Беларус, які юнаком узяў пашпарт Расіі і гуляў за яе зборныя, стаў там непатрэбны і ў 27 вярнуўся на Радзіму – спатрэбіўся БАТЭ
А ў брэсцкім «Дынама» атрымаў адмову.
Калісьці Мікалай Пруднікаў лічыўся калі не буйным талентам, то як мінімум вельмі моцным праспектам па беларускіх мерках. Хлопец нарадзіўся ў Шклове. У дзяцінстве займаўся вольнай барацьбой па прыкладзе свайго бацькі Аляксандра, аднак пазней пераключыўся на футбол, трэнінгі па якім ішлі паралельна ў тым жа спартыўным цэнтры. Далей Пруднікаў апынуўся ў школе «Дняпра», а ў 14 гадоў з'ехаў у акадэмію «Чартанава», якая лічыцца адной з найлепшых у Расіі.
У «Чартанава» форвард правёў чатыры з паловай гады, дарос да першай каманды, якая выступала ў Д3. У чэмпіянаце 2016/17 стаў найлепшым бамбардзірам у зоне Захад (забіў 12 мячоў у 16 матчах) і зацікавіў «Зеніт», які даў за маладога 170 тысяч еўра.
Паралельна Пруднікаў узяў расійскі пашпарт і пачаў выступаць за юнацкія зборныя Расіі. У складзе каманды U-17 у 2015-м годзе нават зʼездзіў на чэмпіёна свету ў Чылі, дзе ўзяў удзел у чатырох матчах, але выніковымі дзеяннямі не адзначыўся – расіяне выйшлі ў 1/8 фіналу, дзе саступілі Эквадору 1:4. Таксама Пруднікаў паспеў пагуляць за каманды Расіі U-18 (шэсць таварыскіх матчаў), U-19 (тры кваліфікацыйныя гульні да Еўра і гол Казахстану) і U-20 (тры спарынгі).
Ну а беларускія трэнеры бедавалі, што Пруднікаў абраў зборную Расію. «Выдатна памятаю гэтага хлопца. Калі ён выклікаўся, зборная толькі пачынала. Правёў два таварыскія матчы з кіпрыётамі. А потым з'ехаў у Расію. Вельмі шкада. Перспектыўны нападнік, што, уласна, і даказаў добрай гульнёй за зборную Расіі U-17 і U-19. На жаль, калі бацькі захацелі пераехаць, мы нічога не можам зрабіць», – казаў тагачасны трэнер зборнай Беларусі U-17 Міхаіл Мархель у ліпені 2017-го.
Праз два гады ўжо трэнер «Дняпра» Яўген Моўчан, які працаваў з Прудніковым у акадэміі, разважаў, што трэба пераглядаць усю арганізацыю дзіцячага футбола ў Беларусі, каб такія таленты не зʼяжджалі.
Праўда, на той момант карʼера Пруднікаў ужо мінавала свой пік. У «Зеніце» форвард да асноўнай каманды так і не дарос, хоць і ездзіў некалькі разоў з ёй на перадсезонныя зборы. У дублі, які выступаў у Д2, за паўтара сезона правёў 51 матч, набраў 6+1 і ў лютым 2019-га сышоў у арэнду ў «Чартанава». Каманда на той момант ужо таксама выступала ў Д2, але Пруднікаву, у тым ліку праз траўмы, праявіць сябе не ўдалося – 26 гульняў і 2+2 за паўтара сезона. Затое ў адзіным у той перыяд кубкавым матчы з «Разанню» (4:1) выдаў хет-трык і асіст.
Пасля заканчэння арэнды Пруднікаў адправіўся ў «Арэнбург», дзе наступныя два сезоны выступаў пад кіраўніцтвам экс-трэнер брэсцкага «Дынама» Марцэла Лічкі. Тады ж паспеў пагуляць з многімі беларусамі – Андрэем Клімовічам, Міхаілам Сіваковым, Кірылам Пячэніным, Юрыем Кавалёвым і Кірылам Капленкам, які, як і Пруднікаў, у свой час вырашыў узяць расійскі пашпарт.
У «Арэнбургу» шклаўчанін у асноўным пачынаў матчы з лаўкі. Тым не менш за два сезоны набегла 67 выхадаў на поле, а па гол+пас – нядрэнныя 13+9. Галоў як мінімум на адзін магло быць больш. У кастрычніку 2020-га «Арэнбург» гуляў супраць «Велеса». На 60-й хвіліне Пруднікаў выскачыў сам-насам з галкіперам і пакаціў міма таго. Мяч спакойна каціўся ў вароты, а ўжо на лініі яго дабіў экс-форвард брэсцкага «Дынама» Джаэл Фамее. Суддзі скасавалі гол: у момант удару Пруднікава ганец быў у афсайдзе.
У сезоне 2021/22 «Арэнбург» прабіўся ў расійскую эліту, але Пруднікаў туды не пайшоў – у ліпені пакінуў клуб, паўгода правёў без працы, а ў лютым падпісаўся з венгерскім «Мезекевешдам», дзе тады выступаў Аляксандр Карніцкі. У Венгрыі правёў усяго пяць матчаў, і ў жніўні 2023-га з'ехаў ва «Урарту» з Еравана. У Арменіі ледзь не здарыўся першы ў карʼеры трафей: «Урарту» на правах уладальніка Кубка гуляў у Суперкубку з чэмпіёнам «Шыракам», але саступіў па пенальці (0:0, 5:6 у серыі). У траўні каманда была блізкая, каб абараніць тытул, але ў фінале з «Арарат-Арменіяй» зноў саступіла па пенальці (1:1, 3:5). За сезон ва «Урарту» Пруднікаў правёў 27 матчаў ва ўсіх турнірах і набраў 4+3.
Пасля гэтага форвард адправіўся ў «Волгар» з расійскага Д3: правёў 10 матчаў, часцей зʼяўляўся на полі з замены, выніковымі дзеяннямі не вызначыўся – і на пачатку сакавіка клуб абвясціў пра спыненне супрацы па ўзаемнай згодзе. Да таго часу Пруднікаў ужо паспеў не прайсці прагляд у брэсцкім «Дынама», хаця на перадсезонцы вызначыўся двума мячамі – «Слуцку» (2:0) і «Хвалі» (7:0).
Але новы клуб 27-гадовага форварда – у Беларусі, і гэта – БАТЭ, дзе давялося больш як тыдзень праходзіць прагляд. Пруднікаў, нягледзячы на сціплы рост (171 сантыметр), можа згуляць цэнтральнага нападніка, аднак куды верагодней, што будзе выкарыстоўвацца ў Барысаве ў якасці вінгера (а ён здзольны згуляць як злева, так і справа). Характэрна, што ўсе гульцы ў ростары БАТЭ на пазіцыю атакавалых крайкоў адрозніваюцца ўніверсальнасцю. Таму канкураваць Пруднікаву давядзецца і з івуарыйцам Дональдам Донга (29 матчаў, 4+6 за «Дняпро» у мінулым сезоне), і з яго суайчыннікам Раянам Гібера (10 матчаў, адзін гол за «Смаргонь»), і з 19-гадовым Міколам Мірскім (20 матчаў), які вярнуўся пасля арміі, і з 20-гадовым Аляксандрам Шведчыкавым (20 матчаў), які аднаўляецца пасля аперацыі па выдаленні апендыцыту і «іншых праблем па здароўі».
Па падпісанні кантракту навічок заявіў, што ў Беларусі для яго «заўсёды быў толькі адзін клуб». Натуральна, гэта БАТЭ, а не брэсцкае ці нейкае іншае «Дынама».