Канцэрт прыхільніка вайны, захапленне ротам Пуціна – гэта Вербніца сям'і Глеба, калі расіяне забілі 34 чалавекі ў Сумах
«Калі ласка, выратуйце маму» 💔
У нядзелю 13 красавіка, калі вернікі святкавалі Вербную нядзелю, расіяне зладзілі чарговае ваеннае злачынства. У сярэдзіне дня акупацыйныя войскі нанеслі ракетны ўдар па цэнтры ўкраінскага горада Сумы. У выніку загінулі 34 чалавекі, з якіх двое былі дзецьмі, больш за 100 атрымалі раненні. Яшчэ 11 пацярпелых, сярод якіх трое дзяцей, знаходзяцца ў цяжкім стане.
Кадры з месца трагедыі шакуюць. У другім відэа голас, падобны да дзіцячага, спалохана просіць выратаваць маці.
Не раім глядзець уражлівым.
Увечары таго ж дня ў Беларусі прайшоў канцэрт адкрытага прыхільніка вайны. Людзі ў сталічным «Палацы спорту» цешыліся выступам спевака Стаса Міхайлава.
Сярод гледачоў былі экс-футбаліст Аляксандр Глеб і яго жонка Святлана. Пара відавочна атрымлівала асалоду ад выступу чалавека, які ў 2022 годзе літаральна маліўся за здароўе салдат пуцінскай арміі.
13 красавіка на Расіі ніякіх афіцыйных каментароў з нагоды ракетнага ўдару па Сумах не прагучала. У той дзень прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, Дзмітрый Пяскоў, быў заняты іншымі справамі: катаўся на каньках на «юбілейным вечары» сваёй жонкі Таццяны Наўкі – 13 красавіка нараджэнка ўкраінскага Дняпра і былая фігурыстка зборнай Беларусі адсвяткавала 50-годдзе.
Святлана Глеба паспела парадавацца і з гэтай нагоды – тым, як пашыральнік расійскай прапаганды і хлусні выскачыў на лёд дзеля сваёй жонкі.
У панядзелак Пяскоў «ачуняў» і вярнуўся да звыклых спраў. На пытанне пра Сумы звыкла выдаў цалкам хлуслівы каментар, што Расія па грамадзянскіх аб'ектах не б'е:
– Я толькі магу паўтарыць і нагадаць вам неаднаразовую заяву нашага прэзідэнта і прадстаўнікоў нашых вайскоўцаў пра тое, што нашыя вайскоўцы наносяць удары выключна па ваенных і каляваенных мэтах.
Вядома, што сярод 34 загінулых падчас расійскай ракетнай атакі 13 красавіка было ўсяго некалькі вайскоўцаў, ды і тыя, як сцвярджаюць некаторыя крыніцы, былі такімі ж выпадковымі мінакамі, як іншыя. Пераважная колькасць загінулых – звычайныя людзі.