Як часта зборная Беларусі граміць супернікаў? «+5» над таджыкамі – не ўнікальныя, асноўны кураж – у спарынгах
Але значна часцей атрымліваем самі.
20 сакавіка зборная Беларусі ў таварыскім матчы разграміла Таджыкістан 5:0. Атрымалася крыху дзіўна: усе мячы былі забітыя намінальнымі рэзервістамі, якія з'явіліся на полі пасля перапынку. Канчатковы буйны лік забяспечылі галявы дубль Віталя Лісаковіча, асістэнцкі дубль Макса Эбонга і 1+1 Трафіма Мельнічэнкі.
Сборная повторила самую крупную победу: забивали только с лавки, почти рекордный состав по молодости
Перамога ў чацвер стала найбуйнейшай з тых, што беларусы што-кольвек атрымлівалі на выездзе. І ўвогуле 5:0 з Таджыкістанам – усяго чацвёрты поспех зборнай з розніцай у пяць мячоў за 34 гады незалежнасці краіны. Большай розніцы ў нас ніколі і не было.
Першы раз аформіць «+5» па галах атрымалася 7 чэрвеня 1998 года – на стадыёне «Дынама» ў таварыскім матчы насуха была раскатаная Літва. То быў першы разгром суперніка беларусамі. Ну і гляньце, хто забіваў тады за каманду Міхаіла Вергеенкі – Сяргей Герасімец, Васіль Баранаў, Максім Рамашчанка, Уладзімір Макоўскі!
Наступных «+ 5» давялося чакаць ажно 16 гадоў. 4 верасня 2014-га таварняк з усё тым жа Таджыкістанам на «Барысаў-Арэне» скончыўся перамогай гаспадароў 6:1 з асістэнцкім хет-трыкам Сяргея Крыўца. Столькі зборная больш ніколі не забівала, але шаленства на трыбунах не было: 13-тысячны стадыён быў амаль што пусты.
8 верасня 2018 года Беларусь разграмілі Сан-Марына 5:0 у першым матчы дэбютанага сезона Лігі нацый на стадыёне «Дынама». Гэта было вяртанне зборнай у сталіцу пасля шасці гадоў рэканструкцыі арэны, а Станіслаў Драгун, аформіўшы дубль у сустрэчы, па выніку таго розыгрышу ЛН падзяліў другое месца ў галеадорскім спісе. Дзесьці знізу застаўся Рамелу Лукаку.
Пяць мячоў зборная Беларусі забівала яшчэ чатыры разы, але скончыла тыя сустрэчы з меншай розніцай.
17 красавіка 2002-га ў выязным таварыскім матчы была разгромленая Венгрыя – 5:2. То быў дэбютны матч за зборную форварда Віталя Кутузава – і ён выбіў 2+1. Аляксандр Глеб праводзіў за галоўную каманду краіны другую гульню, але першую – у старце. Ён зарабіў 1+1.
Праз сем гадоў з Берндам Штанге на чале беларусы выдалі яскравы адрэзак ў адборы да чэмпіянату свету-2010: 1 красавіка 2009-га ў гасцявым матчы накаўтавалі Казахстан, а 6 чэрвеня ў дамашнім разграмілі Андору. Абедзьве сустрэчы завяршыліся з лікам 5:1. У першым выпадку хэдлайнерам стаў Цімафей Калачоў (2+1), у другім – форварды Сяргей Карніленка (2+1) і Генадзь Блізнюк (2+2).
Увогуле, гэта быў адзін з найлепшых для зборнай адборачных цыклаў ЧС у гісторыі: 4-е месца ў сікстэце, дзе былі яшчэ Англія, Украіна і Харватыя. Лепей было толькі ў адборы да ЧС-2002 – крыўднае 3-е месца з паразай ад Уэльса ў апошнім туры, якая не пусціла беларусаў у стыкі за права гуляць у фінальным раўндзе.
21 траўня 2014-га 5:1 на выездзе ў таварыскай гульні быў пераможаны Ліхтэнштэйн. Тады дублем адзначыўся 19-гадовы Павел Савіцкі. Для яго гэта быў другі матч за зборную, за яе ён вызначыўся ўпершыню. Тады ж свой дэбютны гол за каманду забіў і Міхаіл Гардзяйчук.
Тройчы беларуская зборная граміла супернікаў з лікам 4:0. 9 кастрычніка 2004 года ў Мінску у адборы да ЧС балюча было Малдове. З той пары супернікі сустракаліся яшчэ пяць разоў – і беларусы больш не перамагалі.
10 кастрычніка 2009-га зноўку пацярпеў Казахстан – таксама ў кваліфікацыі на мундыяль і зноў з дублем Калачова. Праз год у таварняку чатыры мячы без адказу атрымаў Аман. Прычым адразу два мячы тады забіў абаронца Аляксандр Мартыновіч – больш за зборную ён не забіваў. З той пары мінула амаль 15 гадоў, а Мартыновіч гэтай вясной не гуляе за зборную выключна праз траўму – а іначай быў бы капітанам.
Апроч раней згаданай сустрэчы з Венгрыяй зборная Беларусі яшчэ пяць разоў граміла супернікаў з розніцай у тры мячы.
3:0 у таварняках з Літвой (жнівень-1999) і Андорай (жнівень-2006) зусім не здзіўляюць. А вось такі ж лік у спарынгу з Індыяй выглядаў больш статусна. Гэта быў першы матч зборнай Беларусі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Гулялі на нейтральнай тэрыторыі ў Бахрэйне, у беларусаў мячамі ўпершыню за каманду вызначыліся Андрэй Салавей, Валерый Грамыка і Арцём Быкаў.
Яшчэ былі легендарныя 4:1 у верасні-2001 над Польшчай з покерам Рамана Васілюка. Ці можна пра такое марыць сёння?
Таксама 4:1 было 21 лютага 2004-га ў таварняку супраць Латвіі – хет-трыкам тады адзначыўся Максім Рамашчанка, які дагэтуль з 20 галамі з'яўляецца найлепшым галеадорам зборнай Беларусі.
Максім Рамашчанка
Вось і ўсё з буйнымі перамогамі зборнай Беларусі: агулам 16 за 34 гады Незалежнасці, з якіх толькі 6 у афіцыйных сустрэчах. У сярэднім гэта адзін разгром суперніка ў 2 гады, а ў афіцыяльных матчах гэта ўвогуле цуд, які здараецца раз на пяць з паловай гадоў!
Куды часцей зборная зазнае буйныя паразы: агулам іх 27, 19 прыпалі на афіцыйныя матчы. У сярэднім атрымліваецца адна поўха на 1,2 года.