БАТЭ ўзяў афрыканца, які ўцёк з папярэдняга клубу: умее прыгожа забіваць і па-руску, але не скончыў школу
У Барысава нібыта было шмат канкурэнтаў, але ў гэта цяжка паверыць.
Сага з пераходам Яо Жана Шарля ўсё ж завершаная. СКА Хабараўск з расійскага Д2 аб'явіў пра пераход 24-гадовага івуарыйскага форварда ў БАТЭ за 50 тысяч еўра. Шарль гэтай зімой мог аказацца і ў мінскім «Дынама» – у СКА паведамлялі, што ў іх на руках нібыта была прапанова ад мінчукоў, а сам футбаліст у інстаграме быў падпісаны на «Дынама», але ўсё ж апынуўся ў Барысаве.
Як праходзіла першая пакупка БАТЭ за 2,5 гады
Перад прыездам у Беларусь Шарль паспеў пасварыцца з кіраўніцтвам СКА Хабараўск. Легіянер быў незадаволены гульнявым часам – за два з паловай гады ў камандзе правёў 64 матчы ( набраў 8+3 па гол+пас), але ніводнага поўнага, а ў большасці выпадкаў выхадзіў з лаўкі. Па словах Шарля, ён прасіў адпусціць яго яшчэ ўлетку, але клуб адмовіўся, бо нібыта не паспяваў адшукаць замену. Зімой сітуацыя паўтарылася, і форвард вырашыў дзейнічаць – не прыляцеў на збор каманды і выказаў намер вырашаць пытанне праз УЕФА.
СКА ж не хацеў адпускаць футбаліста бясплатна, хаця кантракт у таго быў разлічаны ўсяго да канца бягучага сезона. Пасля дэмаршу клуб выпусціў заяву, у якой паведаміў, што з гульцом камунікуе толькі праз паведамленні ў мэсэнджарах, на якія той адказвае не заўсёды. СКА страшыў, што калі Шарль не зменіць «дэструктыўныя паводзіны», то рушыць скарга ў РФС і ФІФА з разлікам на дыскваліфікацыю і штраф. У заявах клуб успамінаў і менеджараў гульца: паведамлялася, што тыя прадстаўляюць форварда патэнцыйным працадаўцам як свабоднага агента.
Аднак сітуацыю, здаецца, удалося вырашыць палюбоўна: Шарль адправіўся ў Барысаў, а СКА атрымаў 50 тысяч еўра на рахунак. Пры гэтым форвардам зімой нібыта цікавіліся іншыя каманды: паведамлялася, што ён трэнаваўся з кітайскім «Яньбянь Лонжынь», а сам футбаліст казаў, што ў яго ёсць прапановы ад «Енісея» і «Цюмені» з расійскага Д2. СКА сцвярджае, што прыходзілі запыты на трансфер з чэмпіянатаў Сербіі і Балгарыі.
Праўда, усё гэта гучыць вельмі малаверагодна з улікам таго, у якім фінансавым становішчы знаходзіцца БАТЭ. Былы чэмпіён камплектуецца на ўзроўні звычайнага серядняка і нікому не прапаноўвае вялікіх грошай. І як ён мог выйграць хоць у кагосьці з расійскага Д2 канкурэнцыю па заробках – вялікае пытанне. Ну а кампенсацыю СКА мог заплаціць і бок футбаліста, толькі каб сысці ў іншую каманду.
Адзначым, што фармальна для барысаўцаў гэта першая пакупка са жніўня 2023-га. Тады за 80 тысяч еўра ў БАТЭ з «Мінска» перайшоў Кірыл Чарнаок.
Што гэта за футбаліст?
Шарль нарадзіўся ў горадзе Гран-Басам. У яго сям'і пяцёра дзяцей – тры сястры і ён з братам. Любоў да футбола прышчапіў бацька, які, па словах Шарля, гуляў за розныя каманды ў элітным дывізіёне Кот-д’Івуара. Але бацькоў у форварда не стала, калі яму было 15. Пасля гэтага Шарль кінуў школу, якую дагэтуль не скончыў, і сканцэнтраваўся на футболе. У 2019-м паехаў на прагляд у бельгійскі «Бругэ», але атрымаў там траўму і вярнуўся ў Афрыку. Некалькі гадоў гуляў у элітным дывізіёне Буркіна Фасо за «Салітас», УСА, «Рахіма» і «Каскадэс». За апошнюю каманду забіў 13 мячоў у 10 матчах, пасля чаго прыцягнуў увагу СКА з расійскага Хабараўска.
У інтэрв'ю прэс-службе хабараўцаў афрыканец казаў, што лічыць Расію, якая вось ужо больш за тры гады вядзе злачынную вайну супраць Украіны, вялікай краінай з гасціннымі і добрымі людзьмі. Але не выключана, што Шарль у палітычныя нюансы пры пераходзе не ўнікаў.
У СКА Шарля не цешылі гульнявым часам, але ён паспеў забіць некалькі эфектных мячоў. Дэбютны гол здарыўся ў вароты «Нафтахіміка» (1:0) пасля класнага забегу па флангу і дакладнага ўдару ў далёкі кут:
Гэты гол з таварыскага матча СКА, але ад гэтага не менш эфектны. Класны фінт і магутны кручаны ўдар у далёкую дзявятку:
У гэтым сезоне расійскага Д2 Шарль ні разу не выйшаў у аснове. Але ў гульні з «Уфой» прымудрыўся адзначыцца дублем за 16 хвілін і прынесці камандзе нічыю – 3:3. Пасля гульні форвард патрапіў у зборную тура ФНЛ, а асабліва эфектным атрымаўся другі мяч, які, праўда, не абыйшоўся без памылкі галкіпера.
За час у Расіі Шарль здолеў нядрэнна вывучыць рускую мову, валоданне якой неаднаразова дэманстраваў прэс-службе СКА. Аднойчы нават спрабаваў напяваць партнёрам расійскія хіты розных часоў – добра атрымлівалася не заўсёды, але ў некаторых момантах хібілі самі партнёры, якія не вельмі арыентаваліся ў музыцы.
Здаецца ў БАТЭ Шарля бяруць пад ролю асноўнага форварда. З канкурэнтаў цяпер ёсць 29-гадовы Аляксандр Ануфрыеў (29 матчаў, 4+2 у мінулым сезоне), які ўсё ж больш любіць дзейнічаць з глыбіні, і 21-гадовы Аляксандр Шведчыкаў, які за 20 матчаў мінулага сезона выніковымі дзеяннямі не вызначыўся.
У паспяховае выступленне Шарля ў Барысаве верыць былы галоўны трэнер СКА Хабараўск Раман Шаронаў. Спецыяліст адзначаў, што ў івуарыйца класная фізіка, хуткасць, няма праблем з дысцыплінай, але практычна адсутнічае футбольная школа.