🔥 Раналду можа згуляць на клубным ЧС – ёсць нават чуткі пра аб'яднанне з Месі
Куды такі турнір без зорнага партугальца?
Усё менш часу застаецца да першага розыгрышу клубнага чэмпіянату свету ў абноўленым фармаце. Турнір пройдзе з 14 чэрвеня па 13 ліпеня, а яго стваральнік ФІФА намагаецца павысіць да спаборніцтва глабальную цікавасць.
Галоўны рычаг арганізацыі – прызавы фонд. На мінулым тыдні ФІФА паведаміла, што ён складзе мільярд долараў, а каманда-пераможца, у прыватнасці, зможа зарабіць за сем матчаў 125 млн сумарна.
Гэта ўжо моцны стымул для клубаў, каб змагацца за трыумф і нават не думаць гуляць у Штатах аслабленым складам. ФІФА паклапацілася і пра тое, каб ва ўдзельнікаў КЧС-2025 было асобнае трансфернае акно ў пачатку чэрвеня. Усё, каб каманды змаглі ўзмацніцца напярэдадні турніру.
Таму нядзіўна, што ў апошні час з'яўляюцца разнастайныя чуткі пра будучыя пераходы менавіта пад клубны ЧС. Найгучнейшыя з плётак датычацца Крышціяну Раналду.
🟢 На днях брытанскі Sky Sports распавёў пра магчымасць удзелу зоркі «Аль-Насра» ў клубным чэмпіянаце свету. Нават нягледзячы на тое, што сам «Аль-Наср» не згуляе на турніры.
Улічваючы эксклюзіўнае трансфернае акно ў пачатку лета, у клубаў-удзельнікаў з'явіцца магчымасць падпісаць да старту КЧС менавіта зорнага форварда.
Да таго ж сам 40-гадовы партугалец таксама можа быць зацікаўлены ў такім варыянце.
Улічваючы ўзрост Раналду, гэта будзе ці не адзіная яго магчымасць выступіць на новым фешэнебельным турніры, які цяпер збіраюцца ладзіць кожныя чатыры гады. Тым больш яго даўні супернік Ліянель Месі дакладна выступіць на КЧС у складзе «Інтэра Маямі».
Не кажучы ўжо пра інтарэсы ФІФА ў такім трансферы Крышціяну – для прасоўвання і павышэння прывабнасці чэмпіянату.
🟢Аднак у Раналду дзейнічае кантракт з «Аль-Насрам», які можа і не захацець адпускаць сваю зорку. Але Sky Sports тлумачаць – на супраціў клуба з Эр-Рыяда можа паўплываць тое, што пагадненне з Крышціяну заканчваецца якраз 30 чэрвеня 2025 года.
Улічваючы магчымае жаданне самога партугальца згуляць на КЧС, у «Аль-Насры» могуць і не пярэчыць спробам набыць яго ў іх да старту КЧС.
Больш за тое, супраць «Аль-Насра» дзейнічае яшчэ адно новаўвядзенне ФІФА – дадатковая магчымасць для ўдзельнікаў клубнага чэмпіянату свету дазаявіць не больш за двух гульцоў падчас турніру. А менавіта ў перыяд з 27 чэрвеня да 3 ліпеня.
То бок нават адмовіўшыся адпускаць Раналду да канца кантракту, «Аль-Наср» усё роўна можа яго страціць – толькі на гэты раз без кампенсацыі. Крышціяну можа дачакацца 30 чэрвеня і пасля гэтага афіцыйна перайсці ў адзін з клубаў – удзельнікаў КЧС, які зможа яго адразу ж дазаявіць.
🟢 Зрэшты, пакуль няма ніякіх пацвярджэнняў таму, што нейкія клубы маюць намер узяць Раналду пад КЧС. Але ёсць чуткі.
Іспанская Marca ўжо напісала, што сярод зацікаўленых у Крышціяну каманд можа быць той жа мадрыдскі «Рэал», за які партугалец выступаў з 2009 па 2018 гады.
Таксама ў спісе міланскі «Інтэр» і іншы саудаўскі клуб – «Аль-Хіляль». Сярод прэтэндэнтаў фігураваў нават той жа «Інтэр Маямі», прадаючы магчымасць гульні Раналду і Месі ў адной камандзе. Але вядомы футбольны інсайдар Фабрыцыа Рамана адмаўляў такую магчымасць.
Але цяпер гэтымі чуткамі аперуюць збольшага таблоіды, якія не выключаюць – Крышціяну ўвогуле можа падпісаць толькі кароткі кантракт на адзін месяц з удзельнікам КЧС дзеля ўдзелу ў турніры.
Але ставіцца да гэтай інфармацыі пакуль што ўсё роўна варта скептычна – хаця такога аб'ёму дыму без агню дакладна не бывае.
Фота: imagephotoagency.it, IMAGO/NAUSHAD