За пратэсты «асудзілі» асаблівую легенду белфутбола – стрыечны пляменнік Кучука мае 4 матчы ў Д1, але шалёна калаціў у «міноры»
У дзень «прысуду» атрымаў трэнерскую катэгорыю.
14 сакавіка рэжым папоўніў свой спіс «экстрэмістаў», якімі працягваюць абвяшчаць усіх непажаданых – у прыватнасці, проста «асуджаных» за удзел у мірных пратэстах. Напрыклад, у канцы 2024-га туды дадалі футбалiста 2021 года Беларусі Андрэя Салаўя з жонкай.
Цяпер сярод новых імёнаў у пераліку адшукаўся чалавек, чые даныя – цалкам як у 37-гадовага беларускага футбаліста Аляксея Хадневіча. Згодна з наяўнымі ў нас звесткамі, другога чалавека з такім збегам ПIБ і даты нарадэжння ў краіне проста няма. Як бачна з дакумента «МУС», Хадневіча асудзілі як раз па артыкуле, якім караюць за ўдзел у мірных пратэстах. Пазнака пра «непагашаную судзімасць» звычайна кажа, што чалавеку далі «хатнюю хімію».
Хадневіч – легенда белфутбола, але вельмі своеасаблівая. Стрыечны пляменнік вядомага трэнера Леаніда Кучука – выхаванец мінскай «Зоркі-БДУ» (цяпер гэта «Энергетык-БДУ») гуляў за дублі гэтай каманды і «Дарыды». У 2007 выступаў у складзе другой каманды МТЗ-РЫПА з Д3. Далей была дзяржынская «Лівадыя» таксама з другой лігі, дзе былі 19 галоў у 24 матчах у сезоне-2008. У 2009-м ужо «Рудзенску» форвард 9 мячамі дапамог выйграць Д3.
Далей былі два гады ў Д2 – за «Рудзенск» і «Гарадзею», дзе сумарна Хадневіч забіў адзін мяч. Але вяртанне ў Д3 – і адразу 25 мячоў за «Зорку-БДУ» і «Лівадыю». Далей такі ж фокус: нуль мячоў за паўсезона ў СКВІЧ – і 13 галоў у 13 матчах за «Зорку-БДУ», якая прайшла ў Д2. У 2014-м Хадневіч працягнуў забіваць за клуб і на гэтым узроўні – 10 мячоў за 15 сустрэч.
Пасля гэтага, ужо ў 26 гадоў, Хадневіч упершыню паспрабаваў Д1 – яго арандаваў аўтсайдар, магілёўскі «Дняпро». Але там не пайшло – за паўсезона было ўсяго 4 гульні ў «вышцы» без выніковых дзеянняў.
– Было адчуванне, што ў «Дняпры» ёсць нейкія супрацьлеглыя бакі, якія спрабавалі перацягнуць на сябе коўдру. З-за гэтага каманду кідала то ў жар, то ў холад. Пасля Магілёва мяне ніхто ў вышэйшую лігу ўжо асабліва і не клікаў. Ды і хіба я змог сябе там праявіць? Трэба быць рэалістам. Шчыра кажучы, я пасрэдны футбаліст, які ў свой час не скарыстаўся сваім шанцам, – пазней успамінаў свой адзіны досвед у вышэйшай лізе форвард.
Далей было тры нядрэнныя гады ў Д2 – за «Смалявічы-СТІ», «Зорку-БДУ» і «Оршу» Хадневіч забіў агулам 49 разоў. У 2018-м форвард вярнуўся ў Д3 – 11 галамі дапамог новаўтвораным «Крумкачам» узяць срэбра і павысіцца ў класе.
Але сам Хадневіч туды не пайшоў – а застаўся ў Д3, дзе тры наступныя гады паказваў топ-выніковасць: 30 галоў за «Узду» ў 2019-м (найлепшы ў лізе), 31 за «Шахцёр» з Петрыкава ў 2020-м і агромнiстыя 59 (хай і ў пашыраным зусім бядовымі аматарамі фармаце) за чэмпіёнскі «Астравец» у 2021-м, што стала найлепшым вынікам у гісторыі Д3.
На 2022-й Хадневіч застаўся ў «Астраўцы» ў Д2, дзе забіў восем разоў, і зноў вярнуўся ў Д3 – апошнія два гады часам гуляў у «Коласе». У 2023-м аформіў 8 галоў у 8 сустрэчах, у 2024-м няма інфармацыі па «мінспортаўскім» этапе лігі, а ў фінальным на рахунку форварда два мячы ў трох сустрэчах. Сумарныя мінімум 212 галоў – гэта найлепшы вынік у гісторыі Д3.
Кар’еру бамбардзіра ў міноры Хадневіч шмат гадоў сумяшчаў з працай дзіцячым трэнерам. Пачынаў яшчэ ў 2016-м, калі гуляў за «Оршу» ў Д2, пазней працаваў у прыватнай «Футбольнай школе Мурашкі» ў Мінску, якая ў 2018-м падпісала дамову аб супрацоўніцтве з «Інтэрам» – так у Беларусі з’явіўся філіял школы італьянскага гранда, а Аляксей у межах пагаднення ездзіў на стажыроўку ў галаўны клуб.
– Нам паказалі ўсё, пачынаючы ад умоў для самых маленькіх выхаванцаў, іх трэніроўкі, і заканчваючы асновай «Інтэра». Менавіта там я зразумеў, што, напэўна, займаюся глупствам. Прыйшло дакладнае ўсведамленне, што той футбол, у які я спрабую гуляць у Беларусі, за які чапляюся, намагаючыся падоўжыць кар’еру і патрапіць у каманды рангам вышэй, – гэта зусім не тое, пра што марыў, – дзяліўся ўражаннямі Хадневіч у 2019-м.
Злева ада Хадневіча – былы гулец «Iнтэра» Хаўер Дзанэці