Талент, які выбухнуў у 2023-м, усё шукае сябе: правал у Брэсце, няўдалае вяртанне дадому, далей – рэанімацыя ў Маладзечне
Яшчэ нядаўна адмаўляў мінскаму «Дынама» і «Нёману».
Пасля яркага сезона-2023 у вышэйшай лізе малады вінгер Мацвей Дукса быў нарасхват. На 8 галоў і 8 асістаў футбаліста ў складзе навічка Д1 «Смаргоні» звярнулі ўвагу топы чэмпіянату мінскае «Дынама» і «Нёман», але 20-гадовы на той момант гулец абраў брэсцкае «Дынама». Там ён займаўся ў акадэміі ў багатыя для клуба 2018-2019 гады, таксама юнака прывабіла асабістая зацікаўленасць тагачаснага галоўнага трэнера брастаўчан Аляксандра Бразевіча.
З «Дынама» Дукса падпісаў кантракт ажно на тры гады, але выпаў са складу ўжо на пачатку сезона і стаў адным з галоўных расчараванняў першай паловы чэмпіянату-2024. За першае кола на рахунку вінгера назбіралася ўсяго 8 выхадаў на поле (усе з замены) і 119 хвілін гульнявога часу.
Пра прычыны такога правалу «Трыбуна» пісала ў чэрвені мінулага года: тут праблемы і з вучобай (а дакладней, з рэжымным размеркаваннем выпускнікоў ВНУ), і з адаптацыяй (гулец выйшаў з зоны камфорту, якую меў у роднай Смаргоні).
Пра праблемы з адаптацыяй Дуксы ў Брэсце пісалі не толькі мы – у адкрытую пра гэта казаў і Бразевіч. У выніку вінгера аддалі ў арэнду да канца сезона туды, дзе і ўзялі – «Смаргоні». Ужо пасля гэтага кіраўнік «Дынама» Аляксандр Неўдах заявіў, што Дукса наўпрост прайграў канкурэнцую – тады ў брастаўчан на кожнай пазіцыі, дзе можа згуляць Мацвей, феерыла трыа Гардзяйчук-Баркоўскі-Карцоў.
– У 2023 годзе мы толькі марылі пра тое, каб у нас была канкурэнцыя. І канкурэнцыя не простая. Яе трэба выйграваць. Дукса атрымліваў крыху часу, паціху ўваходзіў у склад, – каментаваў Неўдах.
Пра брэсцкія цяжкасці Дуксы казаў і галоўны «Смаргоні» Ігар Слесарчук, які абяцаў дапамагчы гульцу зрабіць крок наперад. Але з 15 астатніх матчаў да канца чэмпіянату вінгер згуляў 9 (з іх толькі тры поўныя), у іх адзначыўся адзіным голам у браму «Гомеля» 30 жніўня, ды і тое ў няўдалым матчы (1:2).
Яшчэ ў Дуксы падчас арэнды была замена на 36-й хвіліне з «Іслаччу» 5 кастрычніка. Той матч «мядзведзі» таксама прайгралі, а Слесарчук на прэс-канферэнцыі без прозвішчаў казаў, што некалькі футбалістаў «выпалі ў першым тайме» і што «ў акопах адсядзецца не атрымаецца».
І гэта ўсё, чым запомнілася арэнда Дуксы ў «Смаргоні».
– У 2023 годзе Мацвей паказаў нядрэнную статыстыку за каманду свайго горада. Зразумела, быў іншы стыль гульні, але, калі Дукса далучыўся да нас улетку, я бачыў, што ён знаходзіцца ў ненайлепшым псіхалагічным і фізічным стане. Спрабаваў яго разварушыць, мне падавалася, што атрымліваецца, але потым гэта скончылася. Тут трэба яму задаваць пытанне, што з ім здарылася... Пачалі вылазіць балячкі, траўмы. Я на Мацвея моцна спадзяваўся, але, як казаў адзін футбаліст, вашыя чаканні – вашыя праблемы, – даволі шчыра падсумаваў супрацу Слесарчук.
Малады футбаліст вярнуўся ў Брэст, які перажываў змены: Бразевіча прыбралі яшчэ ў сезоне-2024, а 9 студзеня 2025-га клуб узначаліў Аляксандр Сяднёў, якога нацэлілі на топ-3 у чэмпіянаце. Але не сказаць, што Дуксу стала прасцей.
На яго асноўную пазіцыю левага вінгера яшчэ ў лістападзе захавалі Міхаіла Гардзейчука, а напрыканцы студзеня падпісалі Антона Шрамчанка. На дадатковыя амплуа справа і па цэнтры таксама поўны камплект: Ягор Карцоў, Дзяніс Лапцеў і два Дзянісы Кавалевічы. Ды і выглядае так, што Сяднёў не бачыў Дуксу ў складзе – паводле статыстычных парталаў і сацсетак «Дынама», 21-гадовы вінгер не ўзяў удзелу ні ў аніводным таварняку міжсезоння.
Паўстала пытанне пра новую арэнду. 20 лютага Слесарчук, нягледзячы на няўдалы апошні вопыт, заявіў, што зноў хацеў бы ўбачыць Дуксу ў «Смаргоні». Коўч размаўляў з футбалістам, як у свой час рабіў і Бразевіч, але, паводле Слесарчука, ўсё залежыла ад жадання футбаліста і яго сям'і.
Відаць па ўсім, у родны горад Дукса вяртацца не захацеў. 5 сакавіка было абвешчана, што да канца 2025 года вінгер будзе выступаць за суседзяў (усяго 40 км ад Смаргоні) – навічка вышэйшай лігі «Маладзечна» на правах арэнды. Там ён будзе не адзіным брастаўчанінам – яшчэ 22 лютага «зялёныя» арандавалі 21-гадовага хаўбека Дзмітрыя Лесняка.
У «Маладзечне», зноў жа, усё будзе залежыць толькі ад самога Дуксы: ролю левага вінгера ў «зялёных» выконвае флангавы ўніверсал Павел Цеслюкевіч. Згуляць на пазіцыі можа і цэнтральны нападнік Яўген Азерскі, які прыйшоў у лютым з гомельскага «Лакаматыва». Паглядзім, ці здолее смаргонскі талент даць рады такой канкурэнцыі.