Што, Гутар у 30+ мог перайсці ў «Аякс»?! Выглядае, гэта не проста байка ад сябра
Вось як склаліся абставіны і каго падпісалі замест.
У 2021-м Аляксандр Гутар быў асноўным галкіперам «Шахцёра», з якім ўзяў залатыя медалі чэмпіянату Беларусі. Пасля заканчэння сезона салігорцы не змаглі ўгаварыць 32-гадовага галкіпера перападпісаць кантракт на паніжаных умовах – і той пакінуў каманду. Новую знайсці было няпроста, бо Гутар аказаўся сярод непажаданых для рэжымнага міністэрства па спорце. У выніку цэлы год галкіпер прасядзеў без працы, а новы кантракт падпісаў толькі ў сакавіку 2023-га з казахстанскім «Аксу», дзе ў яго нічога не атрымалася:
На Усходзе Гутар мог апынуцца і раней. Паводле нашай інфармацыі, у першай палове 2022-га ім цікавіўся «Актобэ» і клуб з чэмпіянату Азербайджана, але галкіпер адказаў ім адмовай. Бо, як аказалася, у той перыяд меў куды больш прывабны варыянт. Пра гэта распавёў былы адміністратар зборных Беларусі Ілля Беланоўскі, які з'яўляецца блізкім сябрам Гутара, а жонка галкіпера Марына Някрасава – хросная дачкі Беланоўскага.
«Саша ляжаў на канапе і атрымаў званок ад чалавека, які спытаўся, ці не хоча ён перайсці ў адну з нідэрландскіх каманд.
Зразумела, што чалавек (маецца на ўвазе Гутар – Tribuna.com) паставіўся з гумарам. Падумаў, што пажартаваў нехта няўдала. Калі паступіла другое тэлефанаванне і сказалі, што гэта адна з топ-каманд чэмпіянату Галандыі, то Саша пачаў цікавіцца. Тады высветлілася, што гэта «Аякс», у якога адразу выбылі тры галкіперы. Тэрмінова шукалі брамніка, які не мае клуба і [яго] можна заявіць па-за трансферным акном.
Саша з добрым бэкграўндам, з гульнёй нагамі, за зборную – нядзіўна, што трапіў на аловак. Але выбар упаў на іншага брамніка з досведам гульні ў Галандыі», – распавёў Беланоўскі.
Гучыць неверагодна, але калі разабрацца, дык цалкам падобна на праўду.
Напрыканцы лютага 2022-га ў «Аякса» ў лазарэце сапраўды аказаліся адразу тры галкіперы: 38-гадовы Рэмко Пасвер, які адгуляў большую частку сезона (28 матчаў, 14 прапушчаных мячоў, 20 матчаў на нуль) зламаў палец на руцэ. Легендарны Мартэн Стэкеленбург, на рахунку якога 63 матчы за зборную Нідэрландаў, аднаўляўся пасля аперацыі на пахвіне, і вярнуўся на поле толькі ў канцы красавіка. 21-гадовы Джэй Гортэр выбыў на месяц праз пашкоджанне вялікага пальца. У іх адсутнасць месца ў варотах заняў Андрэ Анана – той самы, які цяпер выступае за «МЮ» ў АПЛ. Тады ён быў на кантракце ў «Аяксе».
Камерунскі галкіпер у сезоне-2021/22 не гуляў да сярэдзіны лістапада-2021 праз дыскваліфікацыю за ўжыванне допінгу, а калі бан скончыўся, на той момант галоўны трэнер «Аякса» Эрык тэн Хаг не спяшаўся прыбіраць з варот дасведчанага Пасвера. Цікава, што ў красавіку 2022-га Анана таксама атрымаў траўму пахвіны, але да таго моманту аднавіліся Стекеленбург і Гортэр, якія дагулялі сезон і дапамаглі «Аяксу» аформіць чэмпіёнства.
Дык а каго амстэрдамцы ўзялі замест Гутара на падмацаванне? Гаворка пра на той момант 35-гадовага Пшэмыслава Тытоня. Паляк за кар'еру паспеў пагуляць за «Дэпартыва» і «Эльчэ» ў Ла Лізе, «Штутгарт» у Бундэслізе, «Роду» і «ПСВ» у Нідэрландах. На яго рахунку таксама 16 матчаў за зборную Польшчы, тры з якіх прыпалі на хатні Еўра-2012, дзе Тытонь стаў асноўным пасля выдалення Войцеха Шчэнснага ў матчы адкрыцця з Грэцыяй (1:1).
Са студзеня 2022-га Тытонь, як і Гутар, не меў клуба, а да гэтага два сезоны правёў за «Цынцынаці» з МЛС. Магчыма, тэн Хаг абраў паляка праз тое, што яны былі асабіста знаёмыя – у сезоне-2011/12 разам працавалі ў ПСВ, які тады выйграў Кубак Нідэрландаў. Праўда, Тытонь у тым турніры правёў усяго адзін матч – у 3-м крузе супраць «Хоенсбрука» (3:1).
За «Аякс» Тытонь, якога падпісалі на пачатку сакавіка, так і не дэбютаваў, а пасля заканчэння сезона перайшоў у «Твэнтэ», дзе выступае дагэтуль. Гутар жа пасля няўдалага перыяду ў «Аксу» вярнуўся ў БАТЭ, з якога прыйшлося сысці праз ціск лукашэнаўскага мінспорту, нягледзячы на пакаяннае інтэрв'ю, якое галкіпер даў перад падпісаннем з барысаўцамі. Першую палову 2024-га брамнік зноў знаходзіўся без працы, але ў канцы чэрвеня падпісаўся з «Мінскам», дзе і пачаў сезон-2025.