Дырэктарам у клубе букмекераў стаў фанат «Спартака», які сам раней гуляў на стаўках – і нібыта зарабіў на машыну
На выбарах-2020 яго цешыў школьны буфет.
На пачатку лютага навічок вышэйшай лігі «МЛ Віцебск» абвясціў, што былы аналітык букмекерскай канторы Maxline Дзмітрый Краснадубскі (на фота справа) заняў пасаду дырэктара па развіцці і што ён жа будзе адказным за селекцыйную дзейнасць клуба. Краснадубскі ўжо не раз трапляў у інфаполе: распавядаў пра прыдуманы трансфер расійскага нападніка Арцёма Дзюбы, выказваў намер сабраць усіх выхаванцаў віцебскага футбола ў «МЛ» ды іншае.
Мы ж распавядзем пра самога Краснадубскага, які даўно быў побач з беларускім (і не толькі) футболам.
Па адукацыі настаўнік гісторыі, прагульваў пары на матчы ЧБ
Цяперашні дырэктар па развіцці мае вышэйшую адукацыю ў галіне, далёкай ад менеджмента: у 2017-м Краснадубскі хваліўся заканчэннем віцебскага ўніверсітэта з дыпломам па спецыяльнасці «Гісторыя» і называў сябе настаўнікам адпаведнага школьнага прадмета.
Да футболу ж Краснадубскі мае імпэт даўно. У Instagram шмат фота і відэа з матчаў з вэнэушных спаборніцтваў, а дзеля чэмпіянату Беларусі студэнт мог і прагуляць пары. Напрыклад, так ён зрабіў, калі меркаваць па подпісе ў сацсетках, 3 снежня 2014-га, калі разам з сябрамі прысутнічаў на другім стыкавым матчы, у якім «Віцебск» заваяваў месца ў вышэйшай лізе дзякуючы перамозе ў стыках над «Дняпром» (1:1, 2:0).
Тапіў за «Спартака», гуляў у FIFA замест таго, каб шукаць дзяўчыну
У сацсетках Краснадубскага шмат фота, якія сведчаць пра вялікую любоў да расійскага «Спартака» – з «МЛ» падобнага кантэнту няма. Усё настолькі сур'ёзна, што мужчына ганяў на матчы ў Маскву і ўваходзіў у нешта кшталту віцебскага фан-клуба «Спартака».
Была і яшчэ адна, забаўляльная, гісторыя гэтага захаплення. У 2015-м Краснадубскі нагуляў дзесяць сезонаў у футбольным сімулятары FIFA за расійскага трэнера з беларускім грамадзянствам Алега Конанава – тады спецыяліст узначальваў «Краснадар», але ў Краснадубскага сканчваў кар'еру ў «Спартаку». У якасці падсумавання хлопец напісаў, што пасля такога доўгага падарожжа можна і дзяўчыну знайсці.
Аказалася, што Краснадубскі апярэдзіў час, бо Конанаў пазней сапраўды працаваў на чале «Спартака» (2018-2019). Вось толькі ў рэальным сусвеце, у адрозненні ад віртуальнага, у трэнера ўсё было настолькі дрэнна, што ў 2019-м заўзятары масквічоў прызналі яго найгоршым коўчам у гісторыі клуба (14 параз пры 16 перамогах у 36 матчах).
Працаваў у пары з Хадасевічам, гуляў за «Макслайн», калі гэта не было мэйнстрымам
Па спецыяльнасці Краснадубскі ніколі не працаваў. Яшчэ ў ВНУ ён зацікавіўся стаўкамі на спорт, а ўжо праз чатыры месяцы пасля выпуску працаваў у студыі з тэлевядоўцам Мікалаем Хадасевічам – у праектах для віцебскай букмекерскай канторы Maxline, дзе стаў кіраўніком аналітычнага аддзела.
Футбол Краснадубскі таксама не закінуў, прычым ізноў згуляў на апярэджанне – бегаў за мініфутбольную каманду пад назвай «Макслайн» у 2019 годзе (акаўнт з тэгам @fc_maxline на фота ніжэй сёння недасяжны).
Прафесійны клуб з такой назвай, у якім мужчына сёння працуе, з'явіўся ў 2021-м у выніку перайменавання рагачоўскага «Дняпра».
Быў паспяховым каперам, у прыватным канале цешыўся буфетам на выбарах-2020
Раней Краснадубскі быў паспяховым каперам – чалавекам, які сам зарабляў на стаўках і дапамагае (ці платна, ці за проста так) у гэтым іншым. Доўгі час ён вёў закрыты Telegram-канал, дзе задарма выкладаў прагнозы на спартыўныя падзеі. Людзі, якія былі ў тым канале, сцвярджаюць, што на падказках Краснадубскага сапраўды можна было зарабіць. Часам ён ствараў платныя суполкі, дзе раздаваў парады, але ўваход у іх каштаваў невялікіх грошай.
Нешта акрамя спорту ў закрытым канале Краснадубскага – з'ява рэдкая, але сёе-тое знайсці можна. Напрыклад, у жніўні 2020 года мужчына цешыўся з буфета на ўчастку для галасавання на выбарах.
Напрыканцы 2024-га Краснадубскі паставіў канал на паўзу, але не таму, што рыхтаваўся афіцыйна зайсці ў прафесійны футбольны клуб.
«Занадта нерваў сыходзіць. Да ставак стаўлюся спакойна, але калі выкладаю іх у канал, вельмі турбуюся і адчуваю адказнасць. Увогуле ў мяне падвышаная трывожнасць, трэба нервы падлячыць і здароўе ў цэлым», – напісаў мужчына за месяц да прызначэння ў «МЛ Віцебск».
Таксама сваім падпіснікам Краснадубскі хваліўся, што на стаўках зарабіў на аўтамабіль для сябе і бацькі. З 2021 года ставачнік ездзіць на люксавым Mercedes GLE-класа 2015-2019 гадоў выпуску – на другасным рынку ў Беларусі такое аўто каштуе ад 36 да 62 тысяч долараў.
*Нагадваем, што пры гульнях з букмекерамі існуе пагроза развіцця лудаманіі. Не варта рабіць стаўкі на апошнія грошы – толькі ў межах той сумы, якую не шкада страціць
Усё ж знайшоў дзяўчыну
Калі ў 2015-м Краснадубскі заліпаў у віртуальным FIFA з Конанавым замест таго, каб шукаць дзяўчыну, то цяпер з асабістым жыццём у яго ўсё ў парадку. Сяброўку функцыянера завуць Юлія. Яна працуе ў бьюці-сферы, ды і сама мае мадэльную знешнасць.