Тоці давялося каментаваць фэйл гульца зборнай Беларусі. Але італьянец сам вінаваты
Арыгінал і пародыя, плюс расчараванне Мілеўскага.
8 красавіка ў Маскве прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміі «Рэйтынга Букмекераў». На ёй раздавалі ўзнагароды найлепшым, па версіі гэтага выдання, прадстаўнікам азартнай індустрыі, спартсменам і журналістам.
Адным з ганаровых гасцей сёлета стаў Франчэска Тоці. Візіт былога гульца зборнай Італіі, у складзе якой ён у свой час афармляў дубль у вароты Беларусі, падавалі як візіт «Імператара» (такую мянушку Тоці атрымаў падчас кар'еры) у «трэці Рым» (так сталіцу Расіі назваў у ХVI стагоддзі пскоўскі манах Філафей, сёння ж гэтае азначэнне актыўна выкарыстоўваецца для прасоўвання пуцінскага «рускага свету»).
Візіт Тоці абыгрывалі ў стылі італьянскага старажытнага Рыма. Вось экс-капітан «Ромы» ў атачэнні людзей, перапранутых у салдат таго часу – легіянераў:
А тут ён пасуецца з былым футбалістам зборнай Расіі Аляксандрам Маставым у фотазоне, якая аформлена ў стылі «Калізея»:
А яшчэ Тоці даў інтэрв'ю расійскаму каментатару Георгію Чарданцаву ў эфіры прапагандысцкага канала «Матч ТБ», дзе не аднойчы цкавалі непажаданых пуцінскаму рэжыму спартсменаў. Ад прапагандыстаў «Матч ТБ» адхоплівалі нават беларусы: напрыклад, бягуха Крысціна Ціманоўская і футбаліст Ілля Шкурын.
На самой цырымоніі Тоці даверылі ўручаць галоўную ўзнагароду вечара – «Найлепшы букмекер года». Запрашэнні зоркі такога ўзроўню ў Маскву абышлося не танна. Генеральны дырэктар «Рэйтынгу букмекераў» Аскер Тхаліджокаў распавядаў, што арганізатарам прыйшлося заплаціць шасцізначную суму ў еўра.
Вядома, візіт Тоці ў Маскву з неразуменнем успрынялі ва Украіне, якая вось ужо больш за тры гады вядзе абарончую вайну супраць Расіі. Выказаўся нават Арцём Мілеўскі, які раней з цеплынёй ставіўся да італьянца. Калі той у траўні 2017-га праводзіў свой апошні афіцыйны матч, беларус з украінскім пашпартам апублікаваў у інстаграме сумеснае фота з чвэрцьфіналу чэмпіянату свету-2006, у якім Украіна саступіла Італіі (0:3) і падпісаў: «Forca Roma, Кароль! Такіх больш не будзе, не верыцца».
Цяпер жа Мілеўскі гавора па-іншаму: «Шчыра, я не хачу ўвогуле да канца ў гэта верыць. Мне ад гэтай інфармацыі не вельмі добра. Я ўвогуле не разумею, навошта ён едзе ў Расію, калі ўся Італія, уся Еўропа падтрымлівае Украіну, падтрымлівае нас. Яму 100% заплацілі, але што, ён мала зарабіў за сваю кар'еру?»
Сам італьянец у адказ на крытыку казаў, што ён не палітык і не дыпламат, а спартсмен, які прасоўвае свае каштоўнасці па ўсім свеце. Таксама ён дадаў, што калі б яму прапанавалі з аналагічнай мэтай наведаць Кіеў, то ён бы «без праблем паехаў».
Затое ў Маскве ў Тоці даволі нечакана спыталі пра Віталя Лісаковіча – па вялікім рахунку, ноўнэйма нават для еўрапейскага футбола, не кажачы ўжо пра сусветны ўзровень. Цяжка ўявіць, як яшчэ інакш прозвішчы Тоці і Лісаковіча, які на сёння выступае ў другім расійскім дывізіёне за «Балтыку», маглі аказацца побач.
Уся справа ў святкаванні, якое, магчыма, ураджэнец Мінска падгледзеў у італьянца.
У студзені 2015-га «Рома» прымала «Лацыа» ў Рымскім дэрбі. Пасля першага тайма госці вялі 2:0. Але ў другой палове Тоці аформіў дубль, а матч скончыўся ўнічыю 2:2. Адразу пасля другога гола капітан «Ромы» зрабіў сэлфі наўпрост на полі:
У прэсе святкаванне Тоці называлі найлепшым сэлфі ў гісторыі футбола. Фотак пасля гэтага было шмат – і яны сапраўды крутыя:
А вось так выглядала само фота з тэлефона:
Цалкам магчыма, што 17-гадовы бачыў той перфоманс і ўразіўся ім, бо пазней адбылося наступнае.
Праз сем гадоў у апошнім туры РПЛ-2021/22 сустракаліся «Рубін» і «Уфа». Абедзве каманды змагаліся за выжываннем, але казанцы знаходзіліся ў лепшай пазіцыі – каб патрапіць у стыкі за эліту, ім хапала нічыёй. Лік у той гульні адкрыў «Рубін» – менавіта Лісаковіч забіў Антону Чычкану з пенальці на 37-й хвіліне, пасля чаго сабраў партнёраў і зрабіў з імі сэлфі:
Фота з тэлефона Лісаковіча:
Але святкаванне атрымалася датэрміновым і ў выніку зусім недарэчным.
У другім тайме «Уфа» забіла двойчы, але ў дададзены час «Рубін» атрымаў шанц, каб уратавацца, – на 90+13-й хвіліне суддзя зноў паставіў пенальці ў браму Чычкана. Біць пайшоў Лісаковіч, але на гэты раз зарадзіў у штангу:
Пасля няўдалай спробы форвард зборнай Беларусі рабіць сэлфі не стаў.
У выніку «Рубін» скончыў чэмпіянат перадапошнім і адправіўся ў Д2. «Уфа», зрэшты, таксама пакінула эліту – саступілі ў стыкавых матчах «Арэнбургу». На Лісаковіча пасля матча абрынуўся шквал крытыкі. Абаронца «Уфы» Канстанцін Пліеў расказваў, што яго каманда збіралася падарыць беларусу кіёк для сэлфі.
Журналіст сайта «Чэмпіянат» распавёў Тоці пра фэйл Лісаковіча і пацікавіўся, як увогуле падгадаць момант для асаблівага святкавання. І тут італьянец не сказаў нічога цікавага: «Калі ты забіваеш, то адзначаеш так, як лічыш патрэбным. І калі я рабіў сэлфі, і ў выпадку, калі яго [Лісаковіча] каманда вылецела, мы не маглі ведаць, як скончыцца гульня, святкуючы гол».