«Сорамна, што я абраў цябе». Моту звольнілі з «Юве» – атрымаў 0:7 у двух матчах і непрыемныя словы ад босаў
Гэтае рашэнне абыйдзецца турынцам у 20 мільёнаў еўра.
За матчамі зборных навіна пра гучную трэнерскую адстаўку магла застацца незаўважанай. 23 сакавіка «Ювентус» абвясціў пра звальненне Тыяга Моты з пасады галоўнага трэнера.
Тыяга паведамілі пра звальненне па тэлефоне, калі ён знаходзіўся ў Партугаліі, бавячы час з сям'ёй падчас паўзы на матчы зборных.
Такое рашэнне было прынятае пасля двух правальных матчаў – у апошніх турах Серыі А «Ювентус» прайграў «Аталанце» 0:4 і «Фіярэнціне» 0:3. Пасля паражэння ад «фіялак», па паведамленнях выдання La Gazzetta dello Sport, спартыўны дырэктар «Ювентуса» Крысціяна Джунталі ў прысутнасці генеральнага дырэктара Маўрыцыа Сканавіна сказаў Моце: «Мне сорамна, што я абраў цябе».
Раней каманда вылецела з Лігі чэмпіёнаў ад ПСВ і з Кубка ад «Эмпалі». Хаця да гэтага няўдалага адрэзку турынцы выдалі пяць пераможных матчаў у чэмпіянаце і былі на чацвёртым месцы цягам некалькіх тураў.
У гэтым сезоне Серыі А «Ювентус» прайграў усяго тры матчы, да канца студзеня каманда ішла наогул без паражэнняў. Але праблема палягала ў тым, што турынцы страчвалі вельмі шмат пунктаў – у іх 13 нічыіх.
Выйшла, што Мота выйграў менш за палову матчаў у «Ювентусе». Пад кіраўніцтвам бразільца ўдалося атрымаць толькі 18 перамог у 42 матчах ва ўсіх турнірах. Гэта 43%. Толькі два трэнеры, якія правялі з «б'янканеры» не менш за 40 гульняў, паказалі ніжэйшы працэнт перамог: Луіджы Дэль Нэры (40%, 20 з 50) і Сандра Пупа (24%, 15 з 62).
Пасля навіны пра звальненне Мота пакінуў паведамленне: «Я перажыў напружаныя моманты, заўсёды выяўляў максімальную рашучасць і жаданне ўдасканальвацца кожны дзень. Я дзякую ўласнікам за магчымасць стаць часткай гэтага вялікага клуба, кіраўніцтву і ўсім людзям у клубе, якія падтрымлівалі мяне ў маёй штодзённай працы, гульцам за працу і адданасць справе. Я жадаю заўзятарам і «Ювентусу» усяго найлепшага ў будучыні», – сказаў Мота.
Тыяга прыйшоў у клуб мінулым летам пасля паспяховага сезона-2023/24 з «Балонняй», калі яму ўдалося вывесці сціплы клуб у Лігу чэмпіёнаў.
Па звестках Calciomercato, агульныя выдаткі на звальненне Моты складуць для «Юве» каля 20 мільёнаў еўра (уключна з персаналам і трэнерскім штабам). Турынцам вельмі важна патрапіць у Лігу чэмпіёнаў, бо ўдзел у турніры наступнага сезона можа прынесці не менш як 50 мільёнаў еўра. Таму яны наважыліся на такі сур'ёзны крок.
***
Што далей?
Каманду ўзначаліў Ігар Тудар – харвацкі спецыяліст ужо прыступіў да працы. Раней ён ужо працаваў у «Ювентусе», быў памочнікам Андрэа Пірла ў сезоне-2020/21.
Інсайдары паведамляюць, што «Ювентус» заключыў кантракт з Тударам толькі да канца сезона, развітацца з ім могуць ужо пасля клубнага чэмпіянату свету-2025. Аднак ёсць магчымасць падаўжэння на год у выпадку выхаду ў Лігу чэмпіёнаў па выніках сезона.
Харват пагадзіўся ўзначаліць «Ювентус», ведаючы, што клуб шукае часовага трэнера. А вось Раберта Манчыні, які таксама знаходзіўся ў спісе кандыдатаў, такія ўмовы не задаволілі.
Тудар мае досвед у Серыі А – раней быў галоўным трэнерам ва «Удынезе», «Вероне», «Марселі» і «Лацыа». У мінулым сезоне ён прыкладна ў гэты ж час падхапіў рымскі клуб пасля таго, як адтуль звольнілі Сары. Атрымалася нядрэнна – 6 перамог, 3 нічыіх і ўсяго 2 паразы.
Але ці зможа зацягнуць турынцаў у зону ЛЧ па выніках сезона?
Фота: Giuseppe Lami/Global Look Press, Antonio Balasco/Global Look Press, Fabio Ferrari/Global Look Press