Кажуць, у «Дынама» ёсць больш таленавіты малады, чым Мельнічэнка: пры ім дрыблінг і добрыя стандарты, але здарылася непрыемнае
Чулі пра 16-гадовага Ягора Моўчана?
Апошнім часам людзі, звязаныя з мінскім «Дынама», актыўна нахвальваюць выхаванцаў сваёй акадэміі. Станіслаў Драгун, які не так даўно стаў яе куратарам, заяўляў пра запыты на неназваных дынамаўскіх юнакоў з іспанскага Д2, бундэслігі і нават АПЛ.
Дзякуючы двум іншым функцыянерам са структуры мінчукоў мы ўсё ж ведаем прозвішча самага перспектыўнага хлопца. У інтэрв'ю праекту «На банцы» Дзмітрый Лянцэвіч (былы галоўны трэнер дубля, сёння займаецца селекцыяй) і Павел Рыбак (трэнер старэйшай каманды ліцэнзавання) вылучылі 16-гадовага паўабаронцу Ягора Моўчана. Абодва сказалі пра шыкоўныя індывідуальныя якасці. Лянцэвіч увогуле заявіў, што Моўчан нават таленавіцейшы за Трафіма Мельнічэнку, які ўзімку аформіў пераход у дубль «Порту».
У структуры «Дынама» хлопец знаходзіцца ўжо не першы год, але на сайце клуба пазначана, што нарадзіўся ён у Магілёве. Нягледзячы на юны ўзрост, Моўчан мае досвед гульні на дарослым узроўні: у жніўні 2024-га, толькі адсвяткаваўшы 16-годдзе, ён дэбютаваў за другую каманду мінчукоў у першай лізе – выйшаў на паўгадзіны супраць лідара турніру «Маладзечна».
Сезон-2025 паўабаронца таксама распачаў у складзе дубля, паспеў правесці два матчы (90 хвілін супраць «Юні» і 60 – з акадэміяй АБФФ) без выніковых дзеянняў.
Моўчан добра праявіў сябе на сёлетнім Кубку Развіцця ў складзе зборнай U-17: быў капітанам, атрымаў узнагароду як найлепшы гулец турніра са статыскай 0+2 у 4 матчах. Годны выступ на турніры канвертаваўся у выклік у зборную U-19 на таварыскія сустрэчы з Кіпрам (1:1, 1:2), у якіх Моўчан адгуляў 33 і 45 хвілін адпаведна.
Юнак сапраўды вылучаецца асабістымі скіламі, асабліва дрыблінгам. Праўда, бачна гэта пакуль толькі на ўзроўні раўналетак. У фінальне Кубка Развіцця супраць Расіі U-17 Моўчан стварыў некалькі небяспечных момантаў, але перамагчы гэта не дапамагло (2:4). Вось тут, напрыклад, экс-футбаліст Міхаіл Гарнак, які каментаваў сустрэчу, не пашкадаваў кампліментаў на адрас суайчынніка і яго тэхнікі (эпізод сапраўды вельмі годны).
Тут юнак добра «кіўнуў» суперніка і працягнуў мяч амаль па самай лініі – перадачу на абвастрэнне не зрэалізаваў партнёр, але і зрабіць тое было складана.
А вось яшчэ адно змяшчэнне Моўчана з фланга ў цэнтр у фінальным матчы скончылася прыгожым голам у дзявятку – асіст на рахунку дынамаўскага таленту.
Яшчэ адна перавага Моўчана – добрае выкананне стандартаў, за якія ён адказваў цягам усяго турніра. Кутні з падачай на бліжнюю штангу ў матчы супраць бразільскай акадэміі на Кубку Развіцця скончыўся голам. Дзякуючы гэтаму зборная U-17 атрымала нічыю (1:1) і заняла першае месца ў групе, што дазволіла згуляць ва ўжо згаданым фінале.
