Tribuna/Футбол/Блогі/Кавальчук вымагае прарэдзіць «вышку», каб паменшыла матчаў – але максімум тураў у Д1 за 30+ гадоў быў пры мінімуме клубаў

Кавальчук вымагае прарэдзіць «вышку», каб паменшыла матчаў – але максімум тураў у Д1 за 30+ гадоў быў пры мінімуме клубаў

Лікбез для лукашыста.

Аўтар — Alex Zagorski
Кавальчук вымагае прарэдзіць «вышку», каб паменшыла матчаў – але максімум тураў у Д1 за 30+ гадоў быў пры мінімуме клубаў

Так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук працягвае лезць у футбольныя справы – хаця, здавалася б, АБФФ з Мікалаем Шарснёвым змаглі адбіцца ад надакучлівага чынушы.

Але 4 красавіка пасля чарговай «спартыўнай» нарады ў Лукашэнкі Кавальчук зноў узнік з прэтэнзіямі (ну а чаму не, калі УЕФА з ФIФА на дзяржаўны ціск на белфутбол даўно і стала напляваць). Чынуша, здаецца, пераканаў дыктатара змяніць ключавы для клубаў пры рэжыме ўказ – пакуль што дзяржпрадпрыемствы могуць частку сваіх падаткаў замест дзяржбюджэта накіраваць канкрэтным камандам (калі апошнія маюць патрэбнае «ўхваленне» з «мінспорту»), а Кавальчук хоча, каб грошы шлі такі ў бюджэт, а адтуль ужо выдавалі камандам – пароўну. А яшчэ «міністр» вымагае скарачэння вышэйшай лігі – прычым не для эканоміі. Кавальчук хоча, каб зменшылася колькасць тураў – а то, маўляў, пачынаць і сканчваць нязручна.

– 16 каманд для Беларусі – перабор. У гэтым годзе мы пачалі 15 сакавіка. Да прыкладу, «Дынама» Мінск толькі 1 красавіка заканчвае перадсезонную падрыхтоўку – па ўсіх нарматывах, каб годна выступаць у чэмпіянаце. А мы ўжо гуляем. Якасць палёў у сакавіку, умовы надвор’я… Матчы, калі трэба вызначаць чэмпіёнства, часам у снежні, на снезе. Менш каманд – менш колькасць матчаў. Менш матчаў – мы можам пачаць крыху пазней, завяршыць крыху раней. Гэтая тэма сёння на паверхні, – заявіў Кавальчук.

Але, як звычайна, аргументы ў чынушы не вытрымліваюць праверкі. Па-першае, само жыццё даказала: у красавіку таксама бывае бяда з метэа – горш, чым у сакавіку, у якім матчаў не адмянялі.

Па-другое, у беларускім футболе менш каманд – гэта нярэдка яшчэ больш матчаў. Тут давайце «прасвятлім» Кавальчука больш падрабязна.

Цяпер ідзе 35-ы сезон беларускага Д1. I максімальная колькасць тураў была ў другім з іх – у эліту пусцілі цэлых 17 каманд, якія гулялі ў два кругі: матчаў кожная правяла 32, але тураў праз няцотнасць спатрэбілася 34. Праўда, праблемы палёў у пачатку і канцы не было – таму што сезон гэты быў па сістэме «восень-вясна», па якой правялі ўсяго тры розыгрышы.

З астатніх чэмпіянатаў 21 (плюс цяперашні) праводзілі ў 30 тураў – у два круга гулялі 16 каманд (ну або 15 – пару разоў каманды знікалі па ходзе сезона, у 2023-м гэтым лікам стартавалі). Яшчэ сем разоў розыгрыш складаўся з 14 каманд - і яны паспявалі за 26 тураў, на што, напэўна, цяпер Кавальчук пагадзіўся б. Тады сапраўды і пачыналі раней, і сканчвалі пазней: чэмпіянат праходзіў з сярэдзіны красавіка да пачатку лістапада. Але, трэба сказаць, і з 16 удзельнікамі гулялі б у той жа прамежак часу, бо было меней міжнародных матчаў, чым цяпер, у час новых турніраў і змянення фарматаў ранейшых.

Ну а з 2010-га па 2014-ы «вышка» была зусім маленькай: там гулялі чатыры разы па 12 каманд, а ў 2012-м увогуле толькі 11 (мінскі «Партызан» не знайшоў грошай на павышэнне, і яго нікім не сталі мяняць). Скарачаць эліту, нягледзячы на не тое каб паспяховыя эксперыменты з 14 камандамі ў 2001-02 ды 2005-07 гадах, зноў вырашылі ў 2008-м. Як і пры папярэдніх адыходах ад 16 каманд, уразанне тлумачылася патэнцыяльным падвышэннем канкурэнцыі і цікавасці чэмпіянату. Казалі і пра эканамічны фактар: распачаўся сусветны крызіс, і пацягнуць 16 клубаў у Д1 станавілася складана. Актыўна за ідэю скарачэння выступаў тагачасны кіраўнік АБФФ Генадзь Нявыглас.

