У «ПСЖ» з'явіўся рэген Нэймара – адзін з апошніх гульцоў гэтага віду ў сучасным футболе
Знаёмцеся, Дэзірэ Дуэ.
«Кожны кімсьці захапляўся. У мяне гэта быў Неймар, я натхняўся яго гульнёй», – сімвалічна, што гэтую фразу сказаў гулец, якога сёння ўвесь час параўноўваюць з бразільцам.
Яшчэ больш сімвалічна, што гэта адбываецца ў апошнім еўрапейскім клубе Неймайра. «ПСЖ» у спробах заханціць найлепшую французскую моладзь атрымаў вінгера надзвычай рэдкага для сучаснага футбола тыпажу – 19-гадовага Дэзірэ Дуэ, які праводзіць дэбютны сезон у Парыжы.
У 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў ён аформіў фантастычны гол у вароты «Астан Вілы» – гэта трэба бачыць.
Дуэ называюць рэгенам Нэймара – праз стыль гульні і вялікую колькасць фінтоў
Цяпер на найвышэйшым узроўні не так часта даводзіцца бачыць вінгераў, якія момантамі ставяць яскравасць/рызыку ў прыярытэт над эфектыўнасцю/рабатызаванасцю. На думку адразу прыходзяць хіба што Ламін Ямаль, Жэрэмі Даку, Ніка Уільямс і Вінісіус Жуніяр – аднак як мінімум тры апошнія з'яўляюцца больш просталінейнымі выканаўцамі, чым Дуэ.
Магчыма, гэта эфект юнага ўзросту, а з часам і Ламін з Дэзірэ прагнуцца і таксама стануць больш прагматычнымі ў імя выніку, але пакуль усё наадварот. Той жа Дуэ ў свае хвіліны карыстаецца дамінаваннем «ПСЖ» і прымушае афіцыйныя акаўнты Лігі 1 праводзіць паралелі з Неймарам.
Частка нарэзак – сапраўды эстэтыка, якую актыўна адзначаюць карыстальнікі сацсетак.
Зрэшты, гульня француза не абмяжоўваецца толькі спробамі патрапіць у хайлайты – яго нестандартныя рашэнні прыводзяць і да галоў/якасных дзеянняў каманды ў атацы.
Самы свежы прыклад – перформанс з «Сэнт-Эцьенам» у чэмпіянаце, дзе Дэзірэ аформіў дубль. Адзін з галоў стаў вынікам рашэння палезці адразу на траіх супернікаў.
Аднак галоўныя добрыя якасці вінгера – сітуацыі 1v1, асабліва на прасторы, і разразныя перадачы.
Параўноўваць з Неймарам пачалі даўно – яшчэ калі гуляў за «Рэн»
Гэты выбліск Дуэ – далёка не выпадковасць, а адзін з лагічных паступовых этапаў развіцця.
Талент заўважылі ў вельмі юным узросце. Дэзірэ ў свой час прыехаў на прагляд у «Рэн» разам з на тры гады старэйшым братам – ён уразіў скаўтаў настолькі, што клуб вырашыў нават пайсці супраць сваёй палітыкі «не падпісваць дзяцей маладзейшых за 9 гадоў».
💬 «Адразу было відаць, што ў яго топ-навыкі ў плане маторыкі рухаў. Вы адразу заўважаеце падобныя рэчы, калі ў каго яшчэ ў дзяцінстве прасочваецца неверагодны ўзровень кантролю мяча. Гэта кідаецца ў вочы, немагчыма такое прапусціць», – распавядаў адзін з трэнераў акадэміі.
Дуэ хутка праходзіў моладзевыя катэгорыі (у тым ліку быў лідарам у юнацкіх зборных Францыі), у 17 дэбютаваў за «Рэн», а да 19-годдзя (на момант пераходу ў «ПСЖ») меў 76 матчаў на дарослым узроўні. У камандзе тады ўпершыню загучалі параўнанні з Нэймарам, якія працягваюцца да гэтага часу.
💬 «Вы ведаеце Дэзірэ? Мы гулялі разам у «Рэне». Ён – выключны, нагадвае мне Неймара. Вось сапраўдны стыль Неймара. Гэта нібыта рэген. Я трэнаваўся з ім, калі яму было 17, і думаў «ох, з яго вырасце шалёны гулец», – так, напрыклад, пра вінгера згадваў абаронца «Тотэнхэма» Джэд Спенс.
«Гэта адзін з самых тэхнічных футбалістаў, якіх я калі-небудзь бачыў. Ён атрымлівае асалоду ад футбола, успрымае яго як гульню. На трэнінгах з ім асабліва цяжка – увесь час весяліцца. Але з малой колькасцю памылак! Дзякуючы выкрутлівасці і фантастычнай маторыцы», – словы экс-асістэнта трэнера ў «Рэне».
Што да трэнінгаў, то былы аднаклубнік Уінстан Андрэ таксама распавядаў, што Дуэ меў звычку перад заняткамі глядзець відэа трукаў Нэймара і пасля практыкаваць іх.
Самае галоўнае, што Дэзірэ адаптаваўся да дарослага футбола – рызыку ў сваёй гульні канвертаваў у карысць для каманды, што рэдка ўдаецца вінгерам яго ўзросту. У папярэднім сезоне ён у сярэднім часцей ішоў у паспяховы дрыблінг, чым Кіліян Мбапэ, а па колькасці дзеянняў, якія прыводзілі да галявых момантаў, у Еўропе апярэджваў Філа Фодэна і Рафу Леау. Таму зусім не дзіўна, што «ПСЖ» летам заплаціў ажно 50 мільёнаў еўра.
Статыстыка пацвярджае ўнікальнасць Дуэ – плюс ён стаў вельмі выніковым
У гэтым сезоне класныя лічбы дрыблінга/прасоўвання мяча нікуды не падзеліся – было б дзіўна, калі б ва ўмовах дамінуючага футбола Луіса Энрыке адбылося па-іншаму. У 19 гадоў Дэзірэ знаходзіцца сярод лідараў па ключавых для сваёй пазіцыі метрыках:
Яшчэ раз варта адзначыць – француз адаптаваны пад дарослы футбол і разумее, што не можа спадзявацца выключна на эфектныя праходы ці дрыблінг. Унікальнасці Дуэ дадае тое, што пры гэтых моцных баках у яго ёсць «канчатковы прадукт» – за 2300 хвілін у сезоне паспеў аформіць 10 галоў і 11 асістаў, а гэта выніковае дзеянне кожныя 109 хвілін.
💬 «Я памятаю, што вы яго крытыкавалі, а цяпер хваліце. Дуэ патрэбны быў час для адаптацыі. Я асабліва рады за яго. Манера нашай гульні дазваляе такім футбалістам раскрывацца», – звяртаўся нядаўна Энрыке да журналістаў.
Іспанец сапраўды шукае падыход да Дэзірэ і намагаецца даць неабходныя для прагрэсу ўмовы. Нягледзячы на вялікую канкурэнцыю, 19-гадовы вінгер атрымлівае свой час, а часам на новай пазіцыі – у цэнтры ў ролі «дзясяткі». Удаецца вытрымліваць і высокі ўзровень, напрыклад, у двух матчах з «Ліверпулем» у Лізе чэмпіёнаў, дзе пасля выхаду на замену Дуэ быў прыкметнай фігурай. А падкрэсліў гэта вырашальным ударам у серыі пенальці. Максімальна стрымана.
Зрэшты, асцярогі ўсё роўна ёсць – праз трансферную палітыку «ПСЖ»
У 2023-м выданне Goal сфармавала спіс самых таленавітых гульцоў свету, з таго часу штогод абнаўляючы інфармацыю пра іх развіццё. Першапачаткова пачыналі з апісання перспектыў:
💬 «Самая ўражлівая рэч – той факт, што ў свае 17 ён ужо валодае такімі фізічнымі якасцямі, каб змагацца з дасведчанымі гульцамі. Яго целасклад нагадвае Уэйна Руні, калі той вырываўся на перадавыя ролі ў АПЛ. Рэдкі выпадак, калі ёсць спалучэнне элегантнай тэхнікі і спартыўнага целаскладу».
Пакуль скончылі на этапе канстатацыі заслужанага пераходу ў «ПСЖ», дзе можна заззяць на ўсю Еўропу, а таксама дэбюту за дарослую зборную Францыі ў сакавіцкае акно.
Напрыканцы не без ноткі скептыцызму. Для паўнавартаснага росту Дэзірэ патрэбна рэгулярная гульнявая практыка, але няма гарантый, што ён у належнай колькасці будзе атрымліваць яе і надалей. У яго было як мінімум два сур'ёзныя канкурэнты на пазіцыі флангавых вінгераў (Усман Дэмбеле і Брэдлі Баркаля), а зімой дадаўся яшчэ і дарагі Хвіча Кварацхелія.
Цяпер гэта не крытычна, бо Дэмбеле пачаў гуляць форварда, але наўрад ці «ПСЖ» плануе доўгатэрміновы праект без чыстай дзявяткі – якую, верагодна, набудуць летам за вялікія грошы. Хіба Энрыке сапраўды да канца будзе верыць у Дуэ, шукаючы яму прымянення, няхай нават з эпізадычнымі пераводамі ў цэнтр поля.
Фота: інфаграфіка Tribuna.com, Victor Joly/Abaca Press, Matthieu Mirville/ZUMA Press Wire, DPPI Media