Моўчан – гулец універсальны: можа выйсці як у цэнтры, так і на правым флангу паўабароны. Але асабліва добра ў хлопца атрымліваецца, як лічыць трэнер Лянцэвіч, менавіта на краю. У тэму – яшчэ адно выніковае дзеянне з мінулай восені супраць той жа Расіі U-17.
Але Лянцэвіч вылучае і слабыя бакі малодага талента: маўляў, той пайшоў «кудысьці не ў тым кірунку» ў параўнанні з мінулым годам, калі нібыта выглядаў больш яскрава:
– Пачаў у нейкі свой футбол гуляць. Атрымае мяч на правым паўфлангу, ссоўваецца ў цэнтр. То бок гульні ў штрафной няма, перадач на абвастрэнне няма, удараў, – упікаў Лянцэвіч.
А вось як гэты спецыяліст параўноўваў Моўчана з Трафімам Мельнічэнкам. З пераваг апошняга селекцыянер адзначыў большы аб'ём чарнавой працы: «Трафім, прабачце, падстаўляе дупу, зарабляе фалы». А вось Моўчан кантактнай барацьбы пазбягае.
– Ён працуе дадаткова. Напэўна, гэта добра. Але ў мяне такое адчуванне, што індывідуальныя трэнінгі яму здаюцца важнейшымі за камандныя. Трэба разумець, што яшчэ ёсць вучоба. Таксама добрае пытанне, як ён харчуецца і хто гэтыя нагрузкі кантралюе. Шмат трэнавацца – гэта добра, але трэба ведаць мяжу, – папярэджвае Лянцэвіч.
Пры гэтым трэнер зазначыў, што лічыць Моўчана больш таленавітым, чым Мельнічэнку.
Паміж гэтымі двума ёсць яшчэ адно адноснае падабенства – у характары. Вядома, што ў першага Мельнічэнкі ён быў складаным, вось і пра Моўчана крыху распавёў Лянцэвіч. Як згадвалася вышэй, у мінулым годзе хлопец адгуляў толькі два матчы за дубль у першай лізе, а пасля знік з заяўкі. Як расказвае Лянцэвіч, паміж клубам і юнаком узніклі «праблемы з кантрактам», які Моўчан падпісваць не меў ахвоты. Паводле звестак Tranfermarkt, цяперашняе пагадненне хлопца з «Дынама» дзейнічае з 1 студзеня па 31 снежня 2025 года.
У лютым трэнер юнацкай каманды «Дынама» Рыбак меркаваў, што ўжо ў бліжэйшы час Моўчана пачнуць падпускаць да асновы дарослай каманды. Але зараз такога варыянту развіцця падзей хутка чакаць наўрад ці варта.
Па-першае, клуб-чэмпіён мае больш дасведчаныя варыянты на пазіцыю: Яўгена Малашэвіча і Івана Бахара на правы фланг, Мікіту Дземчанку, Дзяніса Грачыху і Яўгена Шаўчэнку – у цэнтр поля.
Па-другое, Моўчан прапусціў апошнюю гульню дубля «Дынама» ў Д2, бо ў папярэднім матчы супраць акадэміі АБФФ атрымаў пашкоджанне – як сказаў каментатар, вылецела калена. Футбаліста вынеслі па-за межы поля на насілках – самастойна зрабіць ён гэтага не здолеў. У выніку Моўчан такі падняўся, але не мог ступіць на правую нагу – і сыходзіў з падтрымкай.
Галоўны трэнер дынамаўскага дубля Вячаслаў Герашчанка, калі яго запыталіся пра траўму, ніякіх дэталяў не паведаміў. А вось тэлеграм-канал «Вершы Малафеева», які першым звярнуў увагу на інцыдэнт з Моўчанам, сцвярджае, што ў гульца зламаная малая галёначная костка. Маці гульца ў каментарах да публікацыі піша, што тэрмін вяртання да трэнінгаў складае паўтара-два месяцы.