– Калі ў нас пару сезонаў таму было ў вышэйшай лізе 14 каманд, на выканкаме вырашылі, што іх павінна быць 16. «Супраць» прагаласаваў адзін чалавек – Генадзь Нявыглас. Ужо тады быў перакананы: калі хочам, каб у групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў мільгалі беларускія клубы, то элітны дывізіён трэба скарачаць, – распавядаў Нявыглас у 2009 годзе (хаця БАТЭ ўпершыню выйшаў у групу ЛЧ у 2008-м якраз пры 16 клубах у ЧБ).

Скарачэнне прайшло за два гады: у 2009-м згулялі зноў у 14 каманд, у 2010-м іх стала 12. Але ўсе пяць гадоў з такой (i меншай) колькасцю каманд тураў у ЧБ было больш, чым пры 16 клубах – таму што проста ў два кола і 22 тура, можа, згуляў бы Кавальчук, але не тагачасная АБФФ.

У пачатку 2010-х у чэмпіянаце спрабавалі два фармата. У 2010-12 гадах што 12, што 11 каманд праводзілі 33 туры – тры колы, а хто у трэцім згуляе дома, вырашалі жэрабем. Гэта ўжо выклікала пытанні – напрыклад, супернік у барацьбе за чэмпіёнства атрымлівае залішні матч дома, у той час як ты гуляеш госцем. А заўзятараў на трыбунах істотна больш не станавілася: сярэдняя наведвальнасць плавала ці крыху ўверх, ці крыху ўніз.

На 2013-14 гады ў федэрацыі ўжо пад кіраўніцтвам Сяргея Румаса вызначылі новы фармат, які доўгі час прасоўваўся «Прэсболам» і яго журналістамі. Ён прадугледжваў 32 туры. 22 з іх – агульны этап у два класічныя колы. А пасля каманды дзяліліся на дзве групы – верхнюю і ніжнюю шасцёрку, унутры якіх гулялі яшчэ два колы ў 10 тураў.

Рабілі фармат, каб павялічыць колькасць гульняў паміж «топавымі» клубамі ў другім этапе, чым павялічыць інтрыгу ў барацьбе за медалі ды еўракубкі ды прывесці людзей на стадыёны. Вось толькі атрымалася наадварот. Наведвальнасць другога этапу была меншай за паказнікі першага (праз тое, што да аўтсайдараў ужо не прыязджалі моцныя каманды, на іх хадзілі менш). Бачылі таксама складанасць пошуку спонсараў для «ніжніх» каманд. Паралельна казалі пра перанасычаны календар улетку, калі трэба было біцца за трапленне ў топ-6, а гулялі яшчэ і Кубак з еўракубкамі.

Пры гэтым пры роўнай колькасці балаў на першым этапе каманды аказваліся ў розных шасцёрках па дадатковых паказніках (у першым розыгрышу так «Тарпеда-БелАЗ» пайшло ўверх, а «Белшына» ўніз). Плюс так «набівалася» статыстыка – у 2014-м другім бамбардзірам ЧБ стаў Аляксандр Макась: яго «Мінск» у 10 матчах «аўтсайдарскага» этапу здабыў 8 перамог ды 2 нічыіх, а форвард забіў тыя ж 7 разоў, што і за 22 матчы першай стадыі.

Яшчэ ў пачатку 2014-га Румас заявіў, што «клубы вельмі актыўна выступаюць за тое, каб у вышэйшай лізе гулялі 14, а яшчэ лепш – 16 каманд». У выніку да цяперашняй колькасці і вярнуліся ў 2016-м – праз «пераходны» ЧБ-2015 з 14 удзельнікамі. Па дарозе намеснік Румаса Сяргей Сафар’ян сказаў, што лозунг «чым менш клубаў у ЧБ, тым вышэй канкурэнцыя» стаўся памылковым.

У снежні 2017-га размову пра скарачэнне ЧБ да 12 клубаў завёў тагачасны «міністр спорту» Аляксандр Шамко. Ён, у адрозненні ад Кавальчука, казаў пра канкурэнцыю ў чэмпіянаце і «фінансавы цяжар» для дзяржавы ва ўмовах памяншэння цікавасці да турніра.

Большая частка прадстаўнікоў белфутбола, сярод якіх былі Віталь Жукоўскі, Юрый Вяргейчык, Ігар Кавалевіч, выступалі супраць прапановы, а вось Сяргей Гурэнка ідэю падтрымліваў. У выніку ад чарговага скарачэння вышэйшай лігі ў АБФФ адмовіліся, а ў лютым 2018-га з міністэрскай пасады сышоў Шамко, замест якога і паставілі Кавальчука.

