Tribuna/Футбол/Блогі/Дзівосы футбольнага менеджменту ў Беларусі: даць кантракт – і выперці праз пару тыдняў. Адзін клуб гэта асабліва любіць

Дзівосы футбольнага менеджменту ў Беларусі: даць кантракт – і выперці праз пару тыдняў. Адзін клуб гэта асабліва любіць

Могуць выперці, а пасля ўзяць назад.

Аўтар — Alex Zagorski
10 сакавіка, 14:00
Дзівосы футбольнага менеджменту ў Беларусі: даць кантракт – і выперці праз пару тыдняў. Адзін клуб гэта асабліва любіць

У чацвер 13 сакавіка распачнецца новы сезон вышэйшай лігі. Да гэтага тэрміну каманды – удзельніцы чэмпіянату падыходзяць з амаль канчаткова сфармаванымі складамі, і мы ўжо распавядалі, якія змены адбыліся ў лідараў чэмпіянату Беларусі.

Час на ўзмацненне яшчэ ёсць – трансфернае акно ў Беларусі закрыецца толькі 27 сакавіка. Таксама Tribuna.com пісала пра агульныя тэндэнцыі ў фармаванні складаў. Але ёсць яшчэ адна з'ява, якая асабліва моцна выявілася ў навічка Д1.

З моцнай фінансавай падтрымкай букмекерскай канторы віцебскі «МЛ» правёў актыўную трансферную кампанію, сабраўшы канкурэнтназдольны ростэр з прыцэлам на верхнія радкі табліцы. Але запомніўся клуб і іншым: коратка гэта можна назваць схемай «незразумела для чаго падпісалі – і неўзадабаве адпусцілі». Натуральна, не абышлося без скандалаў.

Першым такі спосаб вядзення спраў у Віцебску зведаў некалі «залаты хлопчык» беларускага футбола Кірыл Кірыленка. За «МЛ» ён выступаў з ліпеня мінулага года і выдаў там рэкордную для сябе выніковасць, няхай і на ўзроўні Д2 (8+3 за 15 матчаў). Тым не менш дапамог клубу аформіць выхад у эліту. На пачатку снежня 2024-га з вінгерам працягнулі кантракт на год, але ўжо праз месяц Кірыленка сышоў.

Футбаліст спачатку заявіў пра рознагалоссі з кіраўніцтвам «МЛ Віцебск» – маўляў, у клубе не былі зацікаўленыя ў яго паслугах і ўвогуле «не ацанілі па заслугах», але пазней на сувязь выйшаў уласнік «букмекераў» Арцём Лявонаў. Ён патлумачыў сыход Кірыленкі тым, што той даведаўся пра лепшыя фінансавыя ўмовы ў новых гульцоў і захацеў новы кантракт, а яшчэ нібыта падштурхоўваў іншых футбалістаў да дэмаршу. У Віцебску цярпець не сталі і далі вінгеру вольную, а версія Лявонава тым часам вельмі абурыла Кірыленку.

Футбаліст заяўляў пра намер апошні раз паспрабаваць сябе за мяжой, але ў выніку аформіў кантракт з дзяржынскім «Арсеналам» – пераход стаў 10-м у кар'еры 24-гадовага Кірыленкі.

Таксама са скандалам з «МЛ» сышоў форвард Міхаіл Маркін. Як і Кірыленка, ён прыйшоў у клуб мінулым летам, выдаў неблагую статыстыку (10+3 у 13 матчах), атрымаў новы кантракт у снежні, але...

У першую чаргу расіянін запомніўся сваёй фізічнай формай – залішнія кілаграмы вельмі кідаліся ў вочы, няхай і не перашкаджалі выніковасці. Пасля падпісання новай дамовы з віцяблянамі Маркін узяў сябе ў рукі і нібыта скінуў 13 кіло. Але, па інфармацыі Tribuna.com, нападнік не ўразіў новага галоўнага трэнера «МЛ» Аляксандра Шагойку – у Маркіне бачылі толькі гульца ратацыі, што яго незадаволіла.

Расіянін таксама выдаў абураную прамову пра кіраўніцтва клуба (маўляй, абрыдлі «сторазовыя» змены ў кантракце) – Лявонаў спаслаўся на пункт пра лішнюю вагу форварда. На тым і разышліся з чарговым публічным канфліктам.

Па апошняй інфармацыі, Маркін можа падпісацца з Мазыром.

