У Польшчы Шкурыну параілі скінуць пару кіло. Што? У беларуса праблемы з вагой?
Набраў відавочна, але, але і але.
На днях выйшла інтэрв'ю з журналістам польскага выдання Przegląd Sportowy Мацэем Фрыдрыхам. У ім спартыўнаму аглядальніку задавалі пытанні наконт беларускіх футбалістаў ў Польшчы. Абмяркоўвалі і Іллю Шкурына, які гэтай зімой перабраўся ў «Легію», увайшоўшы ў топ-3 трансфераў чэмпіянату Польшчы па кошце за ўсю гісторыю.
Калі коратка, журналіста дэбют беларуса за варшавян не ўразіў: з «Радамякам» было цяжка, з «Ягелоніяй» атрымалася незаўважна (што, мабыць, і спрэчна), а ў сустрэчы са «Шлёнскам», дзе Шкурын адзначыўся асістам, нібыта згуляў не надта добра (хоць стаў трэцім найлепшым гульцом «Легіі» з адзнакай 7,5 паводле Sofascore). Выглядае як працяг масавай хвалі скепсісу ў бок беларускага форварда пасля пераезду ў Варшаву.
Але гэта было не ўсе. Польскі журналіст намякнуў на лішнюю вагу ў Шкурына. Маўляй, трэба скінуць – і гульня палепшыцца:
– Падобна, у яго праблемы з дынамікай і спрытам. А можа, яму трэба скінуць некалькі кілаграмаў? У клубе дакладна ведаюць адказ на гэтае пытанне і што з гэтым рабіць, – сказаў Фрыдрых.
Цікавая заява, як і тое, на чым яна грунтуецца, улічваючы той факт, што нараканняў па спартыўнаму рэжыму на адрас Шкурына раней ніколі не было. Хіба толькі былы супрацоўнік «Легіі» Сяргей Прыжанкоў, які працаваў з форвардам у гэтае міжсезонне, казаў, што футбаліст позна лажыцца спаць.
Але ж на тое была пахвальная прычына. Калі «Сталь» сышла на калядны адпачынак, нападнік знаходзіўся ў Варшаве, а ў начны час пытаўся ў трэнера, з якім падтрымліваў форму і не ленаваўся (па нашых звестках, выконваў сур'ёзныя нагрузкі), калі прыходзіць трэнавацца на наступны дзень. У выходнае для Польшчы 25 снежня беларус быў на асабістых занятках.
Прыжанкоў і Шкурын
Увогуле, давайце паглядзім, як змянялася аблічча Шкурына цягам кар'еры.
У прарыўным сезоне-2019, дзе ён стаў найлепшым бамбардзірам вышэйшай лігі з 19 мячамі за «Энергетык-БДУ», Шкурын быў даволі хударлявым. Фота з вокладкі артыкула – таксама з часоў выступу за «студэнтаў».
У расійскім ЦСКА, дзе выступаў ад пачатку 2020-га па ліпень 2021-га, футбаліст спярша таксама не вылучаўся габарытамі, але ўжо на фатаграфіях часоў пераходу ў арэнду да кіеўскага «Дынама» улетку 2021-га можна заўважыць, як нападнік дадаў у цягліцах і шырыні плячэй.
Далей (2022-2023) былі польскі «Ракаў» і ізраільскі «Макабі» Пэтах-Тыква, дзе з фізічнай формай у Шкурына таксама ўсё было добра.
Пры пераходзе ў мелецкую «Сталь» улетку 2023-га беларус выглядаў даволі дужым, а сыходзіў з яшчэ больш моцным торсам.
Як мы даведаліся з выпуску на YouTube-канале «ЧестнОК», усё ж такі адну не самую карысную для спартсмена звычку Шкурын мае. Са слоў Аляксандра Івуліна, нападнік вельмі любіць салодкае. Сувядоўца Яраслаў Пісарэнка, які знаёмы з футбалістам, пацвярджае: «Гэты чувак здольны з’есці палову торта – і брывом не павесці». Пры гэтым журналіст падкрэслівае, што Шкурын – «даволі сухі», «моцны фізічна» і «без лішняй вагі абсалютна».
Наконт апошняга маглі ўзнікнуць сумневы пасля прэзентацыі ў «Легіі». На некаторых здымках у спартсмена можна было ўгледзець падвойнае падбароддзе. Ці не гэта збянтэжыла польскага журналіста?
Але тут хутчэй справа ў не самых удалых ракурсах. На іншых фота Шкурын выглядае падцягнутым, няма і намёку на лішнюю вагу, што часам здараецца з гульцамі чэмпіянату Беларусі.
Розныя статыстычныя сэрвісы паведамляюць, што вага Шкурына складае 80 кілаграм пры росце 188 сантыметраў. Для параўнання у найлепшага на сёння галеадора экстракласы Эфціміяса Кулурыса 82 кг пры 186 см, у другога – Мікаэля Ісхака – 81 кг пры 184 см. То бок відавочна, што праблем з кілаграмамі ў беларуса дакладна няма.
Эфціміяс Кулурыс (злева) і Мікаэль Ісхак
Іншы тэйк Фрыдрыха, што Шкурыну бракуе дынамікі і спрыту, таксама даволі супярэчны. Параўнаем некалькі «дынамічных» паказнікаў беларуса з паказнікамі іншых форвардаў «Легіі» – асноўным іспанцам Маркам Гуалем (73 кг пры росце 184 см) і рэзервовым чэхам Томашам Пекхартам (91 кг, 194 см).
Марка Гуаль (злева) і Томаш Пекхарт
У гэтым сезоне Шкурын робіць менш паскарэнняў у сярэднім за матч (4,5), чым Гуаль (12,7), але больш за Пекхарта (2,54). Іспанец часцей за беларуса ідзе ў дрыблінг (37 супраць 33), але на баку навічка «Легіі» крыху вышэйшая эфектыўнасць (42% супраць 40%) – у Пекхарта увогуле адна спроба дрыблінгу, ды тая няўдалая.
Беларус прабягае за матч экстракласы ў сярэднім менш, чым іспанец (5,9 км супраць 7,6), прытым што мае больш хвілін на полі (1584 супраць 1516 за 22 матчы ў абодвух). Пекхарт у сярэднім прабягае 4 кіламетры за матч, але ў яго найменшы гульнявы час сярод нападнікаў (394 хвілін за 13 матчаў)
У той жа час Шкурын часцей і эфектыўней за канкурэнтаў змагаецца за мяч: 192 адзінаборствы (45% выйграна) ў беларуса супраць 159 у Гуаля (37%) і 50 – у Пекхарта (48%). Тая ж сітуацыя ў паветры: у Шкурына ажно 92 верхавыя адзінаборствы (46%) супраць 40 у іспанца (32%) і 28 у чэха (46%).
Атрымліваецца, што ў дынаміцы патэнцыйны гулец зборнай Беларусі як мінімум не саступае іншым нападнікам «Легіі»: дзесьці выглядае лепей, дзесьці горай. У той жа час нельга не адзначыць, што набор цяглічнай масы спрыяе Шкурыну ў барацьбе за мяч – карыстны навык для нападніка.
Але як бы там ні было, «Легія» мае рэальную, а не ўяўную кшталту лішняй вагі Шкурына праблему – нізкая выніковасць форвардаў.