У зборнай адабралі мару згуляць з Крышцiяну Раналду – а вось хто з Беларусі ўсё ж сустракаўся з ім на газоне
Матч з партугальцам ужо зрываўся – больш за 20 гадоў таму.
23 сакавіка вызначыўся апошні супернік зборнай Беларусі ў кваліфікацыі да ЧС-2026. Да Грэцыі і Шатландыі ў групу C дадаваўся слабейшы з чвэрцьфiнальнай пары Лігі нацый Данiя – Партугалiя. Пiрынейцы па суме двух матчаў былі мацнейшымі (0:1, 5:2 ДЧ), таму з беларускай камандай згуляюць скандынавы.
Такі расклад засмуціў футбалістаў зборнай Беларусі. Валерый Грамыка заявіў, што ўся каманда хацела Партугалію, таму што з ёй было б нібыта прасцей гуляць. А Кірыл Пячэнін дадаў iншую прычыну: маўляў, у зборнай хацелi «згуляць супраць Крышціяну Раналду, то быў апошні шанц».
I праўда што – калi iншая легенда Лiянель Месi хаця б гуляў у Мiнcку супраць БАТЭ за «Барселону», то ў кар’еры 40-гадовага Раналду так i не выпала нiводнага матча з беларускай камандай (хаця калiсьцi то было вельмi блiзка). А каму з нашай краiны ўсё ж давялося выйсцi на адно поле з партугальцам? Расказваем.
Хто згуляў
Віталь Кутузаў
Адзіны беларус, якому ўдалося пагуляць з Раналду ў адной камандзе. У сезоне-2002/03 22-гадовы Кутузаў выступаў у арэндзе за «Спортынг», Для 17-гадовага Крышціяну той сезон стаў дэбютным у дарослым футболе і першай камандзе лісабонцаў. Партугалец і беларус нават нейкі час жылі ў адным пакоі, разам гулялі ў прыстаўку.
Кутузаў успамінаў, што малады Раналду быў вельмі дапытлівым: пытаўся пра «Мілан» i нават цікавіўся, як лепш дзейнічаць на полі. Свой першы асіст у кар’еры Раналду аддаў якраз на Кутузава.
За той сезон абодва форварды выбілі нядрэнную статыстыку. У Кутузава было восем галоў у 31 матчы (ва ўсіх турнірах), у Раналду 5+6 пры такой жа колькасці паядынкаў. Са «Спортынгам» яны ўзялі бронзу ў Партугаліі і выйгралі Суперкубак. Пасля заканчэння сезона абодва клуб пакінулі: Кутузаў вярнуўся ў «Мілан», але неўзабаве адправіўся ў чарговую арэнду, а Раналду спадабаўся Алексу Фергюсану ў таварыскім матчы супраць «МЮ» і пераехаў у Англію.
Аляксандр Глеб
Ужо ў першым сезоне за «МЮ» Раналду перасекся з беларусам. У ЛЧ-2003/04 манкуніянцы патрапілі ў групу са «Штутгартам» Аляксандра Глеба. У Германіі перамогу атрымалі гаспадары (2:1), а Раналду зарабіў пенальці, які рэалізаваў Руд ван Ністэлрой. У гульні ў адказ перамогу святкаваў ужо «МЮ» (2:0), але Раналду на тую сустрэчу не трапіў у заяву. Глеб жа ў абодвух паядынках выходзіў у старце.
Пасля пераходу беларускага футбалiста ў «Арсенал» іх супрацьстаянне з Раналду стала рэгулярным. За тры сезоны Глеб згуляў у сямі матчах супраць «МЮ», шэсць з якіх прыпала на АПЛ – па дзве перамогі ў кожнай з каманд, яшчэ двойчы была нічыя. Раналду і Глеб усе тыя сустрэчы пачыналі ў старце, партугалец у іх адзначыўся двума забітымі мячамі, у беларуса выніковых дзеянняў не было. Яшчэ раз «Арсенал» і «МЮ» сустракаліся ў 1/8 Кубка Англіі-2007/08, тады манкуніянцы шанцаў кананірам не пакінулі (4:0). Глеб у той сустрэчы адыграў 70 хвілін, а вось Раналду ў заяўку не трапіў.
Глеб мог згуляць супраць Раналду i ў фінале ЛЧ-2008/09. У тым матчы «Барселона» беларуса была мацнейшай за «МЮ» партугальца (2:0). Але тагачасны трэнер каталонцаў Хасэп Гвардыёла не ўключыў Глеба ў заяўку на вырашальны матч. Раналду ж тую сустрэчу правёў поўнасцю.
Валянцін Бялькевіч
Паўабаронца згуляў супраць Раналду ў сваім апошнім сезоне за кіеўскае «Дынама». На групавым этапе ЛЧ-2007/08 «МЮ» на сваім полі шанцаў кіяўлянам не пакінуў – 4:0. Партугалец у той сустрэчы забіў адзін мяч, а Бялькевіч на тую гульню ў заяўку не патрапіў. А вось у кіеўскім матчы барацьба была больш ўпартай – 4:2 на карысць «МЮ». Бялькевіч з’явіўся на полі пасля перапынку, а Раналду тады сышоў з дублем.
Арцём Мілеўскі
У абедзвюх згаданых сустрэчах «Дынама» з «МЮ» на поле выходзіў яшчэ адзін ураджэнец Мінска. Форвард з украінскім сэрцам і пашпартам на «Олд Трафард» правёў 76 хвілін, а ў кіеўскім паядынку выйшаў на поле разам з Бялькевічам.