АБФФ жа за апошнія гады не раз абараняла фармат з 16 камандамі і двума коламі. У 2021-м у федэрацыі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Базанава выйшла канцэпцыя развіцця беларускага футбола да 2028 года – і там гаварылася, што такая сістэма «вызначае найбольш аптымальную колькасць гульняў у сезоне для футбаліста ў рамках рэгулярнага чэмпіянату». Тады пярэчанняў ад Кавальчука і ягонага «ведамства» нешта не было чуваць.

А ў кастрычніку 2024-га на выканкаме АБФФ зноў абмяркоўвалі пытанне – і, як паведамлялася, «пераважная большасць меркаванняў была выказаная на карысць захавання 16 каманд», пры гэтым «папярэдні вопыт скарачэння вышэйшай лігі быў прызнаны няўдалым».

Ці атрымаецца захаваць колькасць удзельнікаў цяпер? І ці варта гэта рабіць?

Іншыя пасты карыстальніка

Гэты беларус стаў хакейным каралём у Італіі, давёў сына да НХЛ, дзе марыў гуляць сам, і нечакана для сябе ачоліў клуб КХЛ
Сёння, 12:00
У дзюдо нібыта дазволілі беларусам выступаць пад рэжымнай сімволікай. Вось якім бокам тут сябар Пуціна
19 траўня, 19:00
Гэтыя беларусы з футбола і хакея муцяць з мадэлямі – у тых бывае праца на спорце і шмат тысяч падпісчыкаў
19 траўня, 11:00
«Трактар» вярнуўся праз 2,5 года: «горачка» на месцы, трыбуны моцна паменелі, але ўсё роўна выглядалі вельмі пуста
11 траўня, 06:00
4
Віцебск прымаў два запар паўфіналы Кубка – і «МЛ» меў гледачоў у 8 разоў больш! Гэта не баг, а тэндэнцыя – вось чаму так адбываецца
10 траўня, 12:30
5
Вось хто ў Беларусі змог, як Хары Кейн: (анты)легенда кубкавых фіналаў, абаронца-форвард, капітаны зборнай
7 траўня, 06:23
2
Яшчэ нядаўна быў не гатовы трэнаваць, а цяпер яго каманда – лідар ЧБ: крыўдна звальнялі, вылетаў у Д3, хоча максімум
6 траўня, 11:39
4
Туміловіч ужо месяц у Ізраілі: цешыцца пашпартным багаццем, рыхтаваўся да бойкі на стадыёне, нібыта вяртаецца ў пляжку
6 траўня, 05:57
4
Маладая зорка пяцібор'я з Беларусі жорстка траўмавалася ў дысцыпліне, якая замяніла скандальную верхавую язду
5 траўня, 14:29
3
На пляжным ЧС на Сейшэлах зборная Беларусі гуляе на той жа арэне, што і год таму ў Дубаі. Вось як яна адолела 3 тысячы км
5 траўня, 06:29
2
У веласпорце Беларусі адкрылі мастацкую галерэю – уцягнулі іншыя віды ў выставы, прапануюць набыць працы за тысячы долараў
30 красавіка, 16:00
Зорная банда «Узды», пераможца Кубку на афішы са Сталіным, касяк з блогерам пад алкаша – такая во весялуха ў Д3
30 красавіка, 06:00
«Мяшкоў» не прайграе СКА два гады, хаця можа саступаць і 6 мячоў – цяпер забраў сёмы трафей, асадзiўшы сына Барбашынскага
29 красавіка, 12:40
Ён – магістрант, яна – былая сцюардэса. Цікавае пра аднаго з самых закрытых беларусаў НХЛ і яго сям'ю
29 красавіка, 06:34
Беларус прэтэндуе на 2 асабістыя ўзнагароды ў галоўнай юніёрскай лізе ЗША. З ім клуб узяў першы за 20 гадоў трафей і рушыць да іншага
28 красавіка, 11:00
3
У Д2 ёсць клуб з фантастычнай серыяй няўдач – пайшоў працягваць яе, хоць неспартыўна і не ўсе рэжымнікі ўхвалілі
26 красавіка, 06:00
1
Унікальная з'ява ў Д2 Беларусі: людзей на трыбунах быццам бы вобмаль – затое лічбы ў пратаколах ого-го якія!
25 красавіка, 14:00
3
Колькі ж адставак у белхакеі! Без працы засталіся ажно два сябручкі Баскава, але не праз іх засмуціўся Захараў
23 красавіка, 06:31
Шаранговіч лічыць, што ў гэтым сезоне зрабіў крок назад – а ў апошнім матчы яшчэ і зламаў нагу (але спакойна можа хадзіць)
22 красавіка, 15:00
4
У суботу ў ЧБ адбыліся два вельмі падобных эпізоды, але з розным вынікам: выдаленне на карысць «Нёмана» і дуля БАТЭ ў класіка
21 красавіка, 16:19
Усе пасты