Шкурын перапыніў галявую засуху з 11 матчаў: заспеў знянацку прэс-службу «Легіі», але пацешыў партнёраў і заўзятараў
«Завялася машына».
Ілля Шкурын забіў першы мяч за «Легію». У паўфінале Кубка Польшчы на 84-й хвіліне паставіў кропку ў разгроме «Руху» Хожув 5:0, калі галавой замкнуў скідку сербскага абаронцы Радавана Панкова.
Шкурын мог займець і асіст. На 69-й хвіліне ён класна разагнаў атаку «Легіі» па флангу, а затым пакаціў у цэнтр на Лукіньяса, але бразільскі вінгер з набегу прабіў крыху вышэй:
Пасля матча першы гол Шкурына адзначалі партнёры. Абаронца Ян Зюлкоўскі сказаў, што рады за беларуса, а галоўны трэнер «Легіі» Гансала Фею абазначыў важнасць дэбютнага мяча для лепшай інтэграцыі ў каманду. Сам жа Шкурын выканаў невялікі перфоманс перад камерамі разам з японскім вінгерам Роям Марышытам:
Цікава, што да гола Шкурына аказалася не гатовая прэс-служба «Легіі» – пасля мяча беларуса ў твітары з'явіўся надпіс: «Шукаю графіку для пятага гола, зараз устаўлю»:
Праз дзве хвіліны яна з'явілася:
У каментарах заўзятары адзначылі непадрыхтаванасць адміна, але ў асноўным віншавалі Іллю:
«Нават адмін не чакаў, што Шкурын заб'е».
«Прадбачыў яго першы гол у сённяшнім матчы».
«Ну нарэшце. Галоўнае, каб разблакаваўся да лепшага»
«Завялася машына».
А яшчэ заўзятары шмат жартавалі пра падабенства Шкурына з вядомым польскім спеваком і кампазітарам Давідам Падсядлам:
«Калі Падсядла стаў гуляць у «Легіі»?»
«Падсядла з голам, брава»
Падабенства сапраўды ёсць:
Сам Шкурын, які звычайна скупы на публічныя каментары, пасля матчу ўсё ж пагутарыў з прэсай. Расказаў, што ў «Легіі», у адрозненне ад «Сталі», ад каманды заўсёды чакаюць перамог, выказаў надзею, што на вырашальны матч Кубка, які можа стаць для беларуса першым у прафесійнай кар'еры фіналам, ён хаця б трапіць у заяўку. Ну і, канешне, пракаментаваў дэбютны мяч.
«Кожны гол важны. Што сказаць, каманда прарабіла вялікую працу ў першай палове. У другім тайме мне заставалася толькі выйсці і забіць гэты гол, для якога шмат працаваў і, думаю, заслужыў», – сказаў Шкурын.
Рэдкі кадр камунікацыі беларуса з журналістам прыкладаецца (размова вялася па-польску):
На канец некалькі статыстычных фактаў пра дэбютны гол беларуса за «Легію»:
- Галявая засуха Шкурына працягнулася больш за чатыры месяцы. Да гульні з «Рухам» беларус апошні раз забіваў 24 лістапада – паклаў пераможны за «Сталь» супраць «Радамяка» (2:1) у чэмпіянаце Польшчы. Пасля гэтага было пяць матчаў за «Сталь» і шэсць за «Легію» без галоў. Агулам сухая серыя доўжылася 792 хвіліны.
- Шкурын паспеў страціць месца ў стартавым складзе «Легіі». Пасля пераезду ў Варшаву ў дэбютным матчы ён выйшаў на поле ў другім тайме, пасля было чатыры гульні з першых хвілін, а ў апошніх двух сустрэчах легіянер ізноў з'яўляўся на полі пасля перапынку.
- Са Шкурыным у складзе «Легія» атрымала тры перамогі: са «Шленскам» (3:1) у Экстракласе, з «Ягелоніяй» (3:1) і «Рухам» (5:0) у Кубку. Яшчэ ў чэмпіянаце Польшчы было дзве нічыі (з «Маторам» 3:3 і «Поганню» 0:0) і дзве паразы (ад «Радамяка» 1:3 і «Ракува» 2:3). У першынстве каманда як ішла на 5-м месцы, так і ідзе.
- Адзіны матч, які Шкурын правёў цалкам, – у Экстракласе супраць «Матора». Сярэдні час беларуса на полі – 50 хвілін. Каб забіць першы мяч, яму спатрэбілася 343 хвіліны ў новым клубе.
- Найлепшыя бамбардзірам каманды на адрэзку пасля пераходу Шкурына ў «Легію» – японскі вінгер Рёя Марышыта (5+2) і іспанскі форвард Марк Гуаль (5+0). Адзначым, што абодва канкурэнты забілі па адным мячы «Мольдэ» ў 1/8-й Лігі канферэнцый – на гэты турнір Шкурын не заяўлены.
- Са Шкурыным на полі «Легія» забівае часцей, чым без – дзевяць галоў супраць васьмі.
- Шкурын стаў другім беларусам, якому ўдалося вызначыцца голам за «Легію». Першым быў Сяргей Амельянчук. У жніўні 2002-га абаронца забіў свой адзіны мяч за варшавян, які прынёс камандзе нічыю з «Дыскаболіяй» (3:3) у чэмпіянаце Польшчы. Акрамя Шкурына і Амельянчука ў першай камандзе «Легіі» беларусаў не было.