«Віцебск» прадставіў «новую» форму – з камплектаў з 2020-га прыбралі спалучэнне чырвонага з белым
Рэбрэндынг па-беларуску.
Футбольны «Віцебск» у гэтым годзе святкуе сваё 65-годдзе. З гэтым юбілеем клуб звязаў прадстаўленне «новай формы» – з дызайнам «у стылі супрэматызму». На майкі палявых гульцоў нанесеныя элементы плаката Эль Лісіцкага – як выказаліся ў сацсетках «Віцебска», «аднаго з вядучых мастакоў рускага авангарда». Праўда, авангард быў вельмі інтэрнацыянальным – заснаванае ў 1919-м па ініцыятыве Марка Шагала мастацкае вучылішча сабрала самых розных творцаў. Шмат каго з іх Казімір Малевіч потым прыцягнуў у аб’яднанне УНОВИС («сцвярджальнікі новага мастацтва») – існавала яно нядоўга, але ярка. І ўсё гэта адбывалася ў Віцебску, таму выбар клуба цалкам лагічны.
Іншая справа, што ў цяперашняй форме не знайсці новага – яна паўтарае камплект, прадстаўлены ў 2020-м (гэта таксама звязвалі з юбілеем клуба, 60-гадовым). Вось тады гэта выглядала свежа і смела. Тым больш з прасавецкага палітычнага плаката «Клінам чырвоным бі белых» (на яго фоне стаяць гульцы на фота вышэй), які і цяпер узяты за аснову формы, перанеслі непасрэдную ідэю – што чырвоны трыкутнік «разразае» белы круг, як бы ўносіць свой колер паміж дзвюма белымі часткамі. У верасні 2020-га гэта выглядала асабліва моцна.
Адрозненне ўзораў 2025-га ад камплекта 2020-га – у тым, што белы колер на форме палявых проста замянілі на блакітны (зусім прыбраўшы вертыкальную паласу), адпаведна зрабіўшы белым слова «бі», інакш яго было б не відаць. Плюс лагатып «Віцебска» зрушылі лявей – мабыць, каб не адцяняў дзяржсцяг, якім замянілі элемент на грудзях. Ну а брамнікаў проста пазбавілі любых мастацкіх праяў – добра яшчэ, на фотасесію ўзялі.
Цяпер, як і ў 2020-м, «Віцебск» заяўляе, што дызайн формы распрацаваў Данііл Чалаў. Пяць гадоў таму расіянін гуляў за «Віцесбк», патрапіў у музей гісторыі вучылішча Шагала, захапіўся – і прыдумаў зрабіць форму на аснове плаката Лісіцкага. Можа, клуб проста пазначае Чалава, бо «перайначыў» ідэю таго часу?