Наўрад ці вы чулі пра гэты матч зборнай Беларусі: супраць маладых Зідана і Бартэза, на Wiki пішуць, што гуляла Бельгія
Як на беларусах абкаталі будучых чэмпіёнаў свету.
У пачатку 1995 года зборная Беларусі правяла спарынг, які сёння не знайсці ў спісе матчаў каманды. Тады падапечныя Сяргея Бароўскага сустрэліся з футбалістамі, якія ў асноўным былі вядомыя толькі ўнутры Францыі. Аднак праз пару гадоў некаторыя з іх сталі чэмпіёнамі свету, а яшчэ пазней – і чэмпіёнамі Еўропы. Расказваем пра матч, на які забыліся ў белфутболе. Нават артыкул у англійскай «Вікіпедыі» памылкова сцвярджае, што тады на поле выйшла зборная Бельгіі, а не Беларусі.
Неўзабаве пасля прызначэння ўлетку 1994 году на пасаду галоўнага трэнера зборнай Бароўскага футбольная федэрацыя Беларусі адправіла французскім калегам факс з прапановай правесці таварыскі матч. Французы рыхтавалася прымаць у 1998-м чэмпіянат свету і таму была вызваленыя ад кваліфікацыі да турніру. Беларусы прапаноўвалі згуляць у любыя вольныя даты ў 1996-1998 гадах, калі праходзілі адборачныя матчы да ЧС.
Адказ прыйшоў аператыўна. Французы пагадзіліся згуляць хутчэй, чым чакалася – у студзені 1995-га. Але не нацыянальнай камандай (яна на тыя даты запланавала спарынг з Нідэрландамі), а зборнай клубаў Францыі. Беларусы не сталі адмаўляцца ад такой магчымасці і 17 студзеня 1995 года выйшлі на газон 22-тысячнага стадыёна «Жуль Дэшазо» ў Гаўры.
«Тэрмін, вядома, не самы для нас прыдатны, які загадзя ставіў каманды ў няроўныя ўмовы: у французаў разгар сезона, мы ж яшчэ нават не выходзілі на грунт. Аднак выбіраць нам пакуль не выпадае, і адмовіць французам не маглі. Мы павінны радавацца любой магчымасці выпрабаваць сябе на сурʼёзным узроўні», – распавядаў газеце «Прэсбол» Бароўскі.
Выбар суперніка галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Францыі Эме Жаке растлумачыў тым, што «ў паядынку з больш моцнай зборнай у маіх маладых падапечных маглі б узнікнуць вялікія цяжкасці». Праўда, сам Жаке на той гульні не працаваў.
Планавалася, што беларуская каманда збярэцца ў Мінску 13 студзеня і на наступны дзень правядзе спарынг са сталічным «Дынама». Аднак у мінскі гатэль «Гарызонт» заехалі толькі 14 студзеня. У той жа дзень правялі трэнінг у спартыўнай зале фабрыкі агародніны, а на наступны – займаліся ў манежы ў Стайках. Матч з дынамаўцамі так і не адбыўся, што не спадабалася Бароўскаму, чые падапечныя ў большасці сваёй увогуле не мелі гульнявой практыкі пасля зімовага адпачынку.
У гэты час федэрацыя вырашала пытанні з візамі – і гэта было няпроста. Праз праблемы з пашпартам у Беларусі застаўся абаронца Сяргей Ясковіч з мінскага «Дынама». Брамнік маскоўскага «Тарпеда» Андрэй Сацункевіч праходзіў прагляд у Паўднёвай Карэі і таму не паспеў аформіць неабходныя дакументы.
