Жонку Глеба-малодшага даймалі пытаннямі пра дзяцей, якіх усё не было. І вось, зацяжараўшы пад 40, яна дала «дарадцам» адлуп
І атрымала вельмі шмат падтрымкі.
2 сакавіка жонка былога футбаліста зборнай Беларусі Вячаслава Глеба Вольга паведаміла, што чакае першынца. Цяпер дзяўчына знаходзіцца прыкладна на 22-м тыдні цяжарнасці – то бок прайшло трохі больш за палову тэрміну. Гэтая навіна, вядома, узрадавала бацькоў Вольгі і Вячаслава. Відэа з іх рэакцыяй атрымалася вельмі мілым, а бацька футбаліста Павел Рыгоравіч, здаецца, расчуліўся да слёз:
Бацька братоў Глебаў стане дзядулем трэці раз. У яго ўжо ёсць дзве ўнучкі, якіх нарадзіла жонка старэйшага сына Аляксандра. Старэйшай, якую назвалі Аляксандрай, восем гадоў, а малодшай Арыне пяць. Цікава, што Аляксандр Глеб са сваёй жонкай Святланай у адносінах значна менш, чым малодшы брат з Вольгай. Глеб-старэйшы пазнаёміўся з будучай жонкай у 2015-м – у абодвух да таго моманту ўжо быў няўдалы досвед у сямейным жыцці, а ў Святланы ад першага шлюбу засталася дачка Анастасія.
Вячаслаў і Вольга разам з 2004-га, а пазнаёміліся яшчэ раней. Старэйшы Глеб сябраваў з сястрой Вольгі і яны вырашылі звесці Вячаслава з будучай жонкай. Малодшы патэлефанаваў Вользе, якая тады працавала афіцыянткай, але не ўразіў яе размовай, ды і, як сама пазней прызналася дзяўчына, на той момант яна была ў адносінах з іншым футбалістам. Аднак праз час Вользе патэлефанавала сяброўка і сказала, што толькі што пазнаёмілася з Вячаславам на дыскатэцы, дзяўчына папрасіла перадаць прывітанне – а футбаліст у адказ выхапіў трубку і ўгаварыў яе прыехаць і скласці кампанію. Вольга пагадзілася, вынікам стаў раман. У ліпені 2008-га пара пабралася шлюбам.
З дзецьмі яны не спяшаліся. У 2020-м Вольга расказвала, што ў іх «еўрапейская сям'я», таму яны спярша вырашылі пабудаваць карʼеры – дзяўчына на той момант вяла бізнес па вытворчасці і продажы адзення. Тады ж яна дадала, што ёй шмат разоў прылятала ад «добрых людзей», якія, відаць, лічылі, ёй ужо прыспеў час стаць мамай. Вольга тады адзначыла, што старалася з такімі «дарадцамі» ў дыялог не ўступаць. Але цяпер, ужо цяжарная, напісала ў інстаграме пост, па якім можна зрабіць выснову, што ад такіх парад у яе накіпела.
Вольга вялікімі літарамі просіць адчапіцца ад пар, якія будуюць сваё жыццё па-свойму, нават калі гэта ваш блізкі чалавек, і не лезці з парадамі, таму што для некаторых «дзеці гэта не выключна шчасце», а некаторыя іх могуць папросту не хацець. Яна таксама дадае, што задаючы такія пытанні, чалавек выглядае недарэчна і з ім потым нецікава і не камфортна камунікаваць.
«Ах як гэта так» няма дзяцей! Вы не ведаеце, чым яны жывуць, вы не ведаеце іх шлях, вы не ведаеце нічога!!!» – піша жонка Глеба.
А яшчэ Вольга расказала, што сама наслухалася «пытанняў, парад, папрокаў, жартаў, зневажальных падколак», але старалася на іх не рэагаваць, а займацца сваімі справамі. Сваім падпісантам яна раіць рабіць гэтак жа, а часам нават пасылаць «нявыхаваных людзей».
Адзначым, што Вользе 18 сакавіка споўніцца 40 гадоў, а Вячаслаў у лютым адсвяткаваў 42-годдзе. У канцы Глеб падзякавала тым хто дачытаў яе тэкст да канца і дадала, што марыла яго напісаць. Пост за суткі сабраў больш за 6,5 тысяч лайкаў, а ў каментары прыйшло шмат дзяўчат, у якіх тэма, узнятая Вольгай, вельмі адгукнулася:
Словы падтрымкі напісала і сяброўка Вольгі – жонка абаронцы «Іслачы» Алега Вераціла Карына:
Пасля таго як Вольга паведаміла, што чакае дзіця, у яе інстаграме стала больш кантэнту, дзе яна расказвае пра цяжарнасць. Напрыклад, дзяўчына паказала, як карыстаецца доплерам – прыладай для вымярэння сэрцабіцця ў эмбрыёна. Побач, дарэчы, ляжаў Вячаслаў, які глядзеў матч 1/8 фіналу ЛЧ, у якім «Ліль» саступіў «Барусіі Д» 1:2.
А ўвогуле ў блогу Вольгі па-ранейшаму з'яўляюцца рэкламныя пасты, фатаграфіі і відэа з асабістага жыцця, розныя трэндавыя відэа. Дарэчы, гендэр-паці ў сямʼі Глеба-малодшага ўжо адбылася. Пол будучага дзіцяці даведваліся з дапамогай торціка. Такі спосаб Вользе падказала жонка Ігара Стасевіча Аляксандра.
Праўда, каго ж пара чакае, Вольга пакуль не расказала, але, здаецца, доўга маўчаць яна не будзе.
Крыніца: Instagram olgahleb