Яшчэ адна гісторыя, якую цяжка зразумець, здарылася з 29-гадовым форвардам Анарэ Гамісам. Яго падпісанне абвяшчалі з пафасам праз зорную радню, хоць кар'ера самаго сенегальца ўражвала не вельмі.

Ужо праз два тыдні кантракт з Гамісам скасавалі, патлумачыўшы гэта «сямейнымі абставінамі», а яшчэ праз 48 гадзін усё адматалі ўзад! «Праблемы вырашыліся хутчэй, чым чакалася», – заявіў Шагойка.

А вось як было насамрэч. Па інфармацыі Tribuna.com, Гамісу ў «МЛ» далі адзін з найвялікшых заробкаў па лімітах (крыху менш за 4,9 тысячы долараў), але такія грошы гулец не адпрацоўваў – выглядаў сярэдне і расчараваў трэнерскі штаб. Гульца ж падпісвалі без прагляду, а толькі па відэанарэзках, якія даслалі агенты.

Калі прадстаўнікі футбаліста ўсвядомілі рызыку не знайсці новы клуб, то ініцыявалі перамовы па змяншэнні фінансавых умоў – віцяблян такі варыянт задаволіў, Гаміса вярнулі.

Сенегалец згуляў 36 хвілін у кубкавым супрацьстаянні з «Белшынай», дзе прадэманстраваў сваю тэхніку, а яшчэ адзначыўся голам з брамніцкай стужкі.

Тую ж схему «падпісаць/адпусціць» у Віцебску пракруцілі з яшчэ некалькімі футбалістамі.

10 снежня 2024-га кантракт з «МЛ» да 2027 года працягнуў Мікалай Золатаў – а праз тры месяцы, 26 лютага, сышоў. Паводле Tribuna.com, гульцу забараніў удзельнічаць у беларускім футболе так званы міністр» спорту Сяргей Кавальчук.

10 студзеня кантракт з «МЛ Віцебскам» падпісаў абаронца Яўген Юдчыц, найлепшы бамбардзір «Іслачы» (3+10) і другі асістэнт усяго ЧБ-2024. Правага дэфа актыўна нагульвалі ў міжсезонне, з першых хвілін ён пачаў тры з шасці таварнякоў, але ў першым кубкавым матчы з «Белшынай» яго пакінулі на скамейцы.

А 3 сакавіка Юдчыц пакінуў каманду – са слоў уласніка «МЛ», з уласнай ініцыятывы, бо быў незадаволены, што не згуляў супраць бабруйчан. Па інфармацыі «БФ», абаронца можа працягнуць кар'еру ў «Тарпеда-БелАЗ».

6 снежня кантракт з «букмекерамі» падпісаў 17-гадовы расіянін Яраслаў Храмцэвіч, які правёў сезон-2024 у камандзе U-18 мінскага «Дынама» – гэта было першае «набыццё» віцяблян у міжсезонне. 6 лютага football.by паведаміў, што Храмцэвіч пакінуў калектыў, а праз два дні «Беларускі мінор» заявіў, што той праглядаецца ў навічка Д2 «Юні». Афіцыйна пра скасаванне дамовы з юнаком «МЛ» не паведамляў, што з ім адбываецца, невядома.

Карацей, гэта вельмі дзіўны менеджмент, але не толькі «МЛ» яго практыкуе.

8 студзеня «Іслач» падпісала пагадненне з 21-гадовым паўабаронцам Максімам Амельянчуком. Першую палову 2024-га гулец правёў у «Слуцку», другую – у складзе ўжо ўзгаданых «букмекераў». У абодвух калектывах Амельянчук выкарыстоўваўся для ратацыі, агулам правёў за мінулы сезон 27 матчаў (718 хвілін), у якіх адзначыўся 2 асістамі за віцяблян, але чымсьці прывабіў «ваўкоў», якія расшчодрыліся на двухгадовы кантракт. Але ўжо праз шэсць тыдняў яго скасавалі «па дамове бакоў», Амельянчук дагэтуль з'яўляецца вольным агентам.

А вось яшчэ адзін прыклад з хэпі-эндам. 3 сакавіка «Маладзечна», другі навічок Д1, абвясціў пра сыход паўабаронцы Абдулазіза Лавала (28 матчаў і 1+1 за клуб у першай лізе-2024), а праз два дні легіянера ўжо вярнулі. Для 32-гадовага нігерыйца сезон-2025 стане 15-м у Беларусі – у яго ўвогуле цікавая гісторыя.