У Мілеўскага асаблівае стаўленне да партугальца: «Раналду заўсёды падабаўся. Калі ён перайшоў з «Рэала» ў «Ювентус», я за гэты час не паглядзеў ніводнага матчу мадрыдцаў цалкам». Таксама Мілеўскі казаў, што ў Крыша цікавейшы лад жыцця ў параўнанні з Месі, маўляў аргенцінец «спакойны, чыста спартовец», а партугалец «стала дзесьці па рэстаранах, фатаграфуюць яго».
Таксама Мілеўскі перасякаўся з Раналду на ЧЕ-2002 сярод юнакоў да 17 гадоў. З таго турніру ў іх нават ёсць сумесная фатаграфія.
Праўда, Арцём на тым турніры не згуляў, хоць і перад яго пачаткам патрапіў у пашыраны спіс украінскай каманды. На той момант ён быў зайграны за зборную Беларусі U-16, таму ён не мог выступаць за Украіну ў афіцыйных матчах да паўналецця.
Тым не менш на Еўра ён з камандай адправіўся. Украіна была ў адной групе з Партугаліяй. Раналду тады зрабіў моцнае ўражанне на Мілеўскага і яго партнёраў.
«Партугалія павінна была стаць нашым наступным супернікам, і мы глядзелі іх матч супраць Францыі па тэлевізары. Крыш там такія цуды вытвараў на левым флангу, аж у вачах блішчала! А у нас правага абаронцы гуляў Рыгор Ярмаш. Мы ўсё пераглянуліся і сказалі Рыгору: «Good luck табе заўтра».
У выніку Партугалія абыграла Украіну (2:1), але з групы абедзве каманды не выйшлі. Раналду на тым турніры выніковымі дзеяннямі не вызначыўся, а партугальцам, дарэчы, забіў «кент» Мілеўскага – Аляксандр Аліеў.
Дзмітрый Варабей
На полі ў тым жа матчы ўсё ж быў i ўраджэнец Беларусі. Мазыранiн паехаў з Беларусі ў кіеўскае «Дынама» адначасова з Мілеўскім, але без скандалу, бо за юнацкія зборнай нашай краіны не выступаў. На юнацкім ЧЕ-2002 форвард выходзіў у старце ва ўсіх матчах, супраць партугальцаў правёў 80 хвілін, выніковымі дзеяннямі на турніры не вызначыўся.
Варабей лічыўся перспектыўным на юнацкім узроўні – не проста ж так яго запрасілі ў кіеўскае «Дынама» і выклікалі ў моладзевыя зборныя Украіны. Але вялікай карʼеры пабудаваць не ўдалося. Пасля некалькіх сезонаў у фарме кіяўлян пачаліся шматлікія арэнды, а ў 2016-м Варабей вярнуўся ў «Славію», дзе таксама не бліскаў: 0 галоў у 14 матчах «вышкі» і 2 мячы ў 17 паядынках Д2. Пасля завяршэння карʼеры працаваў у стукутуры мазырскай каманды: трэніраваў дзяцей і дубль.
Хто быў блiзка
Уладзiмiр Гаеў
У 2004-м у апошнiм раўндзе адбора ЛЧ брамнiк румынскага «Дынама» Бухарэст Гаеў згуляў першы матч супраць «МЮ» (1:2), але Раналду на выездзе не было. А на «Олд Трафард» Гаева пакiнулi ў запасе – кiпер са скамейкi паглядзеў на разгром 0:3 для сваёй каманды. Раналду згуляў 63 хвiлiны, вынiковымi дзеяннямi не адзначыўся.
Ягор Філіпенка
Абаронца за паўтара сезона ў iспанскай «Малазе» двойчы трапляў у заяўку супраць «Рэала» Раналду, але на поле так і не выйшаў. У абодвух матчах партугальцу ўдалося вызначыцца. У чэмпіянаце-2015/16 гулец дабіў з метра ў пустыя (3:1).
А ў Ла Лізе-2016/17 прыгожа замкнуў падачу Тоні Кроаса галавой. Пасля партнёрам Філіпенкі ўдалося адыграцца і адабраць ачкі ў «Рэала» (1:1).
Зборная Беларусі U-21
19 жніўня 2003-га моладзевая зборная Беларусі гуляла таварыскі матч з аднагодкамі з Партугаліі. А 20 жніўня першую каманду партугальцаў чакаў спарынг з Казахстанам – i тагачасны яе трэнер Луіс Фэліпэ Скалары ўпершыню выклiкаў маладога талента. У спарынгу з Казахстанам Крышціяну выйшаў на замену ў другім тайме замест Луіша Фігу, а партугальцы мінімальна перамаглі.
Галоўны трэнер Партугаліі U-21 Жазэ Рамау шкадаваў, называючы Раналду лiдарам каманды. Але яна i так справілася з падапечнымi Юрыя Пунтуса (якi па аналагiчнай прычыне не мог разлiчваць на Глеба). Адзiны мяч забіў Кандзіду Косту з перадачы Рыкарда Куарэжмы, якi напрыканцы сустрэчы не рэалізаваў пенальці – Юрый Жаўноў пацягнуў. А яшчэ пра матч супраць Раналду сёння маглi б казаць, Аляксей Бага, Вячаслаў Глеб, Цiмафей Калачоў i iншыя беларускiя футбалiсты.
Раналду потым яшчэ гуляў за зборную U-21 – дапамог ёй адабрацца ў фінальны этап ЧЕ, куды выйшла і беларуская каманда. Але, па-першае, яна з партугальцамi трапiлi ў розныя групы, а па-другое, Раналду туды не паехаў – рыхтаваўся з першай камандай да дамашняга дарослага Еўра, дзе стаў вiцэ-чэмпiёнам.