Што вядома пра 9-месячную (!) дыскваліфікацыю Фансекі: не зможа заходзіць у распранальню, быў згодны на грамадскія працы
СМІ пішуць пра ўплыў сітуацыі ва Украіне на маральны стан партугальца.
5 сакавіка партугальскаму трэнеру Паўлу Фансеку споўнілася 52 гады – і ў той жа дзень ён на 9 месяцаў застаўся без футбола.
• Партугальца дыскваліфікавалі – праз 5 матчаў на пасадзе галоўнага трэнера «Ліёна» пасля пераходу з «Мілана», адкуль яго звольнілі. Прычынай стаў зрыў на рэферы напрыканцы пераможнага матча з «Брэстам» (2:1), калі коўч атрымаў чырвоную картку.
Ён усутыч агрэсіўна накрычаў на арбітра і, здаецца, нават зачапіў яго галавой:
Фансеку прыйшлося адцягваць:
• Нягледзячы на сур'ёзнасць інцыдэнту, пакаранне футбольных інстанцый здзівіла – дзевяць (!) месяцаў адхілення! Варта таксама адзначыць, што Паўлу прынёс прабачэнні суддзям Лігі 1 і асобна рэферы Бенуа Міё, з якім адбылася сутычка. І добраахвотна прапанаваў паўдзельнічаць у грамадскіх працах.
Дыскваліфікацыя працягнецца да 30 лістапада, а да 15 верасня коўчу забаронена заходзіць у распранальню каманды перад матчамі і ў перапынках.
• «Ліён» апублікаваў прэс-рэліз, у якім не пагадзіўся з рашэннем:
«Клуб шкадуе, што яго трэнера судзілі не толькі за яго ўчынкі, але і за эмацыйную рэакцыю без яўнага намеру фізічна напасці на арбітра.
Улічваючы пакаранне, якое, здаецца, было прадыктаванае негатыўным кантэкстам, які ўплывае на французскае судзейства, «Ліён» заяўляе, што ўжо разглядае ўсе магчымыя варыянты абскарджання. Больш чым калі-небудзь клуб адзіны і засяроджаны на сваіх спартыўных мэтах».
• Фансеку падтрымала безліч людзей – у тым ліку гульцы, з якімі ён раней працаваў. Кожны з іх кажа, што трэнер з'яўляецца ветлівым і прафесійным чалавекам, а гэты выпадак проста выпадковасць.
Гэта зрабілі нават супрацоўнікі іншых клубаў, як, напрыклад, спартдырэктар «Барселоны» Дэку: «Фансека заўсёды быў узорным прафесіяналам, як на полі, так і за яго межамі… У футболе здараюцца стрэсавыя сітуацыі, але гэта не адмяняе сур'ёзнасці і яго адданасці спорту».
• Французскія СМІ прыводзяць і пабочныя фактары, якімі Паўла наўрад ці афіцыйна можа кіравацца ў працэсе апеляцыі. Журналісты, у прыватнасці, указваюць на верагодныя асабістыя праблемы – жонка-ўкраінка і дзеці зараз пражываюць на адлегласці ў Італіі, а на гэта, як указана ў матэрыялах, яшчэ накладваюцца праблемы яе сваякоў ва Украіне на фоне вайны. Адным словам, гаворка ідзе пра нібыта ўплыў геапалітычнай сітуацыі на маральны стан партугальца.
Плюс мясцовая прэса называе гэтую дыскваліфікацыю «паказальным прыкладам для іншых» – маўляў, вось што можа адбыцца, калі хтосьці з прадстаўнікоў каманд паўторыць падобныя паводзіны датычна афіцыйных асоб матчаў.
• Фансека адносна нядрэнна пачаў у «Ліёне» – тры перамогі ў 5 матчах і дзве паразы супраць «ПСЖ» і «Марселя». Цяпер камандзе давядзецца гуляць без свайго галоўнага.
Фота: RMC Sport, BeInSports