Сацсеткі «Порту» аб'явілі пра выклік Мельнічэнкі ў зборную – заўзятары здзівіліся, чаму такі гулец не ў першым складзе
У канкурэнтаў дрэнна з выніковасцю.
Форвард «Порту Б» Трафім Мельнічэнка выкліканы Карласам Алосам у зборную Беларусі, у якой наперадзе спарынгі з Таджыкістанам і Азербайджанам.
Пра гэта напісалі сацсеткі партугальскага клуба, і пост у Instagram набраў больш за 15 тысяч падабаек, што вышэй за сярэднія паказнікі. А яшчэ некаторыя заўзятары здзівіліся, чаму гулец зборнай да гэтага часу не ў першай камандзе. Маўляў, ёсць тыя, каго можна замяніць беларусам.
А каментар карыстальніка eliasbrito8 увогуле падтрымалі падабайкай 249 чалавек: «Лепей перавесці яго ў аснову, ён не можа быць горш за тых адстойных гульцоў, якія ў нас ёсць».
Зразумець незадаволенасць фанатаў «Порту» можна. Пасля зімовай паўзы каманда перамагла толькі ў двух матчах з васьмі (яшчэ два разы прайгралі, чатыры – згулялі ўнічыю), а да таго ж вылецелі з Лігі Еўропы, саступіўшы «Роме» (1:1, 2:3) у 1/16 фіналу.
У гэтых матчах «драконы» забілі 10 мячоў, але, што цікава, большасць (4) з іх забілі абаронцы, а ў форвардаў толькі 3 гола. Зрэшты, поспехі абараняльных гульцоў у атацы заўзятараў не надта радуюць – хэйту да іх у каментарах хапае.
Адзначым, што найлепшым бамбардзірам «Порту» ў бягучым сезоне з'яўляецца форвард Саму Амарадзіён, на рахунку 20-гадовага іспанца 14 галоў і 3 асісты за 21 матч. Іншыя форварды такой выніковасцю пахваліцца не могуць: 3+1 за 22 гульні ў Дэніэля Лоўдэра, 1+0 за 9 матчаў у Дэніза Гуля.
«Драконы» ідуць на 3-м радку табліцы, адстаючы ад першага «Спортынга» на 9 пунктаў.
Саму Амарадзіён
Трафім Мельнічэнка пасля пераходу ў «Порту Б» правёў 8 матчаў у партугальскім Д2 і адзначыўся 1 голам і 1 асістам. Яго каманда ідзе на 16-м з 18 месцаў табліцы – гэта зона стыкаў.