуляць на любой пазіцыі ў атацы. На месцы вінгера сярод канкурэнтаў – 21-гадовы Цімафей Шаркоўскі (23 матчы, 3+1 у мінулым сезоне ЧБ), 24-гадовы Ілля Васілевіч (25 матчаў, 5+1), 30-гадовы Вадзім Пабудзей (29 матчаў, 2+5). З атакуючых паўабаронцаў – яшчэ два навічкі: Павел Сядзько (24 матчы, 4+10 у мінулым сезоне за мінскае «Дынама») і Кая Дантас (пра якога ніжэй). У ролі форварда Камара можа супернічаць з 35-гадовым Максімам Скавышам (29 матчаў і 15 галоў у ЧБ-2024).
Кая Дантас, 21 год, Бразілія
Ураджэнец Рыа-Дэ-Жанэйра – выхаванец «Васкі Да Гамы». Атакуючы паўабаронца з акадэміі гэтага клуба выклікаўся ў зборную Бразіліі U-16 – з лаўкі назіраў за таварыскімі матчамі з аднагодкамі з Францыі (1:3), Нарвегіі (4:1) і Англіі (2:2). У складзе апошніх тады гулялі будучыя зоркі «Баварыі» і «Рэала»: Джамал Мусіяла, які пазней узяў нямецкі пашпарт, і Джуд Белінгем.
У 2022-23 гадах Дантас гуляў за каманду U-20 «Васкі» – 11 матчаў пры адным голе. Яшчэ сезон правёў у «Фарталезе» U-20 – яшчэ 13 сустрэч з адным асістам. Летам 2024-га перайшоў у маскоўскае «Тарпеда», але ў заяўку не патрапіў праз ліміт на замежнікаў.
У канцы студзеня 2025-га прыехаў на прагляд у «Тарпеда-БелАЗ» і праз месяц быў афіцыйна арандаваны – можа быць, хоць тут дэбютуе на дарослым узроўні. Прэс-служба жодзінцаў прадставіла бразільца пацешным ролікам, якіх у гэтае міжсезонне зрабіла нямала.
Пра Камара і Дантаса ўжо ў станоўчым ключы адгукаўся галоўны трэнер жодзінцаў Дзмітрый Молаш. «Гэта добрыя футбалісты, якія выдатна праяўляюць сябе ў трэніровачным працэсе і ў калектыве. Нам гэта падабаецца, і мы бачым, што яны могуць яшчэ прагрэсаваць», – казаў коўч.
Арсень Агееў, 20 гадоў, Беларусь
Правы абаронца гуляў у сістэме БАТЭ, але за першую каманду правёў толькі адзін матч – у 1/16-й Кубка Беларусі-2022/23 выйшаў на замену супраць «Стэнлеса» (2:1). Сезон 2023 года правёў у арэндзе ў дзяржынскім «Арсенале», з якім выйграў Д2, аформіўшы 5 галоў і 11 асістаў у 29 матчах. У сакавіку мінулага года Агееў падпісаў з дзяржынцамі паўнавартасны кантракт і працягнуў стабільна гуляць ужо ў вышэйшай лізе, чым прыцягнуў цікавасць маскоўскага «Лакаматыва» – расійскага клуба, які стаў партнёрам «Арсенала» перад сезонам-2024.
Мінулым летам расіяне заплацілі дзяржынцам 100 тысяч еўра, падпісалі з беларускім абаронцам трохгадовы кантракт і адправілі назад у «Арсенал» на правах арэнды. Галоўны трэнер «Лакаматыва» Міхаіл Галакціёнаў тлумачыў, што Агееў – гэта падпісанне на перспектыву. У ЧБ жа беларус за 2024-ы згуляў 28 матчаў і аддаў чатыры галявыя перадачы. Агееў таксама рэгулярна выступае за маладзёжную зборную Беларусі – там восем матчаў і адзін асіст.
Перад сезонам-2025 ў «Лакаматыве» зноў адправілі Агеева ў арэнду – але чамусьці не ў «Арсенал», а ў «Тарпеда-БелАЗ». Магчыма, кіраўніцтва маскоўскай каманды захацела, каб футбаліст атрымаў досвед барацьбы з клубам за высокія месцы. Пры гэтым у «Тарпеда-БелАЗ» цяпер высокая канкурэнцыя на пазіцыі правага абаронцы – яшчэ ёсць 25-гадовы Ілля Руцкі (27 матчаў, 2+3 у мінулым сезоне) і 36-гадовы Ігар Бурко (19 матчаў, два асісты).
***
Акрамя згаданых у матэрыяле футбалістаў, «Тарпеда-БелАЗ» гэтай зімой падпісаў гадавыя арэндныя дамовы з яшчэ двума расіянамі: 22-гадовы паўабаронца Аляксандр Арэхаў стаў чарговым папаўненнем з маскоўскага «Тарпеда», а 25-гадовы цэнтральны абаронца Кірыл Глушчанкоў вярнуўся з «Ніжняга Ноўгарада» Віктара Ганчарэнкі.