Паралельна Бароўскаму тэлефанавалі з замежных клубаў з просьбамі не выклікаць беларусаў. Так па-за студзеньскім зборам аказаліся абаронцы Аляксандр Тайкоў («Лакаматыў» Ніжні Ноўгарад, Расія) і Эрык Яхімовіч («Дынама» Масква). Ніжагародцы прасілі не чапаць і брамніка Валерыя Шанталосава, аднак той сам выказаў жаданне прыехаць у Гаўр, няхай у той час праходзіў прагляды ў англійскіх клубах. Хаўбек аўстрыйскага ЛАСК Аляксандр Мятліцкі папрасіў не выклікаць яго падчас паўзы ў чэмпіянаце праз жаданне залячыць траўмаваную спіну. Не паспеў аднавіцца да збору нападнік уладзікаўказскага «Спартака» (Расія) Міхаіл Мархель. Не прыехаў і форвард Сяргей Яромка, якога Анатоль Юрэвіч папрасіў адпусціць у расійскі Туапсэ на падрыхтоўку да сезона з МПКЦ.
Раніцай 16 студзеня зборная вылецела ў Парыж чартарным рэйсам на ТУ-134. Праз наплыў авіялайнераў самалёту давялося дадаткова паўгадзіны кружыць над французскай сталіцай. Пасля прызямлення каманда перасела ў аўтобус, на якім праехала 200 кіламетраў да Гаўра. Па дарозе Бароўскі даведаўся, што не зможа разлічваць яшчэ на траіх легіянераў. Паўабаронца японскай «Гамбы Осакі» Сяргей Алейнікаў, адпачываючы з сямʼёй у Італіі, не паспеў аформіць французскую візу.
Паўабаронца Юрый Шуканаў атрымаў траўму ў тэль-авіўскім «Макабі» (Ізраіль), а ў нападніка Ігара Гурыновіча ўзніклі праблемы з атрыманнем аўстрыйскай працоўнай візы пры пераходзе ў ЛАСК – і яму стала не да спарынгу. Праз кадравыя праблемы асноўную частку каманды склалі гульцы з чэмпіянатаў Беларусі і Расіі. З іншых ліг прыехалі толькі абаронца Андрэй Зыгмантовіч («Расінг», Іспанія), нападнікі Андрэй Юсіпец («Алеманія», Германія, Д3) і Сяргей Герасімец («Бней Егуда», Ізраіль).
Увечары пасля прыезду 17 футбалістаў выйшлі на гадзінны перадматчавы трэнінг. Праз канфлікт мясцовых уладаў з «Гаўрам» беларусаў не пусцілі на газон «Жуль Дэшазо», а адправілі на невялікі стадыён з прамерзлым газонам і дрэнным асвятленнем.
Зрэшты, на гэтым жа полі трэнаваліся і французы. Жаке зʼехаў разам з першай камандай на матч з Нідэрландамі, пакінуўшы замест сябе Ражэ Лемера – дзяржаўнага трэнера і галоўнага трэнера ўзброеных сіл Францыі. Апошні перад спарынгам не хаваў свайго абурэння ад умоў трэнінгаў. Бароўскі ж проста адмаўчаўся.
Перад адʼездам Жаке перадаў Лемеру свае пажаданні па стартавым складзе і тактыцы, а таксама называў у прэсе тых, хто гуляў за каманду клубаў, «кандыдатамі ў нацыянальную зборную». Галоўнай мэтай спарынгу быў прагляд найбліжэйшага рэзерву. Жаке распавядаў пра спіс з 34 чалавек, але ў Гаўр паклікаў толькі палову.
Супраць беларусаў выйшлі футбалісты, якіх праз пару гадоў будзе ведаць увесь свет. З першых хвілін зʼявіліся Фабʼен Бартэз («Марсель»), Франк Лебёф («Страсбур»), Зінедзін Зідан, Біксант Лізаразю, Крыстоф Дзюгары (усе – «Бардо»), Юрый Джоркаеф («Манака»), Венсан Герэн («ПСЖ»). У перапынку Зідана замяніў форвард «Асера» Сабры Лямушы. Гэтая васьмёрка пад кіраўніцтвам Жаке праз паўтара года ўзяла бронзу на Еўра-96. На ЧС-1998 і ЧЕ-2000 ужо без Герэна і Лямушы Францыя выйграла золата. Да тытулу ў 2000-м каманду прывёў ужо не Жаке, а Лемэр.
Праз прамерзлае поле беларусы адмовіліся ад трэнінгу з раніцы ў дзень матчу. У стартавым складзе Бароўскі зрабіў стаўку на легіянераў, маладых мінскіх дынамаўцаў і гродзенца Сяргея Гурэнку. Наогул, у тым матчы трэнер задзейнічаў 16 футбалістаў, пакінуўшы ў запасе толькі трэцяга брамніка Эдуарда Тучынскага з мінскага «Тарпеда».
На матч прадалі 6299 квіткоў, але ў пратакол упісалі 10 тысяч. Справа ў тым, што на трыбуны «Жуль Дэшазо» бясплатна ўпускалі дзяцей і падлеткаў. Відэа той гульні ў вольным доступе няма. Нацыянальныя каналы Францыі не сталі трансляваць матч, аддаўшы правы мясцовай кампаніі ў Нармандыі. Супраць беларусаў гулялі яшчэ цалкам сабе валасатыя Бартэз і Зыдан. Сёння іх цяжка ўявіць такімі.
Гаспадары адкрылі лік ужо на сёмай хвіліне. Дзюгары навесіў з левага фланга. Мяч чыркнуў па галаве Гурэнкі, але даляцеў да Ксаўе Граўлена. Футбаліст «Страсбура» без перашкод з 13 метраў расстраляў Шанталосава. Вось такім убачыў гол з трыбун журналіст «Прэсбола» Дзмітрый Беленькі.
Да перапынку французы маглі вызначыцца яшчэ, аднак Шанталосаў справіўся з небяспечнымі ўдарамі Граўлена, Зідана і Джаркаефа. У другім тайме беларускую браму абараняў Аляксандр Марцёшкін, для якога гэта быў дэбют за зборную. Кіпер расійскіх «Крылаў Саветаў» не прапусціў – толькі адзін удар гаспадароў з 21 за 90 хвілін стаў галявым.
Беларусь зрабіла стаўку на контратакі, але яны асабліва не атрымліваліся праз тэхнічны брак. Госці пяць разоў прабілі па варотах, але Бартэза не засмуцілі. Беленькі напісаў, што за матч каманда Бароўскага стварыла паўтара небяспечных моманты.
Пасля паражэння 0:1 беларускі коўч прызнаў, што «гульня склалася лягчэй, чым чакаў». «І, будзь мы больш удачлівымі, – цалкам маглі б здабыць ганаровую нічыю. [Са зборнай Беларусі вылучыў бы] Шанталосава, Марцёшкіна, Зыгмантовіча… І яшчэ Жураўля. У французаў спадабалася ўся каманда – разумная, тэхнічная. А найлепшыя ў ёй, на мой погляд, – Джаркаеф, Дзюгары і Граўлен», – ацаніў будучых чэмпіёнаў свету Бароўскі.
Лемэр распавёў, што пасля той гульні Зідан, Джаркаеф, Дзюгары, Лебёф і Граўлен увальюцца ў асноўную зборную Францыі перад кваліфікацыяй да ЧЕ-1996. Таксама Лемэр кампліментарна для беларускай зборнай заявіў, што на полі гулялі прыкладна дзве роўныя па ўзроўні каманды.
Крыстаф Дзюгары (злева) і Андрэй Зыгмантовіч. Фота газеты «Прэсбол»
На наступны дзень беларусы з'ездзілі на экскурсію па Парыжы, а затым вылецелі ў Мінск. Пасля матчу заставалася незразумелым, які статус яму надаць. «Прэсбол» з гэтым пытаннем звяртаўся ў штаб-кватэру ФІФА. Там адказалі, што беларусы гулялі супраць зборнай клубаў, таму матч усё ж такі меў неафіцыйны характар. Менавіта таму гаўрскі дэбютант Марцёшкін у сваёй статыстыцы так і не мае матчаў за зборную, хаця аднойчы за яе ўсё ж такі згуляў.