Што гэта было за дзіва – ніхто не патлумачыў. Але вядома, што праз дзеянні так званага міністра спорту Кавальчука клуб зведаў пэўныя праблемы з камплектацыяй: чынуша забараніў гуляць у «вышцы» двум леташнім лідарам «Маладзечна» Юрыю Казлову і Раману Сцяпанаву – як і ў выпадку Золатава з «МЛ». Магчыма, навічкі Д1 вырашылі не раскідвацца праверанымі кадрамі, таму і вярнулі Лавала?

Іншыя пасты карыстальніка

У суботу ў ЧБ адбыліся два вельмі падобных эпізоды, але з розным вынікам: выдаленне на карысць «Нёмана» і дуля БАТЭ ў класіка
Учора, 16:19
Верагодна, менавіта гэтая жанчына распавяла вашым бацькам пра фітнес, як і сотням тысяч іншых беларусаў. Вось што з ёй цяпер
Учора, 12:03
2
Сціпла з галамі, затое месца ў табліцы – цалкам ок, а самы яркі легіянер кажа пра падабенства да «Барсы». Такі вось БАТЭ перад класіка
18 красавіка, 12:00
2
На «Мінск-Арэне» больш за год святкуюць перамогі расійскай песняй – яна пра пакуты ад 13-гадовага, іншае «Дынама» карыстала даўно
17 красавіка, 19:00
Босам сусветнага гандбола хоча стаць чалавек, які прадаваў Качуру з мінскага «Дынама» ў Англію, але наўрад ці зможа
17 красавіка, 12:23
2
Д3 страціў Януша ды Рудзіка, у Гомельскай вобласці ўжо пачалі – і там родны мілы трэш, які мы так любім
16 красавіка, 19:00
2
З будучай жонкай Талапіла сустракаўся, яшчэ калі яму было 15 – яна вучылася бізнесу і бачыла дэбют у НХЛ з трыбун
16 красавіка, 14:30
2
Канцэрт прыхільніка вайны, захапленне ротам Пуціна – гэта Вербніца сям'і Глеба, калі расіяне забілі 34 чалавекі ў Сумах
14 красавіка, 13:28
Кажуць, у «Дынама» ёсць больш таленавіты малады, чым Мельнічэнка: пры ім дрыблінг і добрыя стандарты, але здарылася непрыемнае
14 красавіка, 12:00
Вяртанне «Маладзечна» ў эліту – пакуль поўны правал: толькі паразы, нуль галоў з гульні, затое як прапускаюць!
14 красавіка, 06:04
У барацьбе зноў ЧЕ: украінец пазбавіў медаля рэжымнага падпісанта, чыя жонка выступіла лепш, а золата нечакана ўзяла тынэйджарка
13 красавіка, 06:00
4
Зборная Беларусі выйшла на Еўра ад УЕФА, але дэ-факта каманду не чакаюць на турніры – удзел нават забаронены законам
12 красавіка, 18:00
1
Прадпрымальныя беларусы імкнуцца наварыць на хакейных квітках – нехта і ўдвая! Яшчэ адзін бок буму вакол мінскага «Дынама»
11 красавіка, 17:00
«Тарпеда-БелАЗ» – адна з найбагацейшых каманд ЧБ, але фантастычна панылая. Нібыта выправіліся, а цяпер ізноў
8 красавіка, 06:27
4
Смольская абурылася, што ёй з мужам недаплацілі ў Расіі – і пачула папрок у нахабстве. А вось колькі сям'я зарабіла за сезон
7 красавіка, 06:35
1
Кавальчук вымагае прарэдзіць «вышку», каб паменшыла матчаў – але максімум тураў у Д1 за 30+ гадоў быў пры мінімуме клубаў
6 красавіка, 12:00
Беларус усё заве на рэванш пуцініста Емяльяненку – а той пайшоў у «навуку» і піша пра экстрэмізм і тэрарызм у нашай краіне
6 красавіка, 06:14
Для рэжыма гэтая краіна «недружалюбная», але белфутбол знайшоў там новы «дом» – хаця па фактах гэта зусім не дзівіць
5 красавіка, 06:00
У сацсетках беларусаў – хакейны вайб: перамогам «Дынама» над ЦСКА прысвяцілі песню, анекдот ды яшчэ нямала відэа
4 красавіка, 19:30
Дырэктарам у клубе букмекераў стаў фанат «Спартака», які сам раней гуляў на стаўках – і нібыта зарабіў на машыну
2 красавіка, 20:00
2
Усе пасты