🤬 «Ты можаш быць або лайном, або ганарліўцам – але не ўсім адразу»: Анана разносяць за матч з «Ліёнам»
Дагаварыўся.
«МЮ» на выездзе не змог адолець «Ліён» у чвэрцьфінале ЛЕ – нічыя 2:2. Гэты матч быў не проста цэнтральнай шыльдай тура – цікавасць да яго павысіла публічная сварка кіпера «МЮ» Андрэ Анана і абаронцы «Ліёна» Нямані Маціча, які ў свой час таксама гуляў за «д'яблаў».
📌 Усё пачалося з каментара Анана, які можна звесці да такога выказвання:
«Вядома, гэта будзе нялёгка, але я думаю, што «МЮ» нашмат лепшы за «Ліён».
📌 На гэта публічна адказаў Маціч – выказаўся пра ўзровень «МЮ» і непасрэдна Анана:
«Калі ты адзін з найгоршых брамнікаў у гісторыі «Манчэстэр Юнайтэд», табе трэба быць больш асцярожным з тым, пра што кажаш. Калі б гэта гаварылі ван дэр Сар, Шмейхель або дэ Хеа – добра… але Анана, ён адзін з найгоршых».
📌 Кіпер «МЮ» пайшоў адказваць у Х (былы твітар) – пачаў мерацца трафеямі:
«Прынамсі, я выйграваў трафеі з найлепшым клубам свету. Некаторыя не могуць сказаць тое ж самае».
📌 У самім матчы абодва прапушчаныя галы «МЮ» здарыліся пры непасрэдным уплыве Анана. На 26-й штрафны «Ліёна» завяршыўся ўдарам Альмады, які Анана нейкім цудам не ўзяў:
А на 90+5-й пры ліку 2:1 на карысць «МЮ», адбіваючы ўдар «Ліёна», брамнік не падабраў своечасова мяч – да яго першым дабег Шэркі і зраўняў лік.
Так, журналіст The Athletic Адам Крафтан, які з'яўляецца вядомым фанатам клуба, спачатку здзекваўся з тактыкі Амарыма, укалоўшы брамніка:
«Юнайтэд» сапраўды трэба пяць абаронцаў І два апорнікі? Я б цалкам зразумеў двух брамнікаў, але два апорнікі – ❌».
А потым падсумаваў:
«Ты можаш быць або лайном, або ганарліўцам – але не ўсім адразу».
📌 Пост адной з фан-старонак «МЮ» з заклікам распаўсюдзіць яго, калі гатовыя заплаціць, каб пазбавіцца ад Анана, набраў ужо больш за тры тысячы рэтвітаў.
📌 Былі і яшчэ некалькі тэйкаў пра перформанс камерунца:
«Анана – самы смешны галкіпер у свеце».
«Не магу паверыць, што фаны «Ліёна» асвіствалі Анана ўвесь вечар. Ён быў іх найлепшым гульцом».
«Падумаць, што фаны «МЮ» бачылі ў Анана паляпшэнне ў параўнанні з Дэ Хеа – вар'яцтва».
«Пазбавіцца ад Дэ Хеа на карысць Анана было самай вялікай памылкай, якую мы зрабілі як клуб. Мы не можам далей прыкідвацца».
📌 Аднак большасць тэйкаў, скаргаў і мемаў, вядома, тычыліся сваркі з Мацічам:
«Маціч, калі ўбачыў Анана пасля гульні».
«Анана павінна быць сорамна. Хтосьці называе цябе найгоршым галкіперам – замест таго, каб заткнуць яго, ты даказваеш яго слушнасць. Ганьба табе».
«Анана: «Хейтары казалі, што я гэтага не змагу. І яны мелі рацыю. Калі шчыра, добрая думка ад хейтараў».
«Андрэ Анана не змог нават адказваць за словы даўжэй за 25 хвілін».
«Анана дае Мацічу паспяховы хейтвотч (прагляд матча з нянавісцю да кагосьці – заўв.) з лавы запасных».
📌 Былі і тыя, хто проста-такі расчараваўся ў Анана, хаця абараняў яго да матча:
«Змарнаваў апошнія два дні, баронячы Анана, і вось, што я атрымаў».
📌 Найгоршае, зрэшты, для камерунца – што нават статыстычныя парталы на баку крытыкаў. Вось, напрыклад, факт ад Squawka:
«Ніводны брамнік АПЛ не зрабіў больш памылак, якія прывялі да ўдару (12) або больш памылак, якія прывялі да гола (8), ва ўсіх турнірах з пачатку мінулага сезона, чым Андрэ Анана.
Няманя Маціч, магчыма, мае рацыю».
📌 Даказаць крытыкам і Мацічу зваротнае Анана зможа 17 красавіка ў матчы ў адказ на «Олд Трафард».
Калі, вядома, увогуле выйдзе на поле.
Фота: скрыншоты